25 красавiка 2024, Чацвер, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістцы tut.by Кацярыне Барысевіч выставілі абвінавачванне

24
Журналістцы tut.by Кацярыне Барысевіч выставілі абвінавачванне
Фото: tut.by

Яна застаецца пад вартай.

Увечары 29 лістапада скончыўся тэрмін, на працягу якога журналістцы tut.by Кацярыне Барысевіч павінны былі выставіць абвінавачванне і выбраць меру стрымання. Паколькі на свабоду яе не адпусцілі, можна зрабіць выснову, што Кацярына знаходзіцца ў статусе абвінавачанай і застаецца пад вартай. Следства ўзяло з адвакатаў падпіску пра навыдаванне ў самым шырокім значэнні, таму на які тэрмін абрана самая строгая мера стрымання, нам невядома. Зыходзячы з практыкі, можна меркаваць, што на два месяцы, значыць да 19 студзеня 2021 года.

Генпракуратура распачала крымінальную справу паводле факту выдавання лекарскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Гаворка ідзе пра стан загінулага Рамана Бандарэнкі. Кацярына была аўтаркай артыкула, дзе паказвалася, што ў яго крыві не было алкаголю. Сваякі Рамана прэтэнзій да СМІ і медперсаналу не выказвалі, маці дала згоду на распаўсюд інфармацыі аб стане сына.

27 лістапада ў Генеральную пракуратуру былі накіраваны характарыстыкі і звароты ад вядучых незалежных СМІ з просьбай абраць Кацярыне Барысевіч меру стрымання, не звязаную з утрыманнем пад вартай. Таксама перададзены копіі дыпломаў і грамат, якія Кацярына атрымлівала ад Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, МНС і іншых ведамстваў за асвятленне дзейнасці праваахоўных органаў у Беларусі і прававую асвету грамадзян.

Крымінальная справа распачатая паводле ч.3 арт. 178 КК, гэта злачынства аднесена да катэгорыі менш цяжкіх. У 2019 годзе на «гістарычнай» нарадзе Лукашэнкі з сілавікамі падкрэслівалася неабходнасць часцей абіраць альтэрнатыўныя меры стрымання (падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах, асабістае паручальніцтва, залог, хатні арышт), не звязаныя з узяццем пад варту.

Паводле закону пракуратура мае права як накіраваць справу для расследавання ў следчыя органы (Следчы камітэт або Камітэт дзяржаўнай бяспекі), так і самастойна праводзіць папярэдняе следства - «у мэтах забеспячэння ўсебаковага, поўнага і аб'ектыўнага даследавання акалічнасцяў крымінальнай справы» (арт. 34 КПК), апошняе бывае вельмі рэдка, але справу расследуюць менавіта супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры, як вынікае з сюжэту СТВ.

Фігурантам крымінальнай справы з'яўляецца таксама лекар-анестэзіёлаг Арцём Сарокін. На тэлеканале СТВ быў паказаны сюжэт, у якім ён прызнае віну, па ўсіх пунктах абвешчаных Генпракуратурай у паведамленні аб распачынанні крымінальнай справы, і заклікае калег вярнуцца да працы. Нагадаем, што пасля затрымання Арцёма і Кацярыны па ўсёй краіне прайшлі акцыі салідарнасці «Нуль праміле», у тым ліку, і сярод медработнікаў.

Раскрыццё лекарскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення. Наогул паводле фактаў выдавання лекарскай таямніцы справа распачынаецца паводле заявы пацярпелага, бо гэта з'яўляецца справай прыватнага абвінавачвання (ч. 1 арт. 178 КК). Але калі гаворка пра цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК), а менавіта такой фармулёўкай аперуе Генпракуратура, то ў гэтым выпадку гэта ўжо справа публічнага абвінавачвання, і праваахоўныя органы, у тым ліку пракуратура, могуць распачаць справу і без заявы пацярпелага, як і адбылося ў гэтым выпадку.

Што ж такое «цяжкія наступствы» паводле арт. 178 КК? У каментары да Крымінальнага кодэксу адзначаецца, што «пад цяжкімі наступствамі разумеюцца, напрыклад, такія наступствы, якія прывялі да звальнення асобы з займанай пасады, да разводу, самагубству, захворвання псіхічнай хваробай і г.д.». Як мы бачым, пералічаныя наступствы маюць непасрэднае дачыненне да асобы, пра дыягназ якой даведалася грамадскасць. Што ж пра «цяжкія наступствы» паведамляе Генеральная пракуратура? «Дзеі названых асоб (лекара і супрацоўніцы tut.by. - Заўвага. Рэд.) пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў падвышэнні напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў».

Кацярына знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, так званай Валадарцы, дзе бытавыя ўмовы горшыя, чым у СІЗА КДБ, дзе амаль тыдзень прабыла журналістка. Ад зняволеных, якія прайшлі Валадарку, нам вядома, што там праблемы з перанаселенасцю, у камерах сыра, адзенне сохне некалькі дзён, яшчэ адно выпрабаванне - курцы, якіх у камерах, як правіла, большасць, і паляць яны тут жа, пах у камерах адпаведны. У нас пакуль няма звестак пра тое, што Кацярыне перадаюць лісты ў СІЗА №1 (у СІЗА КДБ яна атрымала ўсяго адзін ліст), хоць дакладна вядома, што дзясяткі людзей ужо адправілі ёй лісты і паштоўкі.

Пра ўмовы ў жаночых камерах на Валадарцы падрабязна распавядала юрыстка Лілія Уласава, яна была пад вартай паўтара месяца:

- У камеры ўтрымлівалася 10 чалавек, тут я правяла тры тыдні, да дня вызвалення. Умовы былі жорсткія. У невялікім пакоі знаходзіцца 10 жалезных нараў у два паверхі, прыбіральня і рукамыйніца з халоднай вадой, дзённага святла не было. Акрамя кратаў вокны забітыя жалезнымі жалюзі, якія не прапускаюць дзённае святло і ўскладняюць доступ паветра. Пад'ём а 6 раніцы, з гэтага часу і да адбою а 22 гадзіны забаронена ляжаць, можна хадзіць і сядзець на ложку. Мне з прычыны стану здароўя было дазволена ляжаць. У камеры быў тэлевізар, які трансляваў толькі беларускія каналы і НТВ. Дзесяць чалавек у адным пакоі спалі, елі, мыліся і хадзілі ў прыбіральню.

Восем з дзесяці жанчын палілі, часам я адчувала, што задыхаюся, даводзілася паветра "лавіць" у маленькую шчылінку жалюзі. Страціла нюх, дагэтуль не адчуваю пахаў. Калі пазнаёміліся, сукамерніцы пашкадавалі мяне і сталі паліць менш. Адмовіцца ад цыгарэт яны не могуць, бо для іх папаліць і выпіць кавы - адзіная радасць. Усім зняволеным выдаюць персанальныя конаўкі. Калісьці гэтыя конаўкі былі эмаляваныя, але эмаль знасілася, у мяне была конаўка з іржавым дном. Я папрасіла яе замяніць, але прынеслі такую ж, сказалі, што лепшай няма. Муж некалькі разоў спрабаваў перадаць пластмасавы кубак - не бралі. Выбару не было, піла з таго, што было, і старалася не глядзець на іржу.

Кацярына Барысевіч больш за 10 гадоў працуе журналісткай, адзначана прафесійнымі ўзнагародамі, у тым ліку ад праваахоўных органаў Беларусі, спецыялізуецца на асвятленні прававых тэм, яна пісала пра шматлікія рэзанансныя крымінальныя справы.

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч. Звяртаючыся ў першую чаргу да Генеральнай пракуратуры, БАЖ заклікае засяродзіцца на пошуку вінаватых у смерці Рамана Бандарэнкі (справа расследуе Генпракуратура), а не пераследваць журналістку, якая падрыхтавала матэрыял, і лекара, які даў каментар на сацыяльна важную тэму, не парушыўшы правы сваякоў загінулага.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала журналістку tut.by і лекара-анестэзіёлага шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі вязнямі сумлення. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Барысевіч палітзняволенай.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках