19 красавiка 2024, Пятніца, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Augsburger Allgemeine: Страх загнаў Пуціна ў бункер

5
Augsburger Allgemeine: Страх загнаў Пуціна ў бункер

Крэмль губляе сувязь з астатняй Расеяй.

"Уладзімір Пуцін больш не пакідае свой бункер. Той, хто хоча сустрэцца з расейскім прэзідэнтам, павінен спачатку правесці два тыдні на карантыне", - піша нямецкае выданне Augsburger Allgemeine (пераклад - inopressa.ru).

"Цяпер у расейскай сталіцы ўсе людзі, старэйшыя за 65 гадоў, павінны выконваць так званы "хатні рэжым". Так мэр Масквы Сяргей Сабянін называе абмежаванні перамяшчэння для пенсіянераў, а таксама хранічных хворых, цяжарных і нават для школьнікаў старэйшых класаў. (...) Так горад спрабуе трымаць пад кантролем наступствы другой хвалі пандэміі каранавіруса - праўда, у афіцыйным расейскім дыскурсе яна не існуе", - адзначае журналістка Іна Хартвіх.

"Агульнарасейская колькасць новых заражаных штодня складае блізу 25 тысяч чалавек. Паводле афіцыйных звестак. Незалежныя дэмографы кажуць, што напраўду лічбы ў 5 разоў вышэйшыя", - піша выданне.

"У названай маскоўскім мэрам групе рызыкі праз узрост знаходзіцца і расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. І сапраўды: ён, здаецца, як ніхто іншы ў гэтай групе, выконвае "хатні рэжым". Ужо некалькі месяцаў таму 68-гадовы прэзідэнт схаваўся ў сваёй рэзідэнцыі Нова-Агарова ў Падмаскоўі. Ягоныя відэаканферэнцыі з бэжавага кабінета без вокнаў, падчас якіх ён практычна з сумным выглядам туды-сюды катае па стале шарыкавую асадку, амаль ужо сталі культам. Кожны, хто цесна працуе з прэзідэнтам, цягам некалькіх месяцаў жыве асобна ад сваёй сям'і. Здача тэсту на каранавірус з'яўляецца абавязковай умовай перад сустрэчамі з кіраўніком дзяржавы, нават калі яны праходзяць на адлегласці", - гаворыцца ў артыкуле.

"У Крэмль прэзідэнт цяпер амаль не ездзіць. Наведвальнікаў ён аддае перавагу запрашаць да сябе - праз апрацаваны антысептыкам тунель. "Бункерам" называюць расейцы ягонае сховішча. "Спантанных" сустрэч з насельніцтвам, якія эфектна інсцэніравалі раней, больш няма", - адзначае журналістка.

"Расейскае выданне "Проект" у рамках працаёмкага расследавання расказала некалькі тыдняў таму, які працяглы кантроль праходзяць тыя, хто хоча паціснуць Пуціну руку. Бо шэф Крамля зусім не адмаўляецца ад поціску. І маску Пуцін таксама яшчэ ні разу не надзяваў на публіцы".

"Тыя, хто наогул атрымліваюць шанец асабіста пагаварыць з прэзідэнтам, павінны два тыдні правесці на карантыне. (...) Страх Крамля, што Пуцін можа заразіцца вірусам, засеў глыбока", - паказвае выданне.

"Тым часам звонку прадаўжае лютаваць пандэмія. Некаторыя лякарні ўжо перапоўненыя. Часам пацыентам даводзіцца ляжаць на матах або на бальнічных лесвіцах, ці ж ім надаюць медыцынскую дапамогу на сядзеннях у палат. "Людзі мруць, як мухі", - кажа адна выхавальніца з буйнога горада на Урале. Лекарка з Тальяці на ўзбярэжжы Волгі расказвае: "Я яшчэ ніколі не бачыла адразу столькі памерлых. Мы на мяжы нашых сіл". А што з вакцынай, якую летам Расея першай у свеце прадставіла на рынку, хоць клінічныя выпрабаванні яшчэ не былі скончаныя? "Пустышка", - кажуць пра яе многія жыхары краіны, некаторым з якіх усё ж даводзіцца рэгістравацца на вакцынацыю. Таму што гэтага патрабуюць іх кіраўнікі", - піша Augsburger Allgemeine.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках