8 сакавiка 2021, панядзелак, 21:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У крамах рэзка падаражэлі алей і цукар

14
У крамах рэзка падаражэлі алей і цукар
ФОТА: VGR.BY

Беларусы абураныя.

У рэдакцыю vgr.by звярнуліся чытачы, занепакоеныя тым, што ў крамах рэзка падаражэў сланечнікавы алей. Калі раней за літр плацілі 2,8 рубля, то цяпер – амаль 3,9 рубля, а ў некаторых гандлёвых сетках кошт перавышае 4 рублі! Акрамя таго, высветлілася, што прыкметна вырас кошт цукру.

Алей за год дадаў амаль 70 капеек

Цяпер у крамах шмат алею – нават у невялікім «Еўраопце» можна налічыць да дзесяці ягоных відаў. Але калі зірнуць на кошты, становіцца зразумела: алей рэзка і прыкметна падаражэў. Самы танны варыянт – 3,09 рубля, а папулярныя гандлёвыя маркі «Залатая семачка» і Altero – ад 3,79 да 3,99 рубля.

У «Санце» самы танны каштуе 3,4 рубля, у «Капеечцы» – мінімум 3,35 рубля, у АЛМІ – 3,8 рубля. Пры гэтым у некаторых крамах, напрыклад «Нарачы», літр алею ўжо 4,02 рубля. Як расказала працаўніца адной буйной крамы, пачынаючы з лета цэтлікі на алей даводзілася перапісваць блізу шасці разоў.

– Алей – папулярны прадукт, паліцы абнаўляюцца ледзь не штодня, таму што яго хутка разбіраюць. Адну партыю распрадалі – вязем іншую. А яна ўжо даражэйшая. І так з кожным наступным завозам, – адзначыла працаўніца гіпермаркета.

Паводле звестак Белстата, сярэдні кошт бутэлькі алею ў Гарадзенскай вобласці ў кастрычніку сёлета была 3,57 рубля, год таму – у сярэднім 2,85 рубля.

Куды знік расейскі цукар?

Разам з алеем адчувальна вырас кошт цукру. Кіло белага крышталічнага пяску каштуе прыкладна аднолькава: у «Еўраопце» айчынны цукар – 1,69 рубля, у АЛМІ і «Кароне» – 1,7 рубля, толькі ў «Санце» і «Капеечцы» можна знайсці за 1,62 рубля.

Адзначым, што вельмі доўга на цукар існаваў «жалезны» кошт. З кастрычніка 2019 года на гэты прадукт было ўведзенае дзяржрэгуляванне, згодна з якім гандлёвыя сеткі не маглі прадаваць яго ніжэй за 1,5 рубля за кіло. Гэта было выклікана тым, што на паліцах крамаў з'явіўся расейскі цукар, які каштаваў на 20–25 капеек танней. Каб абараніць айчыннага вытворцу ад стратаў, вызначылі рэгуляванне да 31 снежня 2020 года.

Цяпер знайсці расейскі цукар у крамах Гародні амаль немагчыма. У гандлёвых сетках адзначаюць, што цукар з Расеі не паступае са жніўня. Зрэшты, для задавальнення попыту хапае прадукцыі сваіх заводаў.

Чаму кошты падскочылі

Цікава, але ў падаражанні алею і цукру адна з прычынаў – летняя засуха і адпаведна неўраджай сланечніку і цукровых буракоў у Расеі і ва Украіне. Гэтыя краіны займаюць ільвіную дзель сусветнага рынку сланечніку. У Расеі ўраджай на чвэрць ніжэйшы за леташні, а кошты ў крамах на алей выраслі на 22%. У Беларусі сланечнікавы алей альбо рыхтуюць з завезенай сыравіны, альбо імпартуюць у гатовым выглядзе. Так што рост коштаў у нас наўпрост залежыць ад росту коштаў у Расеі.

З цукрам тая ж гісторыя. Праз неўраджай расейскія цукровыя буракі рэзка падаражэлі, што прывяло да падаражання гатовага прадукту ў крамах на 14%. Акрамя таго, выраслі выдаткі на перапрацоўку сыравіны ў беларускіх вытворцаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».