20 красавiка 2024, Субота, 5:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацькі пачынаюць байкатаваць паборы ў школах і дзіцячых садках

33
Бацькі пачынаюць байкатаваць паборы ў школах і дзіцячых садках

Дзве гісторыі - з Менска і рэгіёнаў.

Як ідуць справы ва ўстановах адукацыі з паборамі на патрэбы класаў і груп пасля прэзідэнцкіх выбараў? Пра гэта ў матэрыяле «Салiдарнасцi».

«Замест апякунскіх узносаў у гімназію бацькі збіраюць грошы на аплату штрафаў і адваката»

Дзіця Ульяны (імя змененае на просьбу гераіні - заўв.) наведвае менскую гімназію №4 - тую самую, у якой вучні ладзілі на перапынках флэшмобы - спявалі песні, а потым баранілі сваю пазіцыю пра акцыі салідарнасці.

Пасля гэтых падзей бацька чацвярых дзяцей Андрэй Асіпенка наважыў падтрымаць навучэнцаў. Ён разгарнуў ля школы плакат, на якім напісаў: «Вучнi, вы неверагодныя, ганаруся вамi!» Мужчыну затрымалі і пасадзілі на 15 содняў.

З'яўленне ў гімназіі супрацоўнікаў міліцыі ў шлемах і бронекамізэльках, якія напалохалі дзяцей, і затрыманне Асіпенкі выклікала абурэнне бацькоў, распавядае Ульяна. З яе слоў, градус незадаволенасці ўзрастаў пасля выбараў.

- У верасні ў гімназіі адбылася лекцыя для навучэнцаў, на якой супрацоўніца інспекцыі ў справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС Менска Вікторыя Рудая назвала бел-чырвона-белы сцяг нацысцкім сімвалам і папярэдзіла больш за два не збірацца, бо гэта «масавая акцыя».

Пасля гэтага бацькі сустрэліся з адміністрацыяй і адмовіліся плаціць унёскі у апякунскую раду. Наважылі нават на туалетную паперу не збірацца. Высветлілі, што гэтым прадметам гігіены школы павінна забяспечваць Міністэрства адукацыі.

- Пасля гэтага туалетная папера знікла з туалетаў?

- Не, але, наколькі я ведаю, яе не стае.

- Колькі сродкаў пералічвалі бацькі на апякунскую раду?

- Пры паступленнi на разліковыя рахункі гімназіі пералічваюць па 500 рублёў.

- Я не недачула? Уваход у гімназію каштуе 500 рублёў?

- Так, і я такую суму пераказвала. У гімназію залічваюць па жывой чарзе, не паводле прапісцы. І табе даецца нумар рахунку - да 1 верасня трэба пералічыць.

Бацькі баяліся, што калі ты не аплаціш да 1 верасня, то дзіцяці могуць не залічыць.

Потым штогод бацькі пералічвалі па 60 рублёў на разліковы рахунак на патрэбы гімназіі. Сродкі выдаткоўваліся як на бягучыя выдаткі, напрыклад, фільтры для вады, так і на рамонт.

Дзякуючы нашым фінансах гімназія вельмі добра выглядае. Сталовая - як рэстаран у нацыянальным стылі. Сёлета сродкі выдаткавалі на кабінет хіміі, куплялі новае абсталяванне. Усё, што павінна рабіць дзяржава, рабілася за кошт бацькоў.

Я хацела, каб маё дзіця тут вучылася, і была гатовая плаціць грошы. Але калі на дзяцей прысылаюць міліцыю, калі 16-гадоваму навучэнцу хочуць прышыць адміністрацыйны артыкул за нібыта «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» ў сценах школы, то за гэта ніхто плаціць не гатовы.

Са слоў Ульяны, у дзіцячым садзе, які наведвае малодшае дзіця, у яе не было сіл змагацца з паборамі.

- Аплацілі рублёў 50 - на туалетную паперу і канцылярскія прыналежнасці. Нядаўна папрасілі здаць па 5 рублёў на куплю піяніна. Я сказала: «Хай піяніна просяць у Аляксандра Рыгоравіча".

У рэгіёнах збор сродкаў на патрэбы дзіцячага садка падаюць як «добраахвотную акцыю»

- Праз тыдзень пасля пачатку навучальнага года мяне выдалілі з бацькоўскага чату, - распавядае Аляксандра, мама 5-гадовага Арцёма, які наведвае дзіцячы садок у райцэнтры.

Са слоў Аляксандры, чат актывізаваўся, калі бацькоўскі камітэт пачаў збіраць грошы на цацкі.

- Я выступіла з прапановай напісаць ліст у райвыканкам і даведацца, колькі сродкаў на гэтыя мэты вылучаецца з бюджэту. Некалькі чалавек ухвалілі маё паведамленне. Мамы з бацькоўскага камітэта пачалі пісаць, маўляў, не жадаеце здаваць - не здавайце.

Я не супраць паўдзельнічаць у куплі цацак у групу - майму сыну ў садзе падабаецца, ён ходзіць туды з задавальненнем. Тым больш, сумы невялікія - па 5-10 рублёў у месяц.

Але справа прынцыпу пасля падзей, якія адбыліся пасля выбараў, кантраляваць размеркаванне дзяржбюджэту і цікавіцца, на што ж ідуць нашы падаткі.

Спробы Аляксандры адукаваць бацькоў і растлумачыць, што за цацкі дзецям яны плацяць двойчы, выніку не далі.

- Некаторыя ўважаюць, што лісты ў выканкам пра фінансаванне групы і садка скончацца праверкамі і выхавальнікам скажуць «атата», маўляў, дрэнна працуеце з бацькамі.

«Навошта мы будзем ствараць праблемы выхавальнікам?» - разважае адна мама, дарэчы, педагог, які ведае сістэму адукацыі знутры.

Я тлумачыла, што гэта незаконна, і выхавальнікаў не могуць пакараць за тое, што бацькі не здаюць грошы на цацкі і цікавяцца размеркаваннем бюджэтных сродкаў. Праводзіла паралель са школай, пыталася, ці гатовыя бацькі набываць за свой кошт парты і крэслы ў першы клас. У выніку мяне абвінавацілі ў тым, што ўношу разлад і выдалілі са словамі «ў нас не апазіцыйны і не прававы чат».

Нядаўна выхавальніца ўручыла мне раздрукоўку з нумарам рахунку ўпраўлення адукацыі. Апякунская рада дзіцячага сада запрашае бацькоў узяць удзел у добраахвотнай акцыі, накіраванай на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Сума прапісаная не была. Выхавальніца падкрэсліла, што пералічваць грошы ці не - асабістая справа кожнага, ніхто нікога не прымушае.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках