28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Адключэнне ад SWIFT стане бомбай для рэжыму

57
Эканаміст: Адключэнне ад SWIFT стане бомбай для рэжыму

Эканамічныя санкцыі супраць нелегітымнай улады будуць пашырацца.

Эканаміст Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах, у інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавёў, чаму і ў Еўропе, і ў Беларусі змянілася думка пра неабходнасць эканамічных санкцый, і патлумачыў, чым пагражае адключэнне краіны ад сістэмы SWIFT.

— Якая пазыцыя каманды Сьвятланы Ціханоўскай і ваша асабістая наконт магчымасьці ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму? У якіх сфэрах вы лічыце неабходнымі гэтыя санкцыі, у якіх маштабах? Ці павінны яны тычыцца толькі прадпрыемстваў, непасрэдна зьвязаных з рэжымам, ці яны павінны быць шырэйшыя, структурныя?

— Нелегітымны рэжым, які сёньня захапіў уладу ў Беларусі, вядзе, па сутнасьці, акупацыйную палітыку. Маштаб рэпрэсіяў супраць мірных грамадзян проста зашкальвае. Мы ўсе, у тым ліку штаб Сьвятланы Ціханоўскай, мусім бараніць свой народ ад рэпрэсіяў. Зразумела, рэжым мае манаполію на выкарыстаньне ўзброенай сілы ў краіне, мы ня можам супрацьстаяць АМАПу, спэцназу ці войску.

Таму мы шукаем іншыя мэханізмы легальнага ціску на рэжым. Дзеля таго, каб дамагчыся тых чатырох патрабаваньняў, якія агучваюць удзельнікі пратэстаў, страйкамы, шырокая грамадзкасьць — спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязьняў, пакараць злачынцаў, правесьці новыя свабодныя выбары.

Міжнародныя эканамічныя санкцыі, пра якія вы запыталіся, — гэта толькі адзін з элемэнтаў ціску. Ёсьць яшчэ ўнутраныя санкцыі — напрыклад, адмова ад набыцьця тавараў і паслугаў тых прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым. Гэта і пэрсанальныя санкцыі супраць тых, хто фальсыфікаваў выбары, рэктараў, якія звальнялі студэнтаў з палітычных матываў, дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія звальнялі сваіх супрацоўнікаў з палітычных матываў, кіраўнікоў сілавых структураў, ідэолягаў, супрацоўнікаў дзяржаўнай прапаганды, якія хлусяць і распальваюць варажнечу. Гэта і страйкі на прадпрыемствах, інфармацыйныя кампаніі.

Але мы маем і пазытыўны парадак дня, мы ня толькі працуем над ціскам на рэжым, але і ствараем праграмы падтрымкі для пацярпелых, і праграмы эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі, якія пачнуць дзейнічаць адразу пасьля вырашэньня палітычнага крызісу.

— Доўгія гады пытаньне эканамічных санкцыяў успрымалася нават сярод апазыцыйных палітыкаў і аналітыкаў вельмі неадназначна. Гаварылася пра тое, што санкцыі могуць прынесьці шкоду ня толькі набліжаным да ўлады бізнэсоўцам, але і звычайным людзям. Ці зьмянілася цяпер гэтая лёгіка, ці ёсьць цяпер пэўная еднасьць у стаўленьні да гэтай тэмы?

— Сапраўды, нават у мяне думка была іншая яшчэ 10 і 5 гадоў таму. Аднак сытуацыя зьмянілася, і цяпер усё больш разуменьня, што трэба супрацьдзейнічаць уладзе, у тым ліку праз сродкі эканамічных санкцыяў. Па-першае, таму, што ўзровень і масавасьць рэпрэсіяў непараўнальныя ні з чым, што было раней — зьдзекі, катаваньні, забойствы. Акрамя гэтага, улады самі зьнішчаюць беларускую эканоміку, зачыняюць малыя бізнэсы, якія далучыліся да агульнанацыянальнага страйку 26 кастрычніка. Частка бізнэсаў і грамадзянаў вымушаныя эміграваць.

Таму думкі экспэртаў і палітыкаў цяпер кансалідаваліся вакол таго, што санкцыі супраць рэжыму патрэбныя. Пытаньне ў тым, як найбольш эфэктыўна і правільна гэта зрабіць, каб мінімізаваць наступствы для людзей.

Моцным штуршком, які зьмяніў думку многіх палітыкаў на Захадзе, стала забойства Рамана Бандарэнкі. Пасьля гэтага забойства і ў цэлым за апошні час вельмі шмат беларусаў заклікаюць да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць рэжыму — раней такога не было.

— А ці не выказваецца адваротная думка — што ўвядзеньне сапраўдных эканамічных санкцыяў можа яшчэ больш азлобіць рэжым?

— Ужо ўзровень рэпрэсіяў настолькі высокі, што цяжка ўявіць, што азначае «азлабленьне». Масавае выкарыстаньне зброі супраць людзей? Мне цяжка ўявіць, што рэпрэсіі можна павялічыць, у параўнаньні з тым, што ёсьць, калі ўлады цягам дня могуць затрымаць звыш тысячы чалавек.

Трэба разумець, што разгортваньне санкцыяў — гэта паступовы і пакрокавы працэс. Спачатку ідзе непрызнаньне ўлады, яе легітымнасьці. Мы гэты этап прайшлі, большасьць краінаў Эўропы, ЗША, Канада не прызналі легітымнасьць дзейнай улады. Наступны этап — пэрсанальныя санкцыі супраць асобных чыноўнікаў, гэта таксама ўжо ёсьць. Трэці этап — гэта ўжо кропкавыя эканамічныя санкцыі, у тым ліку замарожваньне супрацы зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, замарожваньне рахункаў гэтых прадпрыемстваў за мяжой.

Мы толькі пачынаем гэты трэці этап. Эўракамісія цяпер дэталізуе пакет эканамічных санкцыяў, гэты працэс працягваецца. Калі рэпрэсіі будуць працягвацца, а кропкавыя эканамічныя санкцыі ня будуць даваць вынікаў, то магчымы пераход да больш глябальных санкцыяў, паўсэктаральных — напрыклад, забарона фінансаваньня дзяржаўных банкаў, альбо нават сэктаральныя (адключэньне Беларусі ад сыстэмы SWIFT).

— Часам кажуць, што Захад можа вельмі хутка абваліць беларускую эканоміку, калі перастане, напрыклад, купляць беларускія нафтапрадукты. Гэта сапраўды быў бы абвал беларускага бюджэту працэнтаў на 30, ня менш. Ці мо жа дайсьці да такога?

— Экспарт нафты і нафтапрадуктаў зь Беларусі ў 2019 годзе склаў амаль 6 мільярдаў даляраў, і збольшага гэта экспарт у краіны ці праз краіны Эўразьвязу. Таму, сапраўды, нават адзін такі санкцыйны крок вельмі моцна і хутка ўдарыў бы па эканоміцы. Бо Беларусь ня можа эфэктыўна перанакіраваць гэтыя плыні некуды ў іншыя рэгіёны. І я думаю, што пагроза такіх санкцыяў магла б зьмяніць рэпрэсіўную палітыку рэжыму ўнутры Беларусі.

— Аднак ці можа пагроза рэальных эканамічных санкцыяў спыніць рэпрэсіі ў Беларусі? Дасюль Менск, здаецца, проста ня верыць, што Захад можа пайсьці на рэальныя эканамічныя, а ня толькі пэрсанальныя санкцыі.

— Раней у дачыненьні да Беларусі эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу, па сутнасьці, не было. Цяпер сытуацыя іншая. У краінах Эўразьвязу ёсьць кансэнсус наконт таго, што неабходна рэагаваць на тую акупацыйную палітыку, якую праводзіць рэжым у Беларусі. Эўразьвяз ужо заявіў пра трэці пакет санкцыяў, пры гэтым падкрэсьліўшы, што больш ніводзін эўра ня трапіць беларускім дзяржаўным органам улады.

А гэта даволі вялікія сумы. У 2019 годзе Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця і Эўрапейскі інвэстыцыйны банк рэалізавалі альбо пачалі рэалізацыю ў Беларусі праектаў на 800 мільёнаў даляраў. Напрыклад, на мадэрнізацыю дарожнай інфраструктуры, гарадзкіх ачышчальных станцыяў, энэргетычныя і экалягічныя праекты. Гэта праекты доўгатэрміновыя, якія сапраўды спрыяюць паляпшэньню жыцьця беларусаў. Каля 30 мільёнаў эўра складала грантавая (бязвыплатная) дапамога Беларусі з боку Эўракамісіі. Цяпер гэтых грошай ня будзе. Таму гэты эканамічны ціск ужо адчувальны. І калі рэпрэсіі ў Беларусі будуць працягвацца, то эканамічныя санкцыі будуць пашырацца і паглыбляцца.

— Асобныя дыскусіі выклікае ідэя з адключэньнем Беларусі ад банкаўскай сыстэмы SWIFT. Нават некаторыя самыя апазыцыйныя да рэжыму людзі выказваюць нязгоду з гэтай ідэяй. Патлумачце, што гэтае адключэньне можа азначаць на практыцы?

— SWIFT — гэта найбольш папулярная сыстэма міжнародных аплатаў. Яе адключэньне вяло б да блякады розных міжнародных пераводаў, і па імпарце-экспарце, і па прыватных тратах грамадзянаў. Гэта вельмі сур’ёзна, і ў міжнароднай практыцы здараецца вельмі рэдка. У сьвеце гэта адбылося з Іранам і Паўночнай Карэяй. Для Беларусі гэта вельмі далёкая пэрспэктыва, я б не сказаў, што гэта пытаньне найбліжэйшага часу.

Адключэньне SWIFT — гэта як ядзерная бомба ў банкаўскай сфэры. Гэта можа выкарыстоўвацца ў самую апошнюю чаргу, калі ўсе іншыя мэханізмы ўжо не працуюць. Маю на ўвазе, што калі беларускі рэжым яшчэ ўзмоцніць рэпрэсіі, то нельга выключыць і такі крок. Гэта павінна заставацца як пагроза для рэжыму і як абарона для беларускага грамадзтва. Бо тая самая ядзерная зброя для многіх краінаў — не для таго, каб яе выкарыстоўваць, а для таго, каб яе ніхто ня змог прымяніць. Таму пагроза адключэньня Беларусі ад SWIFT — у пэўным сэнсе такая абарона.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках