19 красавiка 2024, Пятніца, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У Ваўкавыску пратэстны патэнцыял велізарны»

5
«У Ваўкавыску пратэстны патэнцыял велізарны»
ФОТА З АРХІВА АЛЯКСАНДРА КОЗЕЛА

Экспедытар на Ваўкавыскім мясакамбінаце распавёў аб пратэстных настроях у горадзе.

Аляксандр Козел, які працуе экспедытарам на Ваўкавыскім мясакамбінаце, распавёў «Салідарнасці» пра пратэстныя настроі ў горадзе.

- Палітыкай я цікавіўся ўсё жыццё і сёлета стаў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Хацелася пайсці да людзей, даведацца, чым жыве Ваўкавыск. І да майго здзіўлення выявілася, што амаль усе хочуць пераменаў!

Я, напэўна, абышоў паўтары тысячы чалавек, і толькі адзінкі мне адкрыта сказалі, што іх усё задавальняе.

Я думаў, што ў Беларусі такія настроі магчымыя, але меркаваў, што гэта адбудзецца пазней - гадоў праз пяць, калі новае пакаленне запатрабуе рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў.

Не думаў, што ўсё так хутка адбудзецца.

Напэўна, людзей да актыўнай пазіцыі шмат у чым падштурхнуў каранавірус. Працую на буйным прадпрыемстве з колькасцю паўтары тысячы чалавек і бачыў рэакцыю людзей на словы Лукашэнкі аб каранавірусе, на плынь хлусні з тэлевізараў.

А потым людзей абудзілі арышты Ціханоўскага і Бабарыкі. Людзі сталі моцна абурацца, бо яны іх падтрымлівалі, ставілі подпісы за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты. Наколькі я ведаю, апошняга арыштавалі акурат, калі ён вёз здаваць подпісы з Ваўкавыска.

- Ці адбіваецца на пратэстных настроях жыхароў Ваўкавыска блізкасць горада да Польшчы?

- Безумоўна. Напэўна, кожны жыхар Ваўкавыска быў у Польшчы: выязджаў па прадукты, адзенне, вазіў салярку, працаваў ці вучыўся там. Кожны ведае, як жывуць у Польшчы і як маглі б жыць мы.

ФОТА: GAZETABY.COM

Многія памятаюць канец 80-х - пачатак 90-х, калі палякі прыязджалі да нас і змяталі з паліц усё запар. Людзі памятаюць: абодва народы былі аднолькава беднымі, і бачаць, наколькі мы адсталі ад іх.

Практычна ўся моладзь працуе ў Польшчы. Я сам паўтара года прапрацаваў там электрамантажнікам, хоць гэта была новая для мяне спецыяльнасць. Моладзь уцякае і забірае туды сям'і.

Я яшчэ дадаў бы, што адбіваецца спецыфіка Заходняй Беларусі. Як казала калісьці мая бабуля: савецкая ўлада не паспела развучыць нас працаваць. Тут многія самазанятыя і не разлічваюць на дапамогу дзяржавы, не мнуць капялюш перад уладай.

- З вашых уражанняў, як размеркаваліся на прэзідэнцкіх выбарах галасы выбарцаў у Ваўкавыску?

- З дакладнасцю да наадварот, як абвясціў Цэнтрвыбаркам: 80% на 20% на карысць Ціханоўскай.

Падчас перадвыбарчай кампаніі яна прыязджала з Калеснікавай і Цапкалай у Ваўкавыск - дык на мітынг у яе падтрымку сабралася амаль 4 тысячы чалавек. І гэта пры насельніцтве горада 40 тысяч. Ажыятаж быў шалёны!

ФОТА: VOLKOVYSK.BY

- Што адбывалася ў Ваўкавыску пасля выбараў?

- Агулам, падзеі развіваліся паводле таго жа сцэнару, як у Менску і іншых гарадах.

У першыя дні пасля выбараў людзі выходзілі на плошчу і сутыкаліся з жорсткімі затрыманнямі. Ізалятар часовага ўтрымання ў РАУС быў перапоўнены, людзей вазілі ў арыштны дом. Людзі, якія сядзелі там, распавядалі, што бачылі там і гарадзенскіх - вельмі моцна пабітых.

Пасля 9 жніўня кожную нядзелю ў Ваўкавыску праводзіліся маршы. Спачатку на іх збіралася вельмі шмат народу - паўтары-дзве тысячы чалавек.

Была сустрэча ля райвыканкама: выйшлі мэр, пракурор горада, кіраўнік РАУС і два дырэктары горадаўтваральных прадпрыемстваў - мясакамбіната і «Беллакта». Людзі задавалі пытанні з нагоды гвалту з боку сілавікоў. Дырэктар мясакамбіната нават сказаў, што хацеў бы быць на нашым баку (але гэта былі толькі словы: потым на прадпрыемстве за прагулы звольнілі супрацоўнікаў, якія спрабавалі зладзіць страйк).

На ўсе пытанні аб выбарах адказ быў адзін: яны прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Потым паступова вярнулася практыка затрыманняў. Спачатку падчас маршаў людзей выцягвалі з калоны, потым не давалі праводзіць акцыю на плошчы - ладзілі там хапун.

У выніку цяпер на акцыі прыходзіць некалькі дзясяткаў чалавек, людзі на плошчу нават не выходзяць - гэта азначае аўтаматычнае затрыманне.

Але людзі пачынаюць «партызаніць»: на сценах з'яўляюцца надпісы, вывешваюцца сцягі, нядаўна пад мостам павесілі пудзіла Лукашэнкі.

Было і скандальнае НЗ: спалілі аўтамабіль і недабудаваны дом супрацоўніка міліцыі, які здымаў на відэакамеру акцыі дэманстрантаў. Паводле яго відэа людзям прысуджалі арышты і штрафы.

У коле дэманстрантаў мы прыйшлі да высновы, што гэты падпал можа быць правакацыяй: справай рук сілавікоў і відавочна не ваўкавыскіх. Таму што крымінальны вышук дагэтуль прадаўжае браць тлумачэнні, амаль усе мітынгоўцы прайшлі паліграф.

Вымушаны быў з'ехаць у Нямеччыну з сям'ёй прадпрымальнік Аляксандр Навасад. Мы з ім пазнаёміліся, калі сталі сябрамі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. У яго быў бізнэс: дзве пераносныя міні-закусачныя. Пасля выбараў улады ў аднабаковым парадку не падоўжылі яму арэнду.

Пазіцыя ў Аляксандра была вельмі прынцыповая. Кожныя выхадныя ў яго быў ці штраф, ці арышт. З таго, што я ведаю, ён чатыры разы быў арыштаваны. Ледзь не кожныя выхадныя ля ягонага дома была міліцыя, затрымлівалі на ўсякіх падставах. Ён зразумеў, што жыцця яму ў Ваўкавыску не будзе.

- А вас як арыштавалі?

- Збіраўся ў рэйс, але прыйшла навіна пра смерць Ромы Бандарэнкі. Мы, некалькі дзясяткаў чалавек, выйшлі ў памяць пра яго з лампадкамі і свечкамі ў цэнтр горада. З'явілася шмат сілавікоў, нас акружылі.

Спачатку прапанавалі паехаць у РАУС. Такое ўжо было раней: гэта азначала, што праседзіш у міліцыі 3 гадзіны, а потым цябе выпусцяць. Але тут прыехаў начальнік РАУС Віталь Асоцкі. Відавочцы казалі, што вёў ён сябе дзіўна.

Супрацоўнікі міліцыі потым казалі, што самі не чакалі, што ён загадае ўсіх пасадзіць. Гэта было ў чацвер вечарам, у нядзелю нас выпусцілі. У мяне адміністрацыйны працэс будзе ў чацвер. У Ваўкавыску ўсё залежыць ад асобы суддзі: ёсць тыя, хто дае мінімальныя штрафы і арышты, а ёсць асобныя суддзі, якія выносяць максімальныя прысуды.

Тое ж самае ў міліцыі: многае залежыць ад асобы Асоцкага. Самі работнікі РАУС часам у здзіўленні ад ягоных дзеянняў. Калі ў маштабе Беларусі дыктатарам з'яўляецца Лукашэнка, то ў Ваўкавыску гэта Асоцкі. Такое ўражанне, што ў чалавека комплексы, і ён спрабуе давесці ўсім сваю моц.

ФОТА: GAZETABY.COM

- Калі параўнаць узровень пратэстных настрояў у Ваўкавыску да прэзідэнцкіх выбараў і цяпер, на канец лістапада, то яны зменшыліся або павялічыліся?

- Адназначна людзі сталі больш цікавіцца палітыкай. Цяпер амаль ва ўсіх усталяваны тэлеграм. На «Ваўкавыск для жыцця чат» падпісаныя больш за 5 тысяч чалавек, уяўляеце?

Калі прыязджаю на працу на мясакамбінат, заступае новая змена - усе размовы толькі аб існых палітычных падзеях.

Так што пратэстны патэнцыял велізарны. Калі нешта здарыцца, людзі зноў выйдуць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках