24 красавiка 2024, Серада, 17:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каталіцкія біскупы заклікалі да захавання правоў чалавека і грамадзянскіх свабод у Беларусі

5
Каталіцкія біскупы заклікалі да захавання правоў чалавека і грамадзянскіх свабод у Беларусі

Беларускі арцыбіскуп звярнуўся да ўсіх людзей добрай волі.

Ужо чацвёрты месяц Беларусь знаходзіцца ў нябачаным дагэтуль грамадска-палітычным крызісе, які пагаршаецца, адзначана ў адмысловым звароце каталіцкіх біскупаў краіны, які апублікаваны на партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Біскупы канстатавалі, што ў краіне не спыняецца гвалт, грамадства падзеленае і «працягвае пралівацца кроў». На іх думку, гэта «не прадвесціць шчаслівай будучыні», паколькі, як казаў Хрыстос, «дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць». «Цяжка паверыць, што такое адбываецца ў нашай міралюбівай краіне, вядомай сваёй памяркоўнасцю і згодай паміж людзьмі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў», - адзначылі яны.

«Каталіцкая царква, кіруючыся Евангеллем і заснаваным на ім сацыяльным вучэнні, выказваецца супраць гвалту, беззаконня, несправядлівасці і няпраўды і асуджае іх, - падкрэслена ў звароце. - Касцёл заклікае да мірнага развязання праблем, якія паўсталі шляхам дыялогу ў духу любові да Бога і бліжняга, з захаваннем Божых і чалавечых законаў».

«Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, далучаемся да звароту папы Францішка, адрасаваным ім пасля малітвы Angelus 13 верасня дзяржаўнай уладзе. У ёй пантыфік заклікаў прыслухацца да голасу суграмадзян і пайсці насустрач іх законным памкненням, забяспечыўшы поўнае выкананне правоў чалавека і грамадзянскіх свабод», - адзначылі прадстаўнікі духавенства.

Пры гэтым яны падкрэслілі, што асноўная мэта касцёла - «абвяшчаць Евангелле дзеля пабудовы Божага Валадарства, якое не кіруецца прынцыпамі гэтага свету і не прэтэндуе на зямную ўладу». Таму касцёл, з іх слоў, «не выконвае дзяржаўных функцый і не можа нікім быць выкарыстаны ў палітычных мэтах».

«У гэты лёсавызначальны час гісторыі нашай бацькаўшчыны, як вучыў святы апостал Павел, мы павінны насіць цяжары адно аднаго, узаемна падтрымліваць і быць салідарнымі дзеля пабудовы адзінай, а не падзеленай Беларусі», - упэўненыя біскупы.

Яны звярнуліся да каталікоў і да ўсіх людзей добрай волі з заклікам «працягваць ўзносіць свае малітвы аб больш хуткім і мірным развязанні крызісу». «Дабро ды пераможа зло», - пажадалі прадстаўнікі касцёла.

Як паведамляў афіцыйны партал навінаў Ватыкана, 13 верасня пасля штотыднёвай малітвы Angelus Папа Рымскі Францішак заклікаў улады забяспечыць павагу правоў чалавека і грамадзянскіх свабод. Пантыфік адзначыў, што "шматлікія народныя дэманстрацыі пратэсту выказваюць нарастальную неспакой грамадзянскай супольнасці ва ўмовах асабліва крытычных палітычных і сацыяльных сітуацый». Ён заклікаў дэманстрантаў «мірна выказвацца пра свае праблемы, не паддаючыся спакусе агрэсіі і гвалту», а дзяржаўныя ўлады «прыслухацца да голасу сваіх суграмадзян і пайсці насустрач іх законным памкненням».

Каментуючы словы папы рымскага, вікарый Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што «менавіта такі падыход да развязання складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі прапаноўваў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які з 31 жніўня не мае магчымасці вярнуцца на радзіму» .

Біскуп Яшэўскі звярнуў увагу на тое, што папа Францішак у сваёй прамове не называў канкрэтных краін, але, паводле ягоных слоў, сказанае кіраўніком касцёла «можна ў поўнай меры аднесці да сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, дзе ўжо больш за тры месяцы не спыняюцца мірныя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч удзельнікаў па ўсёй краіне».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках