17 студзеня 2021, Нядзеля, 12:03
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці «фенаменальна падобнай» да Пуціна дзяўчыны стала мільярдэркай

18
Маці «фенаменальна падобнай» да Пуціна дзяўчыны стала мільярдэркай
ФОТА: ALEKSEI NIKOLSKY/KREMLIN (AP)

Яна стала суўладальніцай банка сябра прэзідэнта РФ.

Старая знаёмая прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Святлана Крываногіх валодае доляй ў банку «Расія», асноўным акцыянерам якога з'яўляецца сябар прэзідэнта. Акрамя таго, ёй належыць гарналыжны курорт, дзе ў 2013 годзе праходзіла вяселле Кацярыны Пуцінай, і культурны цэнтр у цэнтры Санкт-Пецярбурга. У 2003 годзе Крываногіх нарадзіла дзяўчынку, «фенаменальна падобную» на Пуціна. Пра гэта піша ў сваім расследаванні выданне, «Проект».

Паводле звестак «Проекта», Крываногіх пазнаёмілася з Пуціным у канцы 1990-х. Тады ж яна пераехала з камунальнай кватэры, а неўзабаве ўладкавалася ў банк «Расія». Ён належыць старому сябру Пуціна - Юрыю Кавальчуку. Да 2007 года Крываногіх стала суўладальнікам банка, атрымаўшы 3,6 адсотка яго акцый. На пачатак 2019 года яе долю ў арганізацыі можна было ацаніць на 800 мільёнаў рублёў.

Крываногіх таксама належыць гарналыжны курорт «Ігора», размешчаны ў 40 кіламетрах ад дачнага кааператыва «Возера», заснаванага Пуціным і ягонымі сябрамі ў сярэдзіне дзевяностых гадоў. Пуцін катаўся на курорце і быў на яго адкрыцці. Там у 2013-м святкавала вяселле ягоная дачка Кацярына Ціханава. 25 адсоткаў курорта належыць Кавальчуку з жонкай, хоць менавіта банк, які належыць яму, быў ключавым інвестарам курорта, адзначае «Проект».

Усю маёмасць і бізнэс-актывы сям'і Крываногіх, выяўленыя журналістамі, можна ацаніць на 7,7 мільярда рублёў, або прыкладна 100 мільёнаў даляраў. Пры гэтым следчыя знайшлі сувязі яе актываў з сябрам Пуціна віяланчэлістам Сяргеем Ралдугіным, рэктарам Горнага ўніверсітэта Уладзімірам Літвіненкам, дзе прэзідэнт абараняў дысертацыю, і старым знаёмым Пуціна Алегам Рудновым.

Знаёмыя Пуціна з дзевяностых адмовіліся размаўляць з «Проектам» аб Крываногіх. Прычынай такой таямнічасці можа быць яе дачка Лізавета, упэўненыя аўтары расследавання. Яна нарадзілася ў 2003 годзе, калі Пуцін пачынаў падрыхтоўку да першых у сваёй кар'еры перавыбараў. У копіях дакументаў, з якімі азнаёміўся «Проект», бацька Лізаветы Крываногіх не пазначаны, вядома толькі яе імя па бацьку - Уладзіміраўна.

Мяркуючы з партрэтных здымкаў, якія ёсць у распараджэнні выдання, Лізавета Уладзіміраўна фенаменальна падобная на прэзідэнта Расеі. Праведзены кампутарны аналіз паказаў, што падабенства Пуціна і фатаграфій Крываногіх-малодшай - 70,44 адсотка, а падабенства вышэй 75 адсоткаў азначае, што на здымках - адзін і той жа чалавек. Фатаграфіі непаўналетняй дзяўчынкі журналісты не прыводзяць.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў «Проекту», што ўпершыню чуе імя Крываногіх. Сама яна не стала размаўляць з журналістамі. У банку «Расія» на запыт не адказалі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».