29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнік легендарнага гурту «Каста»: Гісторыя з хлуслівым царком у Беларусі хутка скончыцца

3
Удзельнік легендарнага гурту «Каста»: Гісторыя з хлуслівым царком у Беларусі хутка скончыцца
Фото: ТАСС

Мы назіраем апошнюю агонію шалёнага дэспата.

Расейскі рэп-гурт "Каста" выпусціў кліп, у якім відавочныя паралелі з беларускімі падзеямі: сілавікі затрымліваюць пратэстоўцаў, а дома ад міліцыянта адварочваецца дачка. Відэа на ютубе набрала амаль паўмільёна праглядаў. У каментарах – падзякі ад беларусаў. Песня выйшла яшчэ ў 2019 годзе, а кліп знялі толькі што. Удзельнік групы Міхаіл Епіфанаў (творчы псеўданім Шым) расказаў у інтэрв'ю "Настоящему Времени", чым менавіта яго ўразілі Беларускія пратэсты.

– На сюжэт кліпа Вас натхнілі беларускія падзеі?

– Хутчэй так. Гэта песня з нашага мінулага альбома. Ён выйшаў мінулай зімой у снежні. Альбом называецца "Пра загану зразумела". Хацелі зняць кліп на гэтую песню, але нешта не было ідэі. З пачаткам беларускіх падзей гэтая ідэя сама і намалявалася.

– Што менавіта Вас уразіла ў беларускіх пратэстах?

– Некалькі момантаў. Па-першае, жорсткасць, з якой супрацоўнікі сілавых установаў абыходзяцца са сваімі суграмадзянамі. І ўзровень нягвалту з боку грамадзянаў Беларусі – гэта дзіўна. Мабыць, гэта. Было адчуванне, што гэтыя падзеі кароткатэрміновыя. Цяпер, вядома, здзіўляе тая часавая дыстанцыя, на якую яны задоўжыліся.

– А Вы знайшлі тлумачэнне той самай жорсткасці сілавікоў, пра якую кажаце?

– Я думаю, што ў іх канкрэтна прамытыя мазгі. Я ведаю, што ў Беларусі ёсць інструктары ідэалогіі. Зразумела, што і ў Расеі ёсць нешта падобнае ў працы з сілавікамі, каб іх настройваць. Але, мне здаецца, у Беларусі вельмі высакакласныя мазгаправы працуюць, таму што настолькі зверстваваць – гэта ж трэба пераканаць здаровага чалавека, што той, каго ён б'е, не чалавек, што ён авечка, наркаман, у крайнім выпадку што ён не заслугоўвае якой-небудзь спагады. Тут нейкі дасягнуты пік гіпнатычнага ўздзеяння. Я спадзяюся, што ў нейкай агляднай будучыні гэты феномен будзе расшыфраваны: як атрымалася так загіпнатызаваць супрацоўнікаў.

– У вашым кліпе дачка асуджае бацьку-сілавіка. Як думаеце, наколькі гэта суадносіцца з рэальнымі падзеямі ў сем'ях беларускіх сілавікоў?

– Я думаю, што ўдзел на баку зла, на баку гвалту, яго нельга пакінуць за дзвярыма сваёй кватэры. Я амаль упэўнены, што гэта не праходзіць бясследна. З чаго я зыходжу? Людзі, якія вярнуліся з гарачых кропак, гэта вядома, што псіхалагічныя траўмы яны з сабой забіраюць з вайны і потым доўга з імі працуюць. Я не ўяўляю сабе ўзровень псіхалагічнай траўматызацыі чалавека, які ў мірны час збівае сваіх суседзяў. Гэта абавязкова вернецца. Акрамя судовай і следчай працы, тут спатрэбіцца вялікая псіхіятрычная дапамога.

– У канцы Вашага кліпа ў збітых герояў раптам мільгаюць усмешкі на тварах. Думаеце, што ў фінале тыя, каго збіваюць, перамогуць?

– Як мінімум – што гэта скончыцца. Мы схіляемся да таго, што цяпер мы ўнутры групы, мы з вамі як суразмоўцы, мы ўдзельнікі і сведкі. Гэта наша надзея на тое, што мы назіраем апошнюю агонію дэспатаў. Мне складана паверыць у тое, што ў XXI стагоддзі ёсць такія краіны, дзе, груба кажучы, ёсць царок, які хлусіць усяму народу, які можа ўтрымліваць уладу хлуснёй і сілай. У гэта складана паверыць, але варта расплюшчыць вочы, і ты гэта бачыш. Таму час унікальны, і ён абавязкова скончыцца. Я думаю, што ўсмешка нашых герояў у канцы кліпа паказвае: "Хлопцы, гэта хутка скончыцца".

– Вы ўяўляеце сабе падобную сітуацыю ў Расеі?

– У некаторай ступені так, але, мне здаецца, у Расеі яны будуць развівацца больш жорстка і больш кароткачасова. Уявіце сабе расейцаў, якія разуваюцца перад тым, як стаць на лаўку. Я не магу ўявіць. І тая вытрымка, з якой беларускі народ захоўвае свой пратэст мірным, гэта настолькі кажа добра пра беларускі народ і нарэшце адказвае на пытанне: "У чым розніца паміж беларусамі і расейцамі?"

– Вы збіраецеся даць канцэрт у Беларусі. Як мінімум сам канцэрт пад пагрозай. Як максімум – і Вы можаце быць арыштаваныя.

– Я хацеў сказаць: "Што, мы не бывалі ў аўтазаках?" Але, вядома, гэта тое, чаго не хочацца паўтараць. У гэтай гісторыі мяне больш за ўсё хвалюе скасаванне беларускага канцэрта. Так, гэта магчыма. Вельмі шкада. У адказ я магу сказаць, што калі гэты канцэрт будзе скасаваны, значыць, мы хутка ўбачымся ў любым выпадку, таму што на дубінках доўга не ўседзіш. Гэтая гісторыя задоўжылася з вашым царком, доўга яна не можа [заставацца]. Колькі нітачка ні ўецца – яна скончыцца.

– Хацелі б, каб Ваш кліп убачыў Аляксандр Лукашэнка?

– Мне здаецца, ён нічога не зразумее. Мяркуючы з ягонага стану, ён вар’ят, у мяне такое адчуванне. Гэта ўсё роўна што паказваць відэакліп чалавеку, які знаходзіцца ў глыбокім маразме. Мільганне ценяў, малюнкаў – ён не зможа скласці іх у адзіную паслядоўнасць.

– Чаму кліп здымалі ў Кіеве?

– Тут няма чагосьці большага, чым тое, што ў Кіеве ёсць нашы сябры, з якімі мы ўжо знялі не адзін відэакліп. Гэта добрая спрацаваная каманда – гэта Максім Ксенда і Алена Чэхаўская. Мы цяпер вельмі актыўна займаемся нашым новым свежым альбомам, які выйдзе 10 снежня – ужо хутка. Зыходзячы з гэтага, мы шукалі тых, хто можа зняць кліп без нашага вялікага ўдзелу. Уласна, Максім, рэжысёр кліпа, прапаноўваў некалькі версій, і яны – быццам так, быццам не. І калі пачаліся падзеі ў Беларусі і Максім прапанаваў гэтую гісторыю, стала зразумела, што гэта самая лепшая візуалізацыя нашай песні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках