25 красавiка 2024, Чацвер, 19:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cанкцыі супраць рэжыму: у Еўрапарламенце прапанавалі ўдарыць па энэргетычнай і хімічнай галінах

10
Cанкцыі супраць рэжыму: у Еўрапарламенце прапанавалі ўдарыць па энэргетычнай і хімічнай галінах

У Брусэлі дэбатавалі пра сітуацыю ў Беларусі.

Дэпутаты Еўрапарламента правялі дэбаты, дзе абмеркавалі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама гібель Рамана Бандарэнкі, піша tut.by.

Па тэме, якая ў парадку дня была пазначаная як «Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, якія прадаўжаюцца, напрыклад, забойства Рамана Бандарэнкі» падчас дэбатаў выказалася блізу два дзясяткі еўрадэпутатаў. Абсалютная большасць з іх зноў пазначылі пазіцыю ЕЗ, якая асуджае падзеі, што адбываюцца ў Беларусі, выказвалі спачуванні блізкім Бандарэнкі і падтрымку дэманстрантам, журналістам і ўсім прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне.

Нямецкая дэпутатка Віёла фон Краман-Таўбадэль заявіла, што Раман Бандарэнка - гэта не першая ахвяра беларускага рэжыму, але існуе магчымасць зрабіць так, каб яна стала апошняй. З яе слоў, сярод меркаваных вінаватых ягонай смерці ёсць і старшыня беларускай федэрацыі хакея. Аднак адказнасць за гібель Бандарэнкі, як і за наяўнасць звыш ста палітвязняў, больш чым 20 тысяч незаконна затрыманых, збітых, згвалчаных, выкрадзеных мірных грамадзян, з яе слоў, варта перш за ўсё ўскладаць на Аляксандра Лукашэнку. Парламентарый заявіла, што ён адказны і за распаўсюджванне хлусні пра Бандарэнку, а таксама за пераслед «мужных лекара і журналіста, якія адважыліся зняпраўдзіць ягоную хлусню». На думку парламентарыя, дзеянні Лукашэнкі таксама прывялі да нацыянальнага абуджэння і росту грамадзянскай адказнасці беларусаў.

Дэпутатка заклікала ўжыць больш сур'ёзныя захады ў дачыненні да беларускіх уладаў. Зрэшты, яна прапанавала ўключыць у санкцыйны спіс ЕЗ і сямейнікаў беларускіх афіцыйных асоб, спыніць усякую міжнародную фінансавую дапамогу рэжыму - з яе слоў, інвестары таксама павінны з гэтага браць прыклад. Фон Краман-Таўбадэль заявіла, што варта накласці санкцыі на энэргетычны і хімічны сектары беларускай эканомікі, а таксама не праводзіць у нашай краіне чэмпіянат свету ў хакеі 2021 года.

Дэпутат Пятрас Аўштравічус з Літвы адзначыў, што хуткасць прыняцця пастаноў і канкрэтных дзеянняў у дачыненні да Беларусі мае цяпер вызначальнае значэнне. З ягоных слоў, істотная дапамога беларусам павінна быць нададзеная неадкладна, а новы санкцыйны пакет ЕЗ павінен закрануць звязаных з Аляксандрам Лукашэнкам алігархаў і кампаніі. Ягоны калега і суайчыннік Андрус Кубілюс пагадзіўся з тым, што патрэбныя неадкладныя дзеянні, і назваў тое, што адбываецца цяпер у Беларусі «ўнутраным тэрарызмам». На ягоную думку, у гэтай сітуацыі ЕЗ трэба паводзіць сябе так жа, як і з іншымі тэрарыстычнымі рэжымамі, што ўключае, акрамя санкцый, таксама і трыбунал. З ягоных слоў, Крэмль таксама павінен разумець, што і яго закрануць абмежаванні і санкцыі, калі ён будзе актыўна падтрымліваць беларускія ўлады.

Гішпанец Ману Пінеда, які прадстаўляе фракцыю «Еўрапейскія аб'яднаныя левыя Лева-зялёныя Поўначы», заявіў, што прыклад ўсіх краін-удзельніц Усходняга партнёрства даводзіць, што ЕЗ робіць нешта не так ва ўзаемастасунках з імі, бо ўсе яны маюць сур'ёзныя ўнутраныя канфлікты. На ягоную думку, Еўразвяз павінен будаваць свае стасункі з іншымі краінамі, паважаючы іх суверэнітэт і імкнучыся да ўзаемнай выгады, а не спаборнічаць з некаторымі дзяржавамі за пашырэнне свайго ўплыву.

Дэпутат Анджэй Халіцкі з Польшчы, як і многія іншыя парламентарыі, мяркуе, што час для слоў прайшоў і трэба дзейнічаць, падтрымліваючы беларускую дэмакратычную апазіцыю. Ён нават прапанаваў увесці санкцыі ў дачыненні да ўсіх супрацоўнікаў сіл спецыяльнага прызначэння, мяркуючы з усяго, маючы на ўвазе АМАП.

Люксембуржац Чарльз Герэнс параўнаў Трампа і Лукашэнку, адзначыўшы, што абодва адмаўляюцца прызнаваць сваю паразу на выбарах, аднак першы ўсё ж вымушаны будзе сысці. Парламентарый таксама заявіў, што еўрапейскай дыпламатыі неабходна знайсці спосаб прыцягнуць на свой бок расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў праблемы Беларусі.

Нагадаем, Еўразвяз цяпер рыхтуе трэці пакет санкцый у дачыненні да Беларусі, якія могуць закрануць кампаніі і бізнэсоўцаў, звязаных з Аляксандрам Лукашэнкам - спісы могуць быць прынятыя ўжо 7 снежня на пасяджэнні міністраў замежных спраў ЕЗ.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках