20 красавiка 2024, Субота, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнта БДУІР, асуджанага шэсць разоў, прызналі палітвязнем

12
Студэнта БДУІР, асуджанага шэсць разоў, прызналі палітвязнем
ФОТА: TUT.BY

Яна Салановіча асудзілі ўжо на 86 содняў.

Праваабаронцы прызналі палітвязнем студэнта-чацверакурсніка БДУІР Яна Салановіча.

Хлопца затрымалі 1 лістапада на маршы ў Курапаты. Над ім прайшло цэлых шэсць судоў, якія асудзілі яго на 86 содняў арышту. Са слоў маці, пад ціскам Салановіч прызнаўся ў 15 эпізодах удзелу ў мірных акцыях, пачынаючы са жніўня 2020-га. Ёсць асцярогі, што хлопцу могуць прысудзіць і вялікі тэрмін.

Праваабаронцы ўважаюць практыку ў некалькі адміністрацыйных арыштаў запар заганнай і палітычна матываванай. На іх думку, яна выкарыстоўваецца дзеля ціску і пакарання за грамадскую актыўнасць. Яны падкрэсліваюць, што па сваёй працягласці пакаранне Яна Салановіча адпавядае арышту ў рамках Крымінальнага кодэкса.

«Зняволенне Яна Салановіча выкарыстана выключна ў сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюджвання інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека - Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, між іншым», - гаворыцца ў заяве, якую публікуе праваабарончы сайт «Вясна».

Праваабаронцы патрабуюць скасаваць прысуды Салановічу, спыніць пачатыя на яго адміністрацыйныя справы, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных сходаў і вызваліць усіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у іх.

Дакумент падпісалі праваабарончы цэнтр «Вясна», кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта», Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА «Прававая ініцыятыва», Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт», простае таварыства «Ініцыятыва FORB», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Салановіч стаў 146-м палітвязнем у Беларусі на сёння.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках