29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдэн - амерыканцам: Мы змагаемся з вірусам, падвоім нашы намаганні

2
Байдэн - амерыканцам: Мы змагаемся з вірусам, падвоім нашы намаганні
ДЖО БАЙДЭН

Абраны прэзідэнт ЗША ў Дзень падзякі паабяцаў увасобіць у жыццё новую стратэгію барацьбы з COVID-19.

Злучаныя Штаты адзначаюць Дзень падзякі - адное з найбольш папулярных амерыканскіх святаў. Святкаванні праходзяць на фоне эпідэміі каранавіруснай інфекцыі. Апошнія дні ў ЗША выяўляюць больш за 150 тысяч новых інфікаваных за дзень - істотна больш, чым вясной і летам.

Нягледзячы на пандэмію, многія амерыканцы не сталі адмаўляцца ад традыцыйных паездак на Дзень падзякі – згодна з традыцыяй, гэтае свята адзначаецца ў сямейным коле, і сваякі, якія жывуць у розных гарадах, наведваюць адзін аднаго. Як паведамляе "Голас Амерыкі", апошнія дні праз пункты надгляду ў амерыканскіх аэрапортах штодня праходзіла блізу мільёна чалавек. Гэта на 60 адсоткаў менш у параўнанні з аналагічным перыядам у 2019 годзе, аднак з'яўляецца рэкорднай лічбай росту пасажыраплыні пачынаючы з сакавіка, калі ў ЗША пачалася поўнамаштабная эпідэмія

Абраны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у звароце з нагоды Дня падзякі заклікаў амерыканцаў выконваць санітарныя нормы: "Гэта момант, калі нам трэба загартаваць нашу сутнасць, падвоіць нашы намаганні і зноў прысвяціць сябе гэтай барацьбе. Кожны з нас нясе адказнасць... за тое, каб зрабіць усё магчымае і запаволіць распаўсюджванне віруса". Сам Байдэн і ягоныя родныя адмовіліся гэтым разам ад традыцыйнай паездкі на свята.

Абраны прэзідэнт таксама паабяцаў увасобіць у жыццё новую стратэгію, якая дазволіць узяць эпідэмію пад кантроль. Ён паабяцаў амерыканцам, што яны змогуць вярнуцца да нармальнага жыцця, і заклікаў іх "не здавацца". Ён нагадаў пра поспехі ў распрацоўцы вакцын, якія могуць паступіць на рынак ужо праз некалькі тыдняў.

Байдэн таксама нагадаў, што амерыканцы цяпер "вядуць барацьбу з вірусам, а не адзін з адным", і заклікаў іх да яднання. Падчас перадвыбарчай кампаніі Байдэн крытыкаваў адміністрацыю Трампа, абвінавачваючы яе ў несістэмным і хаатычным падыходзе да барацьбы з эпідэміяй. У адрозненне ад Трампа, Байдэн прынцыпова выступае за нашэнне масак для абароны ад вірусу і, як правіла, надзявае маску на публіцы.

Словы Байдэна могуць інтэрпрэтавацца як каментар да дзеянняў юрыдычнай каманды дзейнага прэзідэнта Дональда Трампа, якая працягвае аспрэчваць вынікі выбараў. Напярэдадні Дня падзякі юрысты прэзідэнта перадалі заканадаўцам штату Пэнсыльванія свае скаргі на працэс падліку галасоў у гэтым ключавым штаце. "Мы павінны скасаваць (вынікі) выбараў", - заявіў Трамп, які далучыўся да сустрэчы праз тэлефон з Авальным кабінетам Белага дома. Ён сам скасаваў паездку ў Пенсільванію, бо ў аднаго з юрыстаў выявілі каранавірус.

Байдэн атрымаў перамогу на выбарах 3 лістапада. 14 снежня яе павінна пацвердзіць калегія выбарнікаў. Інаўгурацыя новага прэзідэнта павінна адбыцца 20 студзеня.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках