18 красавiка 2024, Чацвер, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія святары - беларусам: Выказваем вам салідарнасць, падтрымку і глыбокую павагу

24
Расейскія святары - беларусам: Выказваем вам салідарнасць, падтрымку і глыбокую павагу

Кожны, хто не пайшоў на змову з сумленнем, стаў прыкладам сумленнасці і мужнасці.

Святары і свецкія Рускай Праваслаўнай Царквы і прадстаўнікі іншых канфесій апублікавалі зварот са словамі салідарнасці, падтрымкі і суцяшэння да хрысціян Беларусі.

Пад лістом ужо паставілі подпісы больш за 70 святароў, паведамляе gazetaby.com.

«Мы выказваем нашу салідарнасць, падтрымку і глыбокую павагу епіскапам, святарам і ўсім хрысціянам, якія, пагарджаючы небяспекай, нагадваюць пра свабоду і годнасць чалавечай асобы, створанай на вобраз і падабенства Божага. Ваша служэнне, літасцівае і справядлівае, праяўляецца ў клопаце і спагадзе да кожнага збітага, абылганага, прыніжанага, нявіннага, да кожнага пакутніка.

Кожны, хто не пайшоў на змову з сумленнем дзеля выгады і бяспекі, з'яўляецца для нас прыкладам сумленнасці і мужнасці.

На жаль, цяпер шмат хто ўпэўнены, што Царква заўсёды на баку тых, у каго сіла, што Царква заўсёды прыстасоўваецца да іх, абслугоўвае іх інтарэсы. Ваша служэнне паказвае, што гэта не так.

Пропаведзь архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, дзякуючы запісу на YouTube, сагрэла сэрцы дзясяткаў тысяч людзей. Духавенствам і парафіянамі, мужчынамі і жанчынамі - усімі вамі рухае любоў, а гэта самая вялікая сіла на зямлі.

Усякая праява вашага вольнага духу будзе выклікаць злосць і абурэнне, але іншага шляху для хрысціян няма. Няхай вас умацоўваюць прыклады свяціцеляў Амброзія Медзіяланскага, Іаана Златавуста, Піліпа Маскоўскага і многіх іншых, хто не пабаяўся выкрываць зло і няпраўду ўлады заможных. «Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе ў патаемным месцы, ні пад пасудзінай, а на падсвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло» (Лк. 11:33).

Мы ўзносім малітвы аб беларускай зямлі, у надзеі на тое, што больш ніхто не будзе прыніжаны, збіты, закатаваны або забіты праз свае перакананні. Мы молімся за тых, хто, выконваючы загады, мае ўладу ўжываць сілу і зброю супраць дэманстрантаў. Хай кожны, хто носіць форму і зброю, захавае сумленне, гонар і годнасць, адказнасць перад суграмадзянамі, перад сваімі братамі і сёстрамі.

Мы верым у тое, што мірны дыялог - гэта адзіная альтэрнатыва гвалту.

На шляху да свята Божага Нараджэння мы ведаем, што разам з усімі вамі, якія жывуць у Менску, Гародні, Гомлі, Берасці, Магілёве, Віцебску, у малых гарадах і вёсках, зусім хутка мы сустрэнем Боганемаўля Хрыста і пачуем у зімовай ночы словы:

Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях бласлаўленне!»

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках