25 красавiка 2024, Чацвер, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргея Ціханоўскага ўжо паўгода трымаюць у СІЗА

22
Сяргея Ціханоўскага ўжо паўгода трымаюць у СІЗА
Сяргей Ціханоўскі

У Жодзіне народны блогер знаходзіцца чацвёрты месяц, да гэтага быў у СІЗА № 1 на Валадарскага.

Днямі народнаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму выставілі новае абвінавачанне - у «распальванні сацыяльнай варожасці», акурат напярэдадні заканчэння тэрміну ўтрымання паводле папярэдняга абвінавачвання, піша tut.by.

Ціханоўскі ў СІЗА ўжо паўгода, і яго павінны былі альбо адпусціць, альбо накіраваць справу ў суд. Аднак следчыя органы пайшлі іншым шляхам - зараз у палітвязня новае абвінавачванне, якое дазваляе і далей утрымліваць яго пад вартай - да 18 месяцаў. Адвакат Віктар Мацкевіч на мінулым тыдні наведаў Сяргея ў ізалятары, кажа, што ён вельмі абураны новым абвінавачваннем. Падрабязнасці паводле справы абаронцы не выдаюць: з іх узялі падпіску пра неабнародванне.

Такім чынам, Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачванне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

- «Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК караецца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін) у сувязі з падзеямі ў Гародні 29 траўня, дзе Ціханоўскі і быў затрыманы;

- «перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі» (арт. 191 КК, караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін) - баршчаварка Ярмошына паведаміла ў СМІ пра тое, што прызнанае сябе «пацярпелай» паводле справы, заяўляла, што «Ціханоўскі небяспечны для дзяржавы і грамадства»;

- «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці», учыненае групай асоб, што пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 130 КК, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў).

Адвакатка Наталля Мацкевіч падрабязна разбірала абвінавачанне паводле двух першых артыкулаў:

- З нагоды арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Уся краіна мела магчымасць у жывым эфіры назіраць, як 29 траўня ў Гародні праходзіў пікет для збору подпісаў з удзелам Сяргея Ціханоўскага. І мы не бачым на стрыме ні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ні яўнага непадпарадкавання законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі, не кажучы ўжо пра тое, што не было парушэнняў працы транспарту, устаноў і арганізацый, што з'яўляецца прыкметамі складу злачынства паводле артыкула 342. паводле другой справы, распачатай на заяву Ярмошынай аб тым, што нібыта Ціханоўскі ёй пагражаў, сказаўшы на пікеце ў Магілёве 27 траўня, што «каля дома Лідзіі Ярмошынай у Менску будзе выдатны пікет таксама, заадно ў госці зойдзем». Не трэба быць вялікім юрыстам, каб разумець, што пагроза - гэта абяцанне нанесці шкоду. А Ціханоўскаму ставяць у віну як пагрозу абвяшчэнне, што наступны пікет для збору подпісаў пройдзе каля дома Ярмошынай, прычым пікет законны, на які не патрабуецца дазволу, і ў незабароненым месцы. Ні юрыдычна, ні псіхалагічна, ні лінгвістычна, на мой погляд, тут нельга ўгледзець пагрозу.

Што да новага абвінавачання, то Следчы камітэт яшчэ ў ліпені 2020 года заяўляў, што «ў дачыненні да Ціханоўскага распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса аб фактах учынення наўмысных дзеянняў, накіраваных на распачынанне іншай сацыяльнай варожасці, заклікаў да ўчынення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Якая фармулёўка ўтрымліваецца ў канчатковым абвінавачанні, пакуль невядома: у адвакатаў узялі падпіску пра неагучванне, на сайце СК падрабязнасцяў таксама няма.

Спробы прыцягнуць да адказнасці за распальванне варожасці ў дачыненні да праваахоўных органаў як сацыяльнай групы былі і раней, напрыклад паводле справы актывіста Дзмітрыя Паліенкі, але ў судзе пракурор адмовіўся ад абвінавачвання ў гэтай частцы. Беларускія праваабаронцы адзначалі спрэчнасць довадаў пра тое, што міліцыя з'яўляецца асобнай сацыяльнай групай, бо супрацоўнікаў не аб'ядноўваюць нацыянальныя, этнічныя і іншыя прыкметы, якія адрозніваюць іх ад працаўнікоў іншых сфер.

У канцы мінулага тыдня адвакат Віктар Мацкевіч наведаў Ціханоўскага ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Рэакцыю Сяргея на новае абвінавачанне ён апісвае лаканічна: «Вельмі абураны».

У Жодзіне Ціханоўскі знаходзіцца чацвёрты месяц, да гэтага быў у СІЗА № 1 на Валадарскага, дзе пабываў у карцэры і сур'ёзна схуднеў. Са слоў абаронцаў, у Жодзіне ўмовы ўтрымання лепшыя.

- Сяргей знаходзіцца адзін у камеры, гэта дамоўленасць з адміністрацыяй, каб не было ніякіх правакацый, - тлумачыла адвакатка Наталля Мацкевіч. - Каго ён бачыць? Супрацоўнікаў, якія раніцай і ўвечары заходзяць з праверкай, адвакатаў, якія прыязджаюць два разы на тыдзень. На шпацыр яго выводзяць, але там ён таксама адзін. Яму перадалі тэлевізар, праз падпіску прыходзіць адна газета. Нягледзячы на абмежаваныя кантакты з вонкавым светам, ён вельмі адэкватна ўспрымае ўсё, што адбываецца за сценамі турмы, у курсе ўсіх навін, у тым ліку пра тое, што робіць ягоная жонка. Трэба сказаць, яму прыходзяць лісты, у тым ліку ад незнаёмых людзей, яго вельмі натхняе, што пра яго не забываюць.

У артыкуле 127 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ пазначана: падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай звыш шасці месяцаў дапускаецца толькі ў дачыненні да асоб, якія абвінавачваюцца ва ўчыненні цяжкіх або асабліва цяжкіх злачынстваў.

Сяргей Ціханоўскі прызнаны палітвязнем.

Святлана Ціханоўская апошні раз бачыла мужа паўгода таму, напярэдадні ягонага візіту ў Гародні. Спатканняў з жонкай і іншымі сваякамі ў Сяргея не было. Са слоў Святланы, перапіску яны не вядуць, усю інфармацыю адзін пра аднаго яны атрымліваюць праз адвакатаў. Сяргей часам бачыць сюжэты пра Святлану на беларускай тэлевізіі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках