25 красавiка 2024, Чацвер, 14:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я наогул не чуў ні ад кога, што хтосьці збіраецца перастаць хадзіць на акцыі»

1
«Я наогул не чуў ні ад кога, што хтосьці збіраецца перастаць хадзіць на акцыі»
АНДРЭЙ РАБЧЫК
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Пасля 15 дзён арышту вызваліўся журналіст Андрэй Рабчык.

Андрэя Рабчыка затрымалі блізу поўдзень 15 лістапада ў нумары гатэля «Арбіта». У той жа дзень па ўсёй Беларусі былі затрыманыя яшчэ 24 журналісты. Судзілі аператара на наступны дзень, 16 лістапада. На суд не змаглі трапіць не толькі калегі Андрэя, але нават ягоны адвакат, паведамляе «Радыё Свабода».

«Мой суд доўжыўся добрых пяць хвілін - распавядае Андрэй. - Мне, як бы гэта сказаць «прышылі» артыкул 23.34 адміністрацыйнага кодэкса, удзел у масавых мерапрыемствах. Сведкам быў Іваноў Іван Іванавіч. Сказаў, што я ішоў вуліцай, а ў руках трымаў транспаранты, сцягі і іншую сімволіку. Хоць я ў гэты час знаходзіўся на 10-м паверсе гатэля «Арбіта», здымаў відэа з нумара гатэля праз акно. Усё вельмі хутка было, я нават не змог наняць адваката. Толькі на крэсла прысеў перад ноўтбукам, а ўжо трэба было ўставаць»

Затрымалі Андрэя разам з калегамі проста ў нумары, куды зайшлі людзі ў цывільным, прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі і адвезлі журналістаў спачатку ў РУУС, а затым на Акрэсціна. Там Андрэй пераначаваў, там жа праз скайп даваў паказанні падчас суда. Неўзабаве пасля працэсу яго разам з іншымі арыштаванымі 15 лістапада людзьмі перавезлі ў аўтазаках у Жодзіна. Тое, што ён журналіст, нікога з праваахоўнікаў не зацікавіла.

«Мяне нідзе асабліва не апытвалі, - кажа Андрэй. - Далі пратакол на рукі і ўсё. Калі я ўбачыў пратакол у РУУС, то ў мяне вочы акругліліся. Сказаў, што я журналіст, што не ўдзельнічаў у шэсці і нават на вуліцы не быў тады, быў у гатэлі. Але гэта нікога не цікавіла. Сказалі, што магу абскардзіць, магу рабіць што заўгодна. Агулам ставіліся нармальна. У Жодзіне жорстка сустракалі. Крычалі, некалькіх чалавек ударылі. Казалі, што мы павольна перамяшчаемся. Але калі загналі ў камеры, то ўсё скончылася. У Жодзіне такі своеасаблівы рэжым, турэмны. На Акрэсціна прасцей. Як разумею, Акрэсціна цяпер трэба «адбельваць», таму там больш лагодна».

Андрэй распавядае, што ў Жодзіне спачатку трапіў у 6-мясцовую камеру, дзе было 12 чалавек. Спаць давялося, хто дзе мог. Але на наступны дзень усіх раскідалі па іншых камерах, і месцаў стала хапаць.

«Сядзяць у асноўным прадпрымальнікі, вельмі шмат прадстаўнікоў малога бізнэсу, - кажа Андрэй. - У нас быў адзін ІТ-спецыяліст. Таваразнаўца адзін быў, вельмі адукаваны хлопец. Але асноўная маса - індывідуальныя прадпрымальнікі. Кнігі чытаць у камеры было складана. Шэсць чалавек сядзяць, увесь час хтосьці размаўляе. Я таму пераважна кніг не чытаў. Выратаванне - сканворды, крыжаванкі. Іх уся камера разгадвае. І даміно яшчэ. Выяўляецца, гэта вельмі весела і азартна. І гэта дазволена»

Да канца верасня Андрэй працаваў як акрэдытаваны журналіст беларускай службы «Радыё Свабода». Пасля падаў новыя дакументы на пераакрэдытацыю, адказу з МЗС пакуль няма. Улетку Андрэя некалькі разоў ужо затрымлівалі падчас працы на акцыях пратэсту, але пасля праверкі дакументаў і некалькіх гадзін у РУУС адпускалі. Пад арышт журналіст трапіў упершыню.

«Я першы раз быў у такіх умовах, таму для мяне ўсё было новым, - кажа Андрэй. - Не ведаў, напрыклад, што посуд трэба мыць самім. І што пажадана, каб у перадачах быў сродак для мыцця посуду, бо вада ў камерах толькі халодная і памыць нешта праблематычна. Але гэта дробязі. Мяне нічога не ўразіла там».

Са слоў журналіста, арыштанты не толькі не мяняюць палітычных поглядаў, але яшчэ і радыкалізуюцца.

«Спалоханым у камерах я за ўвесь час не бачыў нікога, - кажа Андрэй. - Людзі рэальна злыя. Усе кажуць, што і раней ведалі аб несправядлівасці, але затрыманне і арышт іх толькі раззлавалі. Я наогул не чуў ні ад кога, што хтосьці збіраецца перастаць хадзіць на акцыі. Будуць хутчэй бегаць - гэта так. А каб нехта сказаў, што больш не выйдзе - такога не чуў. Людзі настроеныя па-баявому і выходзяць на свабоду злыя. Не ведаю, чаго хоча дамагчыся ўлады»

Са слоў журналіста, душ у жодзінскай турме зняволеным дазваляюць раз на тыдзень. Былі і шпацыры, але не кожны дзень, як запісана ў распарадку дня. Арыштантаў выводзілі ў невялікі дворык 3 на 3 метры з небам у кратку. Але скарыстацца гэтым момантам стараліся, бо гэта адзіная магчымасць легальна папаліць.

«Ахоўнікі розныя, - распавядае Андрэй пра сваіх наглядчыкаў. - Ад тых, хто сядзіць за кратамі гадамі, яны вонкава не адрозніваюцца ў прынцыпе. Формай толькі. На тэлефонах рынгтанаў блатняк стаіць нейкі ва ўсіх. Адзін начальнік нас вітаў аднойчы словамі «Добрай раніцы, калабаранты». Але неяк так усё. Хто старэйшы, тыя больш лагодныя. Маладыя - ірвачы. Могуць сказаць: «Чаго ты ляжыш, у нас рэжым і парадак». На палітычныя тэмы не спрабавалі размаўляць. Пыталіся толькі, ці маем нейкія скаргі, прапановы. Ставілі нам па ўнутраным радыё набор патрыятычных песень. Там сярод іншых была песня Данчыка «Беларусь мая». Напэўна, не ведалі, хто гэта такі».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках