24 красавiка 2024, Серада, 7:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хабараўск выйшаў на 21-ю суботнюю акцыю ў падтрымку Фургала

2
Хабараўск выйшаў на 21-ю суботнюю акцыю ў падтрымку Фургала

Жыхары горада сабраліся, нягледзячы на мароз.

Актывісты ў Хабараўску ў суботу, 28 лістапада, правялі новую акцыю ў падтрымку арыштаванага экс-губернатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала. Паводле звестак гарадской адміністрацыі, у несанкцыянаванай акцыі ўдзельнічалі блізу 150 чалавек. У той самы час рэдактар сеткавага выдання "Людзі ДВ" Яўген Мотлахаў паведаміў dw.com, што колькасць удзельнікаў складала блізу трохсот.

Паводле словаў Мотлахава, людзі прыйшлі на акцыю нягледзячы на 10-градусны мароз, які праз вецер і вільготнасць здаваўся яшчэ мацнейшым. Спачатку блізу 50 чалавек сабраліся ля будынка абласной адміністрацыі на плошчы Леніна ў цэнтры горада. Яны сканцэнтраваліся каля цэнтральнага Фантана, дзе грэла сонца і было значна цяплей. Да іх падыходзілі паліцыянты і правяралі дакументы, у адказ жыхары казалі, што сабраліся на адзінкавыя пікеты.

Пазней мітынгоўцы разгарнулі плакаты і сталі скандаваць "Я / мы Сяргей Фургал" і "Фургал – наш выбар". У аддаленні ад пратэстоўцаў устаў мужчына з трыма плакатамі. Ён расказаў, што прыехаў з горада Находка Прыморскага краю, каб падтрымаць пратэстоўцаў хабараўчанаў. Два ягоныя плакаты былі напісаныя на ангельскай мове, сам ён патлумачыў гэта словамі: "Пакуль паліцыя будзе перакладаць, я ўжо даеду да Находкі".

Паасобнае шэсце

Праз паўгадзіны пасля пачатку мітынгу пратэстоўцы пачалі шэсце па цэнтральных вуліцах Хабараўска. Большасць ішла па праезнай частцы, але значная частка людзей рухалася па ходніках. Цягам шэсця паліцыя некалькі разоў патрабавала ад іх пакінуць праезную частку і перайсці на ходнікі. Калі калона падымалася да плошчы Славы, хтосьці стаў запускаць у неба феерверкі.

Людзі пачалі разыходзіцца яшчэ да канца шэсця. На плошчу Леніна вярнуліся толькі некалькі дзясяткаў актывістаў, якія нядоўгі час абмяркоўвалі палітычныя пытанні і саграваліся гарачай гарбатай, а потым пакінулі плошчу.

Затрыманні актывістаў

Як паведаміў dw.com Яўген Мотлахаў, яшчэ падчас акцыі была затрыманая журналістка выдання "Просто бумага" Таццяна Хлестунова. Пасля заканчэння мітынгу былі затрыманыя два актыўныя ўдзельнікі – Яраслаў Смолеў і Алена Слабодчыкава.

Паводле звестак мэрыі Хабараўска, за ўвесь час правядзення несанкцыянаваных публічных мерапрыемстваў на тэрыторыі Хабараўскага краю было спынена 417 адміністрацыйных правапарушэнняў. Паводле вынікаў разгляду справаў судамі прынятая 401 пастанова: выпісана 263 штрафы на суму большую за 2,8 млн рублёў, выраблена 75 адміністрацыйных арыштаў, 40 чалавек былі прысуджаныя да абавязковых працаў. Супрацоўнікі ДІБДР уручылі ўладальнікам транспартных сродкаў 2109 папярэджанняў пра недапушчальнасць удзелу ў няўзгодненых мерапрыемствах.

Справа Сяргея Фургала

Вядомы ў Хабараўскім краі прадпрымальнік Сяргей Фургал, у падтрымку якога праведзена ўжо больш за 140 акцый, у верасні 2018 года з вялікай перавагай апярэдзіў у другім туры выбараў краявога губернатара прадстаўніка "Адзінай Расеі" Вячаслава Шпорта, які кіраваў рэгіёнам на той момант. 9 ліпеня 2020 года Фургал быў затрыманы ў Хабараўску паводле абвінавачвання ў арганізацыі забойстваў бізнэсмэнаў у пачатку 2000-х гадоў і дастаўлены ў Маскву. Пасля ён быў арыштаваны. Тэрмін арышту нядаўна быў падоўжаны да 9 сакавіка 2021 года.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 20 ліпеня адхіліў Фургала ад пасады "ў сувязі са стратай даверу". Часовым выканаўцам абавязкаў губернатара быў прызначаны дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР Міхаіл Дзегцяроў. Аднак пратэсты не спыняюцца, іх удзельнікі патрабуюць адстаўкі Дзегцярова. Акцыя 10 кастрычніка запомнілася разгонам, збіццём дэманстрантаў сілавікамі і затрыманнямі дзясяткаў чалавек.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках