25 красавiка 2024, Чацвер, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кожны дзень прамаруджання з санкцыямі абыдзецца Еўропе занадта дорага

7
Кожны дзень прамаруджання з санкцыямі абыдзецца Еўропе занадта дорага
РЫГОР МЕЛАМЕДАЎ

Цяжка пераацаніць праблемы, якія стварае беларускі рэжым для Брусэля.

Захапляючыся адвагай беларусаў, еўрапейскія лідары ўсё ж не спяшаюцца ўводзіць супраць рэжыму Лукашэнкі сапраўды сур'ёзныя санкцыі, такія, напрыклад, як адключэнне беларускіх банкаў ад сістэмы SWIFT. Яны разглядаюць сітуацыю, галоўным чынам, у кантэксце палітычнай гульні з Расеяй і не ўлічваюць пагрозу з боку міжнароднай злачыннасці. Між тым, гэтая пагроза ўзмацняецца з кожным лішнім днём знаходжання беларускага дыктатара ва ўладзе.

Кіраўнік лукашэнкаўскага МЗС Уладзімір Макей на днях паспрабаваў шантажаваць Еўразвяз тым, што ў адказ на ўвядзенне эканамічных санкцый Беларусь спыніць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з наркотыкамі. Напраўду, ніякай сумеснай барацьбы з наркатрафікам у Лукашэнкі і Еўразвязу цяпер няма і быць не можа. Але факт заключаецца ў тым, што Беларусь пры існым рэжыме сапраўды з'яўляецца пагрозай для Еўропы ў плане пастаўкі смяротнага тавару. Чым даўжэй цягнецца агонія дыктатара, тым больш змрочныя перспектывы заходніх суседзяў Беларусі.

Яшчэ ў 2012 годзе афіцыйны Менск прызнаў, што за папярэднія пяць гадоў колькасць каналаў наркатрафіку з Усходу на Захад праз Беларусь вырасла амаль утрая. Толькі выяўленых каналаў налічвалася 45, а нявыяўленых, зразумела, у разы больш. У асноўным, гаворка ішла пра пастаўкі гераіну, метадону, амфетаміну, метамфетаміну.

У 2016 годзе тагачасны кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч прызнаўся, што краіна ператварылася з наркатранзіцёра ў буйнога спажыўца наркотыкаў. У 2019 г. начальнік Галоўнага ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі МУС Беларусі палкоўнік Генадзь Казакевіч заявіў, што становішча стала яшчэ больш небяспечным - Беларусь становіцца ўжо не толькі транзіцёрам і спажыўцом, але і вытворцам наркотыкаў.

Два гады таму «Дойчэ Веле» апублікавала журналісцкае расследаванне, з якога вынікала, што беларускія ўлады не перашкаджаюць кантрабандзе наркотыкаў, і фармальна існы закон аб барацьбе з адмываннем грошай наркамафіі ў краіне не дзейнічае.

Усе крыніцы называюць дзве прычыны такога становішча. Першая - адкрытая мяжа з Расеяй, а далей адкрытая расейска-казахстанская мяжа. Другая - наяўнасць у наркамафіі высокапастаўленых заступнікаў у спецслужбах Расеі і Беларусі.

Цяпер паглядзім, што адбываецца ў апошнія месяцы, бо вядома, што менавіта ў перыяды палітычнай нестабільнасці робяцца самыя вялікія брудныя грошы. Усе сілавыя структуры Беларусі кінутыя на падаўленне пратэстаў, яны больш не займаюцца сваімі прамымі абавязкамі. Сумленныя афіцэры, сапраўдныя спецыялісты масава звальняюцца праз нязгоду з рэжымам. Нават калі не звальняюцца самі, крыміналізаваная сістэма імкнецца пазбавіцца ад іх.

Сілавікі ў Беларусі сталі некіравальнай сілай, Лукашэнка ставіць сваіх генералаў правіць цэлымі рэгіёнамі замест ранейшай, грамадзянскай адміністрацыі. Натуральна, гэта вядзе да перадзелу сфер уплыву ў ценявой эканоміцы і кантрабандзе. Зразумела, сілавікі разумеюць, што Лукашэнка можа сысці ў любы момант, і хочуць паспець атрымаць максімум даходаў ад крымінальнага бізнэсу і, асабліва, ад наркагандлю – самай выгаднай крыніцы брудных грошай. А наркабароны не выпусцяць шанец завербаваць пабольш баевікоў з АМАПу і Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю - гэта значыць тых самых структур, якія зараз выконваюць карныя функцыі, бо ў сённяшніх радавых карнікаў няма перспектыў у постлукашэнкаўскай Беларусі.

Галоўная небяспека цяпер у тым, што пасля сыходу Лукашэнкі самай арганізаванай палітычнай структурай можа быць альянс сілавікоў і арганізаванай злачыннасці, як гэта ўжо ёсць у Расеі. І кантрабанда наркотыкаў будзе эканамічнай асновай такога альянсу. Цяжка пераацаніць праблемы, якія гэта стварае для краін Еўразвязу. Таму Еўропе не варта дабратліва чакаць, што Лукашэнка «і так рана ці позна сыдзе» і марнаваць час на другарадныя пытанні, накшталт чэмпіянату свету ў хакеі. Кожны дзень прамаруджання з эмбарга абыдзецца ёй у будучыні занадта дорага. Макей, у сутнасці, пацвердзіў гэта, сам таго не жадаючы.

Рыгор Меламедаў, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках