20 красавiка 2024, Субота, 1:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вадзім Іосуб: Адключэнне ад SWIFT нанясе магутны ўдар па рэжыме

8
Вадзім Іосуб: Адключэнне ад SWIFT нанясе магутны ўдар па рэжыме
Вадзім Іосуб

Беларускія ўлады толькі тым і займаюцца, што «страляюць» сабе ў нагу або ў галаву.

Цяпер адбываецца абмеркаванне заходніх санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі – ужо дзейных і толькі абмеркаваных. Гучаць самыя сур'ёзныя прапановы. Адключыць, напрыклад, банкаўскую сістэму нашай краіны ад SWIFT.

Наколькі гэта рэальна і ці магчыма ўвогуле, адказвае старэйшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб, пішуць «Свабодныя навіны плюс».

– Пра тое, што сістэма SWIFT дапамагае банкам адной краіны перавесці грошы ў банкі іншай, ведаюць вельмі многія беларусы, але што канкрэтна для нас азначае яе адсутнасць?

– Перш за ўсё, немагчымасць адпраўкі і атрымання міжнародных плацяжоў у замежных валютах – далярах і еўрах. Гэта значыць, ніхто не зможа адправіць грошы, ніхто не зможа іх атрымаць. Безумоўна, гэта вельмі моцны ўдар па рэжыме.

Гэта наймагутнейшы ўдар па ўсёй эканоміцы. Усе беларускія імпарцёры, якія хочуць нешта набыць за мяжой, зрабіць гэтага не змогуць. А экспарцёры нічога не змогуць прадаць у іншыя краіны.

Адразу ж абмоўлюся, хутчэй за ўсё, падобная забарона не закране разлікі з Расеяй, калі яны будуць праводзіцца ў расейскіх рублях. Пры жаданні тут можна стварыць сваю сістэму банкаўскіх разлікаў. Калі расейцы захочуць так разлічвацца, то рубель можа быць і беларускім. У чым асабіста я вельмі моцна сумняваюся...

– Ці былі ў гісторыі прэцэдэнты адключэння краінаў ад SWIFT?

– Так, былі.

У свой час ад сістэмы SWIFT былі адключаныя банкі Паўночнай Карэі і часткова банкі Ірана. У абодвух выпадках гэта была рэакцыя на стварэнне (або пагрозу стварэння) зброі масавай паразы і фінансаванне тэрарызму.

Пытанне адключэння ўсплывала і абмяркоўвалася ў дачыненні да Расеі. Пасля Крыма і Данецка з Луганскам. Але тады заходнія краіны так і не адважыліся нешта рэальнае зрабіць.

Зыходзячы з прэцэдэнтаў, здаецца малаверагодным, што гэта будзе ўжыта і да Беларусі.

– У прынятых санкцыях гучыць фраза пра арышт замежных рахункаў канкрэтных асобаў. Наколькі рэальная гэта пагроза? Ёсць што арыштоўваць?

– Увогуле гэта стандартная працэдура персанальных санкцый. Разам з забаронай на ўезд заўсёды ідзе арышт рахункаў, калі гэтыя рахункі будуць выяўленыя. Хутчэй за ўсё, у тых, хто трапляе ў санкцыйныя спісы, такіх рахункаў няма. Прынамсі, калі мы гаворым пра нейкія сілавікоў, кіраўнікоў праваахоўных органаў.

Тэарэтычна яны маглі б быць у набліжаных да ўлады бізнэсмэнаў, але, па-мойму, пад персанальныя санкцыі яны яшчэ не патрапілі. Думаю, так званыя «гаманцы рэжыму», баючыся гэтых самых санкцый (калі ў іх рахункі і былі), даўно ўсё перавялі і ліквідавалі. Асабіста я не чуў, каб у каго-небудзь з беларусаў, хто трапіў пад персанальныя санкцыі, нешта выявілі і арыштавалі.

– Ці не з'яўляецца самастрэлам тое, што ўлады арыштоўваюць або спісваюць грошы з рахункаў тых, каму дапамагаюць розныя фонды? Ці можна гэтае глупства неяк апраўдаць?

– На мой погляд, апошнія паўгода беларускія ўлады толькі тым і займаюцца, што «страляюць» сабе ў нагу або ў галаву. Гэта не першы і, баюся, не апошні раз. Пра прававы дэфолт гавораць усе вакол. Уладамі не толькі не выконваецца міжнароднае права, але ігнаруюцца і беларускія законы. У тым ліку і права ўласнасці.

Грошы, пераведзеныя на рахунак, належаць уладальніку гэтага рахунку. У Беларусі пазбавіць іх можа толькі суд. Фактычна ж грошы забіраюць не ў выніку прысуду суда, а проста пасля нейкага ўказання.

У банкаў, якія выконваюць арышт сродкаў, няма ніякага выбару. Атрымліваючы такія ўказанні ад праваахоўнікаў, яны не могуць правяраць іх законнасць і абгрунтаванасць. Яны павінны выконваць.

Таму вінаваціць банкі, напэўна, нельга. Вінаватыя тыя, хто гэтыя лісты складае і адпраўляе банкірам.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках