МЗС Украіны адказала на ноту з боку беларускіх уладаў
14- 26.11.2020, 16:11
- 16,861
Рэжыму нагадалі пра свабоду слова і свабоду сходаў.
Міністэрства замежных спраў Украіны прыняло да ўвагі ўручэнне ўкраінскаму амбасадару ў Беларусі ноты пратэсту беларускага МЗС і ўважае рэакцыю беларускага боку празмерна эмацыйнай і агулам беспадстаўнай, паведамляе interfax.com.ua.
«Хочам нагадаць, што для Украіны як еўрапейскай дэмакратычнай дзяржавы свабода слова і свабода сходаў мае фундаментальнае значэнне. Ніякіх падстаў для абмежавання права на мірны пратэст у гэтай сітуацыі не існуе. Праваахоўныя органы Украіны ўжываюць належныя захады, каб на сталай аснове, а асабліва падчас акцый пратэстаў, гарантаваць бяспеку як удзельнікаў акцый, так і амбасады Беларусі і яе працаўнікоў», - сказана прэс-службай МЗС Украіны ў чацвер.
У замежнапалітычным міністэрстве падкрэслілі, што Украіна дакладна прытрымліваецца палажэнняў Венскай канвенцыі аб дыпламатычных стасунках 1961 года і гарантуе бяспеку замежных дыпламатычных місій на сваёй тэрыторыі.
«Чакаем, што беларускі бок таксама з належнай адказнасцю будзе ставіцца да сваіх міжнародных абавязацельстваў, і не будзе дапускаць парушэнняў дыпламатычнага імунітэту накшталт беспадстаўных аглядаў дыпламатычнага аўтамабіля пасла Украіны ў Беларусі пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Узгадваю таксама, што ў перыяд Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне беларускі бок не рэагаваў на правакацыі грамадзян, якія пад сценамі амбасады Украіны ў Менску дэманстравалі сваю вельмі недружалюбную пазіцыю да Украіны і абранага ўкраінскім народам еўрапейскага курса», - адзначылі ў МЗС.