28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Брытаніі заклікаюць увесці санкцыі супраць партманэта Лукашэнкі

20
У Брытаніі заклікаюць увесці санкцыі супраць партманэта Лукашэнкі

Адная з лідарак лейбарыстаў мяркуе, што Лондан павінен ударыць па Міхаілу Гуцэрыеву.

Брытанскія ўлады заклікалі праверыць сувязі мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева і «астатняга дыктатара Еўропы» Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта падрабязна напісала ўплывовая газета The Telegraph, піша сайт kyky.org.

«Багацце на 1,1 мільярда даляраў». Што трэба ведаць пра Гуцэрыева і ягоную сям'ю

Тэкст пачынаецца з аповяду пра «самае дарагое вяселле ў свеце» - вяселле сына мільярдэра Саіда Гуцэрыева (ён вырас у Лондане і скончыў Оксфард). Кошт гэтага мерапрыемства ў The Telegraph ацэньваюць на дзясяткі мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. І нагадваюць, што там выступалі такія зоркі як Джэніфер Лопес, Стынг і Энрыке Іглесіяс. Сукенка нявесты каштавала амаль мільён даляраў, а вясельны картэж быў сабраны з ролс-ройс.

Пра гэтую падзею пісалі і гаварылі ўсе, але праз чатыры гады пасля вяселля, піша The Telegraph, увага была звернутая на сувязі паміж сям'ёй Гуцэрыева і Лукашэнкі.

Крытыкі Лукашэнкі патрабуюць ад брытанскага ўрада і ЕЗ правесці расследаванне сувязяў паміж Лонданам і Менскам. І накласці санкцыі на «ўсіх алігархаў, якія будуць абвінавачаныя ў блізкіх сувязях з дыктатарам, якога абвінавачваюць у парушэнні правоў чалавека».

Далей у The Telegraph пералічваюць вядомыя актывы Гуцэрыева. Згадваецца кампанія GCM Global Energy PLC, у якой Саід і Міхаіл Гуцэрыевы валодаюць кантрольным пакетам. Яе офіс знаходзіцца ў цэнтры Лондана. Аўтары тэксту пішуць, што ў GCM Global ёсць інтарэсы ў Беларусі. Кантракт з калійным заводам коштам на 1 мільярд фунтаў стэрлінгаў, які павінен пачаць дзейнічаць у наступным годзе.

Таксама The Telegraph нагадвае, што Гуцэрыеў з'яўляецца старшынём управы «Руснафта». Гэта адна з найбуйнейшых нафтавых кампаній Расеі, якая стала адзіным расейскім пастаўшчыком нафты ў Беларусь. Не забыліся згадаць і Currency.com - кампанію абмену крыптавалют, якая базуецца ў Менску. Яе таксама стварыў Саід Гуцэрыеў.

The Telegraph піша: паводле ацэнкі Forbes, багацце Саіда Гуцэрыева складае 1,1 мільярда даляраў, а ягонага бацькі - удвая больш.

Калі Гуцэрыеў быў заўважаны асабіста з Лукашэнкам

The Telegraph піша, што Міхаіл Гуцэрыеў зблізіўся з Лукашэнкам у 2007 годзе, калі пакінуў Маскву, баючыся пераследу (пасля сваркі з іншым алігархам). Спачатку Гуцэрыеў прыляцеў у Менск, пасля чаго перабраўся на тры гады ў Лондан.

У газеце нагадваюць, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994-м. І ўдакладняюць, што ў гэтым годзе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не прызналі ні Еўразвяз, ні ЗША. А брытанскі міністр замежных спраў Дамінік Рааб назваў фальсіфікацыю вынікаў галасавання «нікчэмнай» і ўвёў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і ягоных высокапастаўленых чыноўнікаў.

Нягледзячы на тое, што большасць краін свету не прызнала Лукашэнку, ён правёў у Менску таемную інаўгурацыю, на якой, як піша газета, нібыта прысутнічаў Міхаіл Гуцэрыеў. The Telegraph удакладняе: «Згодна з бартавым часопісам, Гуцэрыеў прыбыў у Менск за дзень да інаўгурацыі і вылецеў у Маскву на наступны дзень. 5 кастрычніка двое мужчын плячо д пляча з'явіліся на публіцы на адкрыцці новай царквы пад Менскам».

Хто патрабуе «адлучыць» Гуцэрыева ад Лондана праз сувязі з Лукашэнкам

The Telegraph піша, што актывісты апазіцыі заклікалі брытанскі ўрад спыніць бізнэс сувязі паміж Лонданам і Менскам, якія, з іх слоў, дапамагаюць падтрымліваць дыктатуру.

Прадстаўнік iSANS і Creative Politics Hub у каментары The Telegraph заявіў: «Мы заклікаем кіраўніцтва Вялікабрытаніі, ЕЗ і ЗША ўвесці тэрміновыя санкцыі супраць такіх людзей, як Гуцэрыеў, якія працягваюць зарабляць вялікія грошы ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі працягвае парушаць правы чалавека. Маштабы парушэнняў у Беларусі з'яўляюцца самымі вялікімі ў Еўропе за 30 гадоў, уключаючы гвалтаванні, катаванні і забойствы. Гэта няправільна, што алігархі накшталт Гуцэрыева зарабляюць мільёны на Беларусі, пакуль людзі пакутуюць ад рэжыму».

Кэтрын Уэст, ценявая міністарка лейбарыстаў ў Еўропе і актывістка кампаніі супраць рэжыму Лукашэнкі: «Лондан не павінен выкарыстоўвацца алігархам, які з'яўляецца сябрам Лукашэнкі, для падтрымкі ягонага гнюснага рэжыму. Я заклікаю Дамініка Рааба ўвесці санкцыі, якія маюць эфект і б'юць Лукашэнку там, дзе яму балюча - па партманэце».

The Telegraph таксама спрабаваў атрымаць каментары ў сям'і Гуцэрыева, але прадстаўнік «Сафмар» адмовіўся даваць інфармацыю на выходных, прапанаваўшы даць афіцыйны адказ у панядзелак.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках