18 красавiка 2024, Чацвер, 15:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы назвалі чатыры самыя дзіўныя звычкі манархаў

3
Навукоўцы назвалі чатыры самыя дзіўныя звычкі манархаў

«Вар'яцтва» часта было выкліканае празмерным страхам перад змовамі.

У гісторыі вядома нямала манархаў, якія валодалі вельмі дзіўнымі звычкамі. «Вар'яцтва» адных манархаў было выкліканае празмерным страхам перад змовамі, здольнымі пазбавіць іх трона. Напрыклад, кароль Англіі Генрых VIII прымушаў сваіх слуг цалаваць ягоную пасцельную бялізну, каб пераканацца, што яно не змочаная атрутай. Але Генрых VIII быў не адзіным, хто баяўся за сваё жыццё, піша егіпецкае выданне Sasapost (пераклад - inosmi.ru).

Пра гэтых гістарычных асобаў гаворыцца ў кнізе «Людзі. Кароткая гісторыя таго, як мы ўсё праваронілі».

Карл VI - кароль са шкла

Французскі кароль Карл VI, які кіраваў з 1380 да 1422 года, прытрымліваўся дзіўнага пераканання: ён верыў, што быў «зроблены са шкла», і ў кожны момант можа разбіцца ад усякага неасцярожнага руху. Каб абараніць сваё кволае цела, ён насіў спецыяльную ахоўную адзежу, уключаючы жалезныя латы. Акрамя таго, ён гадзінамі заставаўся нерухомым, загарнуўшыся ў груды тоўстых коўдраў, і рухаўся толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. Але гэтыя дзівацтвы былі не адзінай прычынай, з якой яго ахрысцілі «Вар'ятам».

Карл VI па мянушцы «Улюбёны» ўзышоў на пасад ва ўзросце 11 гадоў. Сваю мянушку ён атрымаў дзякуючы рэформам, якія ён ажыццявіў пасля таго, як пазбавіўся ад апекі сваіх сваякоў. Ён выдаў некалькі ўказаў аб правядзенні дзяржаўных рэформаў і аднавіў перамовы з Англіяй, якая знаходзілася ў стане працяглай вайны з Францыяй, вядомай як «Стогадовая вайна». Ягонае мудрае кіраванне прадаўжалася да першага прыступу «вар'яцтва». Усяго кароль перанёс 44 прыступы, якія паводле стандартаў нашага часу можна дыягнаставаць як «шызафрэнія». Французскі кароль пакутаваў ад усплёскаў лютасці, якія змяняліся перыядамі пасіўнасці і дэзарыентацыі. Такім чынам, мянушка «Улюбёны» саступіла месца «Шалёнаму Карлу».

Напрыклад, ён пакутаваў на паранойю і некантраляваныя ўсплёскі лютасці. У 1390 годзе, падчас прыступу шалёнага гневу ён забіў чацвярых набліжаных. Але гэта не адзіная дзіўная гісторыя, звязаная з Карлам VI.

Падчас праўлення Карл VI страціў шмат зямель, паколькі Англія аднавіла ваенны канфлікт з Францыяй у рамках «Стогадовай вайны». У 1415 годзе ангельскі кароль Генрых V увайшоў у Парыж пасля перамогі ў бітве пры Азенкуры. Імкнучыся стаць каралём Францыі, Генрых V вымусіў Карл VI аддаць дзвюх сваіх дачок у жонкі брытанскім манархам. Генрых V стаў спадчыннікам французскага караля Карла VI Шалёнага ў адпаведнасці з Дамовай у Труа 1420 года.

Карл VI быў пабраны з Ізабэлай Баварскай, дачкой герцага Баварскага Стэфана III. Нягледзячы на слабае здароўе, Ізабэла Баварская нарадзіла 12 дзяцей, у тым ліку Ізабэлу Французскую, якая выйшла замуж за караля Англіі Рычарда II ва ўзросце шасці гадоў. А яе іншая дачка Кацярына выйшла замуж за брытанскага манарха Генрыха V у 1420 годзе. Яна нарадзіла яму сына - караля Генрыха VI, які стаў спадчыннікам прастола Вялікай Брытаніі ды Францыі. Кароль Генрых VI правіў французскімі тэрыторыямі на поўначы краіны, у той час як французскі поўдзень заставаўся пад уладай Карла VII.

Расейскі імператар памяшаны на драўляных цацках

Будучы імператар Пётр III нарадзіўся ў 1728 годзе ў горадзе Кіль, на поўначы Германіі. Яго дзяцінства не было шчаслівым. Пётр III быў спадчыннікам швэдскага трона і рыхтаваўся змяніць на троне свайго дзеда караля Швэцыі Карла XII. Але лёс распарадзіўся інакш. Пётр III быў вымушаны сесці на расейскі трон пасля смерці сваёй цёткі па матчынай лініі - імператрыцы Лізаветы Пятроўны.

Лізавета Пятроўна ўзышла на расейскі трон, калі Пятру III было 14 гадоў. Яна зрабіла яго спадчыннікам расейскага прастолу і прымусіла яго з'ехаць далёка ад родных мясцін - Кіля і Прускай імперыі (пазней Германіі), у якой ён вырас. Цалкам магчыма, што суровае выхаванне зрабіла будучага імператара «вар'ятам». Пётр III не меў нармальнага дзяцінства, а затым у юнацтве закахаўся ў драўляныя цацкі. Любоў да іх ператварылася ў дакучлівую ідэю, якая замінае яму выконваць свае абавязкі.

Ягоная жонка Кацярына II пісала ў сваім дзённіку, што Пётр III быў апантаны драўлянымі цацкамі. Ён гадзінамі праводзіў у сваім пакоі, гуляючы ў салдацікаў і прымяраючы на сябе ролю генерала. Часам ён прымушаў сваю жонку пераапранацца ў мужчынскую вайсковую форму і апрабоўваў на ёй строгую вайсковую падрыхтоўку. Кацярына II узгадвае адзін эпізод. Падчас гульні ў салдацікі выбег пацук, які пагрыз драўляныя цацкі. Гэта раззлавала імператара і вымусіла яго правесці вайсковы суд над пацуком. Ён абвінаваціў яго ў дзяржаўнай здрадзе і прыгаварыў да смяротнага пакарання праз павешанне на маленькай гільяціне, адмыслова сканструяванай для пацука.

Расейскі імператар Пётр III

Пруская імперыя і яе хаўруснік Вялікая Брытанія былі ворагамі Расейскай імперыі ў «Сямігадовай вайне». Але Пётр III, які стаў кіраўніком Расеі пасля смерці імператрыцы Лізаветы Пятроўны ў 1762 годзе, імкнуўся змяніць ход ваенных дзеянняў на карысць Прусіі. Ён склаў з ёй саюзную дамову і быў поўны рашучасці пачаць новую вайну з Даніяй. Ворагі імператара абвінавацілі яго ў спробе накіраваць Расею з праваслаўя ў лютэранства.

Праўленне Пятра III доўжылася ўсяго шэсць месяцаў. Ягоная жонка арганізавала палацавы пераварот і зрынула яго, каб самой правіць Расейскай імперыяй. Кацярына II валодала валявым характарам, выключным розумам і мела шмат прыхільнікаў. Яна ўвайшла ў змову з асабістай аховай Пятра III, якая дапамагла ёй скінуць імператара 9 ліпеня 1762 года. Заручыўшыся падтрымкай імператарскай гвардыі, царквы і Сената, Кацярына II была абвешчаная імператрыцай Расеі. Яна прымусіла Пятра III афіцыйна зрачыся ад пасаду. Ён быў арыштаваны, а затым забіты ў сваёй камеры.

Джэймс VI (Якаў I) - першы «паляўнічы на ведзьмаў»

У XVI стагоддзі ў Шатландыі верылі, што сатана прыйшоў на Зямлю. Яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе смяротных хвароб, гібелі свойскай жывёлы і штормах. Шатландцы меркавалі, што ведзьмы былі прыслужніцамі сатаны і рабілі ўсё неабходнае, каб служыць яго інтарэсам. Так пачалося ганенне на ведзьмаў і ведзьмакоў, а галоўным паляўнічым на іх стаў кароль Шатландыі і Вялікай Ббрытаніі Джэймс VI.

Джэймс VI быў абвешчаны каралём Шатландыі ў 1567 годзе ва ўзросце аднаго года, але ўзышоў на пасад толькі ў 17 гадоў. Ён стаў каралём Англіі ў 1603 годзе пасля смерці каралевы Элізабэт I, якая не пакінула пасля сябе нашчадкаў. Джэймс VI стаў першым манархам, якія кіравалі адначасова Англіяй і Шатландыяй.

Парламент Шатландыі абвясціў «магію» па-за законам у 1563 годзе, незадоўга да нараджэння Джэймса VI. Аднак першая хваля панікі, якая ахапіла Шатландскае грамадства, нахлынула ў 1590 годзе, калі Джэймс VI абвінаваціў ведзьмаў у тым, што яны выклікалі шторм, каб паспрабаваць забіць яго і ягоную жонку падчас плавання. Пасля абвінавачвання ведзьмаў у тым, што Сатана заклікаў іх знішчыць караля, Джэймс VI заснаваў судовыя працэсы над ведзьмамі. Дарэчы кажучы, яго дарадцы таксама меркавалі, што ведзьмы пагражалі ўладзе караля.

Паляванне на ведзьмаў было часткай пратэстанцкай рэлігійнай рэформы. Тады хадзілі чуткі, што ведзьмы пакланяюцца д'яблу. У 1590-1662 гадах у Шатландыі прайшлі самыя крывавыя «паляванні на ведзьмаў», падчас якіх за вядзьмарства былі пакараныя больш за 2500 чалавек, у асноўным жанчыны.

Кароль апублікаваў кнігу пра паляванне на ведзьмаў. У ёй ён распавёў, як дэманы дзейнічаюць на зямлі і ўкладаюць угоды з людзьмі ў абмен на звышнатуральныя сілы, якія дазваляюць ім выкарыстоўваць «чорную магію». Ангельскі кароль Джэймс VI асабіста прысутнічаў на судовых працэсах над ведзьмамі, як сцвярджаюць гісторыкі таго часу.

Звычкі каралёў. «Наглядчык за каралеўскімі экскрэментамі»

Генрых VIII узышоў на трон Англіі ў 1509 годзе. Кароль быў вядомы сваёй любоўю да мастацтва і жанчын - ён быў жанаты шэсць разоў. Генрых VIII пачаў доўгую барацьбу за пераход Англіі з каталіцызму ў пратэстантызм. Але самая дзіўная гісторыя пра ангельскага караля звязаная з увядзеннем пры двары новай пасады - наглядчыка за каралеўскімі экскрэментамі.

Гэта, бадай, самая агідная праца ў гісторыі. Наглядчык быў вымушаны ўвесь час насіць з сабой адмысловы «ўнітаз» з вадой і ручнікамі, а таксама ўважліва сачыць за харчаваннем манарха і рэгуляваць час прыёму ежы. Але яшчэ больш дзіўны факт палягае ў тым, што гэтую пасаду маглі займаць толькі прадстаўнікі шляхты. Наглядчыкі атрымлівалі высокі заробак і асаблівыя льготы, уключаючы права жыць у палацах і валодаць старым каралеўскім адзеннем і мэбляй.

Наглядчык адказваў за падціранне «каралеўскага азадка». Больш за тое, ён павінен быў перадаваць «каралеўскія экскрэменты» лекарам, каб тыя маглі загадзя выявіць усе змены або захворванні, якія могуць паўплываць на караля. З часам гэтая пасада стала «сакратарскай». Людзей на яе адбіралі з асаблівай дбайнасцю праз характар працы, якая патрабуе сталага знаходжання поплеч з каралём. Пасада наглядчыка за каралеўскімі спаражненнямі захоўвалася аж да 1901 года, калі кароль Эдуард VII вырашыў назаўсёды скасаваць яе.

Гэта была не адзіная дзіўная звычка ангельскага караля. Ён таксама быў вядомы сваім страхам перад атрутамі, якія пранікаюць праз скуру. З гэтай прычыны слугі, адказныя за каралеўскі ложак, былі абавязаныя цалаваць падушкі, прасціны і пасцельную бялізну перад каралём, каб той пераканаўся, што яна не змочаная атрутай.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках