25 красавiка 2024, Чацвер, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Клімаў: Вырасла пакаленне людзей, у якіх няма савецкага гена страху

5
Андрэй Клімаў: Вырасла пакаленне людзей, у якіх няма савецкага гена страху
АНДРЭЙ КЛІМАЎ
ФОТА З САЙТА: NV-ONLINE.INFO

Псіхалогія моладзі моцна змянілася.

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, які ў 2005 годзе спрабаваў здзейсніць у краіне рэвалюцыю, параўнаў цяперашнія пратэсты з той сітуацыяй, што была пятнаццаць гадоў таму.

Андрэй Клімаў быў вядомым бізнэсоўцам і дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Пасля перамогі «аранжавай» рэвалюцыі ва Украіне ён абвясціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 года.

Улады разагналі арганізаваную ім 25 сакавіка акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, а пазней за гэтую акцыю Клімаў быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў.

- За цяперашнімі пратэстамі я назіраю, як кажуць, са сваёй званіцы, - кажа «Народнай Волі» Андрэй Клімаў. - Я быў аўтарам рэвалюцыі 2005 года, стаў гэтакім рэвалюцыянерам-камікадзэ. Пасля знікнення Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара прайшло не так ужо шмат часу, і мае сябры з сілавых структур у той час папярэджвалі, што рыхтуецца маё забойства. І нават расказалі, якім чынам яно спланаванае, таму я ўжываў максімальныя захады бяспекі.

Сёння, вядома ж, я спрабую знайсці аналагі паміж рэвалюцыяй пятнаццацігадовай даўніны і сённяшнімі падзеямі, ды не знаходжу.

Апошнія падзеі ў Беларусі чымсьці мне нагадваюць тое, што было напярэдадні маёй рэвалюцыі, - мітынгі прадпрымальнікаў, небяспечныя для ўладаў. Прадпрымальнікі - гэта структураваны сацыяльны пласт. Гэта людзі з прыватных прадпрыемстваў, са сваім светапоглядам, сямейныя, з грашыма. Адным словам, людзі, якія моцна стаяць на нагах, якія, магчыма, папрацавалі і ў дзяржаўных структурах.

У 2004 годзе, калі я абвясціў пра пачатак падрыхтоўкі рэвалюцыі, яна ў мяне рыхтавалася адкрыта і павінна была сімвалізаваць перамены. Рэвалюцыя палягала ў негвалтоўнай змене ўлады. Планавалася, што збярэцца блізу паўмільёна беларусаў, заблакуем дзяржаўныя будынкі і не будзем разыходзіцца датуль, пакуль улады не адновяць дзеянне ў краіне Канстытуцыі і закона.

Напярэдадні адбылася рэвалюцыя ва Украіне, беларусы бачылі, што адбылося на Майдане, і рэвалюцыйнае паветра не магло не перадацца. Народныя настрою бурлілі.

- Але поспеху ваша рэвалюцыя не мела...

- Былі, вядома, недапрацоўкі і моманты, якія мы не ўлічылі. Я казаў тады, што наша рэвалюцыя скіраваная не супраць Расеі, яна накіраваная выключна на аднаўленне законнасці ўнутры Беларусі.

Мы ні ў якім разе не збіраліся абвяшчаць вайну Расеі, расейскай мове і культуры. Але ў той жа час гэта мела і адмоўных характар, бо ў ЗША мая рэвалюцыя была ўспрынятая, як спроба Расеі ўзмацніць уплыў у Беларусі.

- Колькі тады людзей выйшла на вуліцу?

- Раней я думаў, што было блізу 50 тысяч чалавек, але паглядзеўшы на сённяшнія акцыі і агучаныя лічбы, думаю, што ў 2005 годзе тады на вуліцу выйшла 150-200 тысяч. І хачу сказаць, што мы тады вельмі моцна напалохалі Лукашэнку. Праўда, пасля гэтага адбыўся раскол у апазіцыі, і народныя хваляванні пачалі затухаць.

Цяпер у Менску людзей выходзіла з пратэстамі значна больш. Вырасла пакаленне, у якога няма савецкага гена страху перад дзяржавай. Яны яе ўспрымаюць не так, як мы, людзі старэйшага пакалення, якія жылі за жалезнай заслонай. А цяперашняя моладзь вырасла зусім у іншых умовах. Яны бачаць, як жывуць людзі за мяжой, з дзяцінства чытаюць навіны ў інтэрнэце і не глядзяць БТ. А перад Інтэрнэтам цэнзура нямоглая.

І вось гэтае пакаленне наогул нічога не баіцца, псіхалогія моладзі моцна змянілася. Тут сілавікі нямоглыя. Ніколі ты не адаб'еш жаданне ў дзіцяці засунуць пальцы ў разетку, пакуль гэтую разетку не закрыеш. Забаронены плод салодкі. Таму моладзь будзе пратэставаць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках