29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША рэкамендавалі Deutsche Bank згарнуць бізнэс у Расеі

4
ЗША рэкамендавалі Deutsche Bank згарнуць бізнэс у Расеі

Кіраўнікі банка мелі намер пашыраць бізнэс у РФ.

Назіральнікі, прызначаныя дэпартаментам фінансавых службаў штата Нью-Ёрк, рэкамендавалі Deutsche Bank адмовіцца ад планаў пашырэння і цалкам згарнуць бізнэс у Расеі. Як піша finanz.ru, пра гэта паведамляе The Wall Street Joutnal са спасылкай на крыніцы.

Як адзначае выданне, кіраўнікі банка мелі намер пашыраць бізнэс у Расеі, нягледзячы на шэраг скандалаў з адмываннем і серыю буйных штрафаў. Аднак вонкавыя назіральнікі, якія сачылі за захадамі для прадухілення адмывання сродкаў, заявілі, што банку варта згарнуць свой бізнэс. Назіральнікі, прызначаныя дэпартаментам фінансавых службаў штата Нью-Ёрк, заявілі ў кастрычніку прадстаўнікам банка, што іхнія намаганні для ўдасканалення банкаўскіх аперацый недастатковыя для таго, каб ісці на значную рызыку і весці бізнэс з расейскімі кліентамі.

Як патлумачыла газета, назіральнікі не маюць права аддаваць непасрэдныя загады аб змене дзейнасці банка, але яны могуць даваць рэкамендацыі, якія падаюцца рэгулятару ў штаце Нью-Ёрк, што можа пацягнуць пагрозу штрафаў ці прывесці да дарагіх судовых разглядаў, а таксама прыцягнуць увагу яшчэ больш уплывовых амерыканскіх рэгулятараў. Рэкамендацыя назіральніка, падкрэслівае WSJ, стварае вельмі сур'ёзную праблему для банка.

Прадстаўнік Deutsche Bank, з паведамлення газеты, адмовіўся каментаваць дыялог з назіральнікамі, але паведаміў, што банк праводзіць аналіз рызык у дачыненні да некалькіх краін, уключаючы Расею. Прадстаўніца дэпартамента фінансавых службаў таксама адмовілася ад каментароў, а прадстаўнік юрыдычнай кампаніі Jenner&Block LLP, ад якой прызначаныя назіральнікі Лі Валоскі і Дон Смалс, не адрэагаваў на пытанне.

Deutsche, нагадаем, ужо адзначыўся скандалам з люстранымі ўгодамі расейскага офіса, якія маглі выкарыстоўвацца для вываду капіталу ў пачатку 2010-х.

У канцы 2018 года найбуйнейшы банк Нямеччыны западозрылі ў датычнасці да аперацый Danske Bank, праз эстонскі філіял якога, згодна з расследаваннем еўрапейскіх рэгулятараў, у ЕЗ было перапампавана больш за 200 млрд еўраў ценявых капіталаў, галоўным чынам з Расеі ды краін былога СССР.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках