19 красавiка 2024, Пятніца, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У фашыстаў былі газавыя камеры, у нас кавідныя»

9
«У фашыстаў былі газавыя камеры, у нас кавідныя»

Журналіст і музыкі гурта «Рэха» расказалі пра ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання.

Людзі, якія вяртаюцца пасля арышту, масава хварэюць на каранавірус. Адміністрацыя турмаў не ўжывае ніякіх захадаў засцярогі - у Баранавічах у перадачах для зняволеных не прымаюць нават масак. «Радыё Свабода» паразмаўляла з людзьмі, якія захварэлі на COVID-19.

У Баранавічах у перадачах не прымаюць масак.

Журналіст Арцём Лява вызваліўся ў панядзелак з Баранавіцкага ізалятара часовага ўтрымання пасля 15 дзён арышту. Адчувае сябе дрэнна.

За 15 дзён ён прайшоў тры ізалятары: жодзінскі, акрэсцінскі і баранавіцкі. Перавозілі арыштантаў у аўтазаках, як «селядцоў у бочцы», кажа ён.

«З Жодзіна на Акрэсціна везлі ў аўтазаку з адсекамі. Я быў у бакавой клетцы на двух чалавек, а нас па трое запіхвалі. Духата, замкнёная прастора, няма чым дыхаць. У Жодзіне ў камеры удвая больш людзей, чым нараў. У Баранавічах нас было 100 чалавек у камеры на 10 чалавек.

Умовы ў Баранавічах жудасныя - стары будынак савецкіх часоў, звараныя з крывых куткоў і пласцін жалезныя нары, волкасць. Вады гарачай не было, падлога бетонная. У душ адвялі адзін раз за 15 дзён. Памяшканне-сутарэнне, акно на ўзроўні зямлі.

Якая была маска на чалавеку, калі яго забралі, з той і хадзіў. У Менску, дарэчы, маскі ў перадачах дазвалялі. А ў Баранавічах мама таксама спрабавала перадаць маскі - не прынялі», - кажа Арцём.

«Турэмных лекараў трэба караць за халатнасць»

Праз пару дзён адзін з дзевяцярых сукамернікаў Арцёма захварэў, пачаў моцна кашляць, у яго раптоўна знік нюх. Хлопцы даводзілі доктару, што прастуджаныя ўсе, але ў гэтага чалавека канкрэтныя сімптомы COVID-19. Але доктар не прарэагаваў на скаргі.

«Доктар памераў тэмпературу, сказаў, што тут усе кашляюць. Удзень забаранялася ляжаць - матрацы згортваюцца, закідваюцца наверх - і сядзі на лавах каля сцен, нават калі дрэнна сябе адчуваеш. Святло гарыць усю ноч - уявіце, як цяжка хвораму чалавеку.

На маю думку, турэмных лекараў трэба караць за халатнасць - яны проста ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе вялікай колькасці арыштаваных. Ніякіх захадаў пры пандэміі не рабілі наогул.

Наш лекар настолькі абыякавы і чэрствы! Прасілі ў яго дазволіць кіпеню больш, бо людзі сапраўды дрэнна сябе адчувалі - ён не дазволіў. Крымінальнікам, дарэчы, дазвалялі кіпяцільнікі, нам - не», - абураецца Арцём.

Самымі чалавечнымі апынуліся «баландэры» - людзі, якія разносілі ежу. Калі «палітычныя» прасілі іх даліць больш гарбаты, бо людзі хварэюць, яны заўсёды давалі больш, успамінае Арцём.

Сам ён хварэе ўжо чатыры дні. Спачатку быў кашаль, слабасць. У апошні дзень у ізалятары страціў нюх.

«Мыла дзягцярнае страшна смярдзіць, а я не адчуваю паху. Учора раніцай знарок нюхаў шампунь дзягцярны, а ў яго пах наогул жудасны - таксама «па нулях». Паху дэзінфектара не адчуваю.

Цяпер разумею, што гэта сур'ёзная хвароба. Нібыта і дома ўжо начаваў, але цярпеў, амаль не спаў. Баліць горла, цяжка дыхаць, кашаль забівае», - распавядае Арцём Лява.

Ён ужо запісаўся на тэст і на прыём да лекара ў сваёй паліклініцы. Калі распавёў, адкуль вярнуўся, у паліклініцы паставіліся з разуменнем. Адзіная была ўмова, каб сам прыйшоў на прыём, а не лекар да яго дадому.

Захварэлі ўсе музыкі гурта «Рэха», адзін у шпіталі

«Спачатку ўсе чацвёра музыкаў апынуліся ў адной камеры на Акрэсціна. Потым Кастуся Лісецкага і Лёню Паўленку адправілі ў Жодзіна, я ўсе 15 дзён адседзеў на Акрэсціна. Лёня захварэў, Кастусь наогул трапіў у лякарню. Я таксама дрэнна сябе адчуваю, збіраюся здаць тэст на каранавірус» - распавёў Андрэй Такінданг.

Кастусь Лісецкі ўжо 10 дзён ляжыць у Магілёўскай абласной лякарні з двухбаковай пнеўманіяй і COVID-19. Падазрае, што падхапіў вірус у Жодзіне.

«У камеры было 10 чалавек, і ў многіх былі ўсе прыкметы каранавіруса: кашаль, людзі не адчувалі паху, а медыцынскай дапамогі наогул не было, у найлепшым выпадку маглі даць таблеткі, якія перадавалі ў перадачах. Больш нічога», - кажа Кастусь пра жодзінскую турму.

Пасля шпіталя давядзецца даседжваць тэрмін

З Жодзіна Кастуся Лісецкага перавялі ў Магілёў. А там лекары яму трапіліся адказныя. Калі адчуў, што ў яго гарачка, паклікаў фельчара, той памераў тэмпературу і адразу ж выклікаў хуткую дапамогу.

«Праз гадзіну прыехала «хуткая», тэмпература была 38,5. Паслухалі і адразу сказалі, што ў мяне дакладна пнеўманія. Забралі ў абласную лякарню, цяпер яна забітая пад завязку. 10 дзён таму ў маім аддзяленні было 37 чалавек, цяпер - 70.

Адразу прызначылі антыбіётыкі, гарманальны прэпарат. Зрабілі спачатку экспрэс-тэст, потым ПЦР - пацвердзіўся каранавірус. Кампутарнай тамаграфіі не рабілі, толькі здымак - яшчэ і пнеўманія.

Цяпер адчуваю сябе больш-менш нармальна. Але ў турме было вельмі дрэнна, я быў, як гародніна: калі б не выклікалі «хуткую», не ведаю, што было б. У фашыстаў былі газавыя камеры, у нас кавідныя», - уздыхае Кастусь Лісецкі.

Ён кажа, што вельмі дапамагаюць валанцёры, а таксама мясцовая абшчына Таварыства беларускай мовы - прыносяць перадачы, кнігі.

Да панядзелка музыку сапраўды будуць трымаць у шпіталі. А потым, хутчэй за ўсё, яму давядзецца даседжваць другую палову тэрміну - яшчэ 7 дзён.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках