29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У прадпрымальнікаў ёсць багаты досвед і страйкаў, і маршаў, і барацьбы»

2
«У прадпрымальнікаў ёсць багаты досвед і страйкаў, і маршаў, і барацьбы»
АРХІЎНЫЯ ФОТА SVABODA.ORG

Беларускі бізнэс - з народам.

Пакупніцкая здольнасць насельніцтва падае, адпаведна, індывідуальныя прадпрымальнікі губляюць прыбытак, прагназуе ў каментары газеце «Белорусы и рынок» кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

- Малое прадпрымальніцтва адпавядае эканамічнаму становішчу ўсёй краіны. Пакупніцкая здольнасць цяпер вельмі нізкая, даходы насельніцтва не павялічваюцца, і асабліва гэта прыкметна ў рэгіёнах. Індывідуальны прадпрымальнік на рынку ў правінцыі - гэта прадаць адну, максімум дзве рэчы за дзень, зарабіць на хлеб і ваду, вось і ўвесь ягоны бізнэс сёння. І прадпрымальнікі паволі ліквідуюць свой бізнэс. Ужо цяпер вельмі шмат пустых месцаў на рынках, а зімой будзе яшчэ больш. Такая тэндэнцыя выразна абазначылася з вясны. Гэта значыць, пандэмія каранавіруса, закрытыя межы, у тым ліку з Расеяй, потым агульная сітуацыя ў краіне пасля жнівеньскіх падзей - усё гэта адбіваецца на прадпрымальніках і яшчэ адаб'ецца. На іншае ў цяперашняй грамадска-палітычнай сітуацыі разлічваць не даводзіцца. Для паляпшэння патрэбныя рэформы, стабільнасць, рост даходаў, а мы маем тое, што маем. Пры гэтым індывідуальныя прадпрымальнікі, як ніхто іншы, разумеюць цану свабоды, дэмакратычных пераўтварэнняў і эканамічных рэформаў, бо толькі ў гэтым выпадку можа захоўвацца і развівацца прыватны бізнэс.

Калі ж казаць пра сістэму ўзаемастасункаў малога бізнэсу і ўлады, то яна працуе без збояў. Падкрэслю, што я кажу пра ўзаемастасункі з чыноўнікамі эканамічнага блока. Дзесьці, магчыма, да нашых праблем сталі ставіцца нават больш адчувальна. Думаю, адбіваецца агульная сітуацыя, чыноўнікі разумеюць, што людзей не трэба злаваць.

Напрыклад, з развязаннем пытання аб прадаўжэнні арэнды пляцовак пад латочны гандаль плодаагародніннай прадукцыяй у Менску для добрасумленных прадаўцоў нам спатрэбілася менш за месяц. У пачатку кастрычніка менскія ўлады пачалі масава адмаўляць прадпрымальнікам у прадаўжэнні арэнды месцаў пад латкі. Але пытанне развязанае, хамства не бачылі. Думаю, і чыноўнікі разумелі, што будзе знішчаны зручны для менчукоў бізнэс і працу страцяць блізу тысяча прадпрымальнікаў, падаткі не пойдуць у бюджэт.

У міністэрствах эканамічнага профілю разумеюць, што ад выплат прадпрымальнікаў цяпер шмат залежыць. Нас не чуе, хутчэй, нізавы эшалон мясцовай выканаўчай улады, чыноўнікі на месцах у рэгіёнах.

Пакуль статыстыка паказвае нават невялікі прырост зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў, але трэба ўлічваць, што некалькі гадоў таму было падзенне на 31%, гэты ўзровень дагэтуль не аднавіўся. Тым больш, што цяжка сказаць, колькі зарэгістраваных ІП працуюць у рэальнасці.

Але прадпрымальнікі - гэта таксама народ, натуральна, усе вельмі моцна перажываюць праз тое, што адбываецца сёння ў нашай краіне. Скажам так, неабыякавых няма. Для многіх прадпрымальнікаў гэта ў навіну - тое, што яны бачаць, для многіх гэта ненармальна, але ў тых, у каго быў досвед удзелу ў акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў, ёсць разуменне таго, як можа паступаць з дэманстрантамі іншы бок. Прадпрымальнікі ад людзей нікуды не сыходзілі, мы разам з народам, мы разам з людзьмі. Тым больш, што ў ІП ёсць свой багаты досвед і страйкаў, і маршаў, і барацьбы. Але, паўтаруся, для большасці прадпрымальнікаў усё гэта, вядома, шок.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках