24 красавiка 2024, Серада, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пайшла з жыцця прафсаюзная лідарка Марыя Аліева

6
Пайшла з жыцця прафсаюзная лідарка Марыя Аліева
ФОТА: IHAR BARYSAU/FACEBOOK

Яна стала адным з сімвалаў пратэстнай Серабранкі.

Марыя Аліева нарадзілася ў 1953 годзе і ўвайшла ў найноўшую гісторыю Беларусі як прафсаюзная дзяячка і лідарка жаночага руху, паведамляе «Радыё Свабода».

Яна працавала на Менскім маторным заводзе, Менскім электратэхнічным заводзе. Затым стала намесніцай Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў, а з 1995 да 1999 узначальвала Свабодны прафзвяз Беларускі.

Была сябрам партыі БСДП (Грамада).

Пра смерць Марыі паведаміў у «Фэйсбуку» кіраўнік партыі БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.

З ягоных звестак, Марыі стала дрэнна падчас размовы праз тэлефон. Яе спрабавалі рэанімаваць, але не атрымалася.

«Для новай хвалі яна стала адным з сімвалаў пратэстнай Серабранкі. Яе шмат хто ведаў і прыслухоўваліся да яе слоў, яна ўмела матываваць людзей...яе кватэра стала фактычным штабам мікрараёна. Да яе асабіста прыходзілі міліцыянты, каб дамаўляцца, бо ведалі, каго будзе слухаць народ і за кім ён пойдзе.

Марыя Рыгораўна не прапускала і маршы пенсіянераў...Толькі яе вясёлае прывітанне АМАПа «Хлопчыкі, Жыве Беларусь!» яны, сціснуўшы зубы, адказвалі: «Жыве!». Яе моцна ўсхваляваў і раз'ятрыў факт атрымання пратаколу, які быў складзены на яе дачку за ўдзел у мітынгу 25 кастрычніка. Дачку абвінавачвалі на падставе вядомага арт.23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу...З гэтым перажываннем яна не справілася...»

У 1999 годзе Марыя Аліева ўзначаліла Беларускую арганізацыю працоўных жанчын. Адной з першых запамінальных жаночых акцый з яе ўдзелам стаў «Марш пустых рондаляў» у 1999 годзе.

Вось як пра яе ўзгадвае кіраўніца арганізацыі «Гендэрныя перспектывы» Ірына Альхоўка.

«Маша - першае пакаленне жанчын-лідараў у Беларусі. Памятаю яе вельмі шчырай, добрай да людзей. Маша любіла людзей, даравала ім шмат, патрабавала шмат ад сябе і ад іншых. Была прамалінейнай, казала, што думала. Самародак, мы разам усяму вучыліся, - кажа Ірына. - Яна думала пра свабодную Беларусь, незалежную краіну, пра тое, каб людзей не каралі за іх погляды. Мяне зусім не здзівіла, што яна ўдзельнічае ў Маршы пенсіянераў, яна нешта тлумачыла. Гэта была яна, сапраўдная Маша».

Рэдакцыя сайта Charter97.org прыносіць шчырыя спачуванні родным і блізкім Марыі Аліевай.

Развітанне з Марыяй Аліевай адбудзецца ў чацвер 26 лістапада з 10:00 да 11:00 у Доме смутку (Менск, вул. Куляшова, 12).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках