19 студзеня 2021, aўторак, 11:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэты для новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі: нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні

13
Мэты для новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі: нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні

Канадскія палітыкі гатовыя абмяркоўваць эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менска.

У супольных дзеяннях з Еўрапейскім Звязам Канада 6 лістапада ўключыла яшчэ 13 беларускіх чыноўнікаў у свой санкцыйны спіс. Агульная колькасць патрапілых у «чорны спіс» складае 55 чалавек. У гэты спіс уваходзяць дыктатар Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Віктар, піша рэдактар канадскага выдання New pathway (пераклад - Charter97.org) Марка Лявіцкі.

Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя ў адпаведнасці з Законам аб адмысловых эканамічных захадах (Special Economic Measures Act) і накладаюць забарону на падпісанне ўгодаў і замарожванне актываў для пералічаных асоб.

Патрапілыя пад санкцыі таксама не дапускаюцца ў Канаду ў адпаведнасці з Законам аб іміграцыі і абароне ўцекачоў (Refugee Protection Act). Наколькі эфектыўнымі будуць гэтыя захады, яшчэ невядома. Па-першае, мы не ведаем пра сувязі гэтых людзей з Канадай. Па-другое, Лукашэнка ніколі не быў у Канадзе і, імаверна, ва ўсякім выпадку не збіраецца яе наведаць. Такім чынам, у чым сэнс?

Падчас відэаканферэнцыі Minsk Center 16 кастрычніка, міністр замежных спраў Франсуа-Філіп Шампань сам прызнаў, што санкцыі Канады «ў значнай ступені сімвалічныя». І калі паглядзець на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, уведзеныя cанкцыі не маюць ніякага значэння. Што сапраўды неабходна, дык гэта ударыць па даходах Лукашэнкі. Калі ў яго скончацца грошы, ён не зможа плаціць сваім сілавікам, а калі ён ім не заплаціць, яны яго кінуць. Тады ў яго не будзе іншага выбару, акрамя як бегчы ў Расею, як Януковіч бег з Украіны ў 2014 годзе.

Што мы сапраўды ведаем, дык гэта тое, што нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні складаюць асноўную частку беларускага экспарту і, такім чынам, з'яўляюцца найбуйнейшай крыніцай валютных рэзерваў для Лукашэнкі. Вядома, Уладзімір Пуцін можа ў некаторай ступені субсідаваць Лукашэнку, але гэта таксама мае свае межы. Эканоміка Расеі таксама моцна пацярпела ад санкцый, падзення сусветных коштаў нафты і пандэміі COVID-19. Больш за тое, сырая нафта, якую Беларусь перапрацоўвае ў нафтапрадукты на двух сваіх заводах, пастаўляецца па трубаправодзе з Расейскай Федэрацыі. Такім чынам, байкот беларускіх нафтапрадуктаў будзе мець дадатковы эфект ад скарачэння даходаў, якія Масква атрымлівае ад здабычы сырой нафты.

Што тычыцца калійных угнаенняў, Беларусь з'яўляецца другім па велічыні вытворцам у свеце са здабычай 7 мільёнаў тон на год. Беларуская калійная кампанія з'яўляецца найбуйнейшым галіновым аператарам краіны. У «Беларуськалія» шэсць шахтаў і чатыры перапрацоўчыя заводы. Расея, дарэчы, з'яўляецца сусветным вытворцам нумар тры.

І хто нумар адзін? Канада. Канадская калійная прамысловасць складаецца з 11 шахт, 10 з якіх знаходзяцца ў Саскачэване і адна ў Нью-Брансвіку. Такім чынам, усякі байкот беларускага экспарту калійных угнаенняў павысіць сусветны кошт гэтага прадукту. А гэта значыць - больш даходаў для канадскіх вытворцаў калійных угнаенняў.

Цяпер цалкам відавочна, што для таго, каб быць эфектыўнай, Канада павінна дзейнічаць узгоднена са сваімі хаўруснікамі, напрыклад, з Еўрапейскім Звязам, які вядзе значна большы гандаль з Беларуссю. Сілай замежнай палітыкі Канады заўсёды была яе рэпутацыя «сумленнага пасярэдніка».

Апазіцыйныя канадскія дэпутаты з Эдмантана Майкл Купер з Кансерватыўнай партыі і Хезер Макферсан з «Новых дэмакратаў» заявілі, што абодва адкрытыя для прапаноў што да эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Як сказаў Купер: «Улічваючы, што сітуацыя ў Беларусі пагоршылася, найбольш мэтазгодна ўжыць значна больш важкія абмежавальныя захады супраць рэжыму Лукашэнкі і, у сувязі з гэтым, нацэльванне на прадпрыемствы, якія ўзбагачаюць Лукашэнку і ягоных паслугачоў, павінна быць часткай гэтага».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».