20 красавiка 2024, Субота, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: У нас адно выйсце – перамагаць

18
Наталля Радзіна: У нас адно выйсце – перамагаць
Наталля Радзіна

Беларусы ведаюць, за што змагаюцца.

Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна ў новай праграме Studio Х97 расказала пра ўнікальнасць беларускага супраціву, будучую люстрацыю міліцыянтаў і чыноўнікаў і неўнікнёнасць адстаўкі Лукашэнкі. Вядоўца – Яўген Клімакін.

Паважаныя чытачы! Вы можаце падпісацца на канал «Хартыі-97» на Youtube charter97video. Для гэтага трэба зайсці на старонку charter97video і націснуць чырвоную кнопку «Падпісацца». Калі вы хочаце атрымліваць апавяшчэнні аб новых відэа на канале charter97video, то націсніце «званочак».

– Наталля, першае пытанне табе хачу задаць як галоўнай рэдактарцы Хартыі'97. Мы, журналісты, усе цудоўна ведаем, што калі ў чытача, у інтэрнэт-карыстальніка падае цікавасць да нейкай тэмы, калі ён стамляецца ад яе – адразу падаюць запыты, пошукі, рэйтынгі адпаведных тэмаў, публікацый артыкулаў. Калі глядзіш на статыстыку Хартыі'97, што ты бачыш? Цікавасць беларускіх чытачоў да рэвалюцыі, да акцыяў пратэсту, яна ўпала ці яны ўсё яшчэ ў топе?

– Вядома, яны ў топе і будуць у топе. Таму што рэвалюцыя прадаўжаецца і, калі мы пераможам, безумоўна, пачнуцца вельмі цікавыя працэсы. Таму незалежныя інтэрнэт медыя сёння маюць масу чытачоў як у Беларусі, так і за мяжой, паколькі тэма беларускай рэвалюцыі вельмі цікавая сёння ў свеце.

Да таго ж беларусы самі сталі ўдзельнікамі стварэння кантэнту незалежных інтэрнэт-мэдыя і тэлеграм-каналаў. Усе з тэлефонамі, усе здымаюць відэаролікі на акцыях пратэсту, дасылаюць. Гэта велізарная дапамога, вядома, і нам, журналістам, і гэта спрыяе салідарнасці і ўдзелу людзей у самім рэвалюцыйным працэсе.

– Вялікі Васіль Быкаў пісаў, што «найгоршае ў жыцці – гэта нявызначанасць, таму што яна адымае волю да дзеяння». Людзі выходзяць на акцыі пратэсту, людзі робяць усё, што могуць, але, тым не менш, ёсць вось гэтая вось нявызначанасць. Невядома, калі рэжым знікне, калі будзе зрынуты. Ці адымае гэта волю да дзеянняў?

– У нас усё досыць вызначана. Людзі ведаюць, што яны перамогуць, таму што мы на баку дабра. Мы спрабуем скінуць ненавісную дыктатуру, кожны ведае, дзеля чаго ён змагаецца сёння. Дзеля сваёй уласнай будучыні, дзеля сваіх дзяцей, дзеля таго, каб жыць у нармальнай, свабоднай, дэмакратычнай краіне. І ўвогуле ўсе дакладна ведаюць, што мы пераможам. Нягледзячы на ​​тое, што рэвалюцыя прадаўжаецца ўжо тры месяцы, людзі абсалютна ўпэўненыя, што перамога будзе хутка і яна будзе за намі.

– Знялі кіраўніка МУС Юрыя Караева. Як ты разумееш, з чым звязаная гэта падзея? Дарэчы, звярні ўвагу, што гэта далёка не першая такога кшталту падзея ў вярхах, я маю на ўвазе ў сілавых органах, у рэпрэсіўным апараце.

– З аднаго боку, Лукашэнка спрабуе будаваць цяпер ваенную дыктатуру, з другога боку, ён не давярае ўласным сілавікам, таму ён іх сёння тасуе. Вядома ж, адпраўляць міністра ўнутраных справаў у рэгіён і зрабіць тое самае з былым старшынём КДБ і сакратаром Рады бяспекі Вакульчыкам – гэта паніжэнне. Хоць кажуць, што іх накіравалі ў Берасцейскую і Гарадзенскую вобласці для таго, каб яны назіралі за наменклатурай, таму што пачалося закісанне, і ў цэлым яна ўжо гатовая разбягацца.

Нічога ў Лукашэнкі не атрымаецца. Так, ён памяняў Караева на Кубракова, які апынуўся дакладна такім самым нягоднікам. Гэта мы бачылі на акцыі пратэсту ў нядзелю, на маршы «Не забудземся, не прабачым!». Калі людзей зноў збівалі, арыштоўвалі, ужывалася зброя, светлашумавыя гранаты. Гэта было жахліва, таму што, у тым ліку, такія баявыя дзеянні адбываліся ў Курапатах, на месцы расстрэлу НКУС сотняў тысячаў чалавек, ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. І гэта – Курапаты праз 80 гадоў, пры рэжыме Лукашэнкі – адраджэнне фашызму.

Тым не менш, паўтару, нічога ў Лукашэнкі не атрымаецца. Усё роўна рэжым дажывае апошнія дні, тыдні, максімум, месяцы. Як бы ты ні спрабаваў утрымаць уладу, як бы ты ні спрабаваў нацкоўваць на людзей сваіх ланцужных сабак і АМАП – у цябе нічога не атрымаецца, калі цябе ненавідзяць усе. Усе пласты грамадства сёння выступаюць супраць гэтага злачыннага рэжыму.

Яшчэ момант – эканоміка, якая сёння ў Беларусі ў жаласным стане. І калі не будуць неадкладна праведзеныя рэформы, а пры Лукашэнку, безумоўна, яны не будуць праведзеныя – то эканоміку чакае імклівая дэградацыя, і вельмі хутка Лукашэнка не зможа плаціць грошы нават сваім амапаўцам, паколькі мы ўжо ведаем, што ён марнуе ўласныя рэсурсы, тое, што ён нарабаваў цягам дваццаці шасці гадоў. Новых крэдытаў яму браць ужо няма адкуль: Захад крэдыты не дасць, Расея, мяркуючы з усяго, таксама. У расейцаў сёння ў саміх бядотнае становішча.

І таму ў гэтай сітуацыі вельмі хутка, я думаю, тыя самыя міліцыянты, тыя самыя супрацоўнікі АМАПу, тыя самыя супрацоўнікі КДБ застануцца без сваіх велічэзных заробкаў, якія яны прывыклі атрымліваць. Ну і, вядома ж, гэта адаб'ецца і на працаўніках бюджэтнай сферы. Я думаю, што ў Беларусі хутка будуць сур'ёзныя хваляванні, у тым ліку на прадпрыемствах, у сувязі з рэзкім зніжэннем заробкаў.

– Я чуў, што ў цябе сваяк працаваў (працуе) у сілавых структурах.

– Працаваў. Ён быў супрацоўнікам міліцыі і сышоў адразу ж пасля выбараў.

– Чаму?

– Ну, іх выгналі на плошчу. Увогуле, ён ніколі не ўдзельнічаў у разгонах акцыяў апазіцыі. Але калі яго выгналі 10 жніўня і ён убачыў на плошчы ўласнага дзядулю ў калоне пратэстоўцаў – на наступны ж дзень напісаў заяву пра сыход.

– Як ты ставішся да таго, што часта, рэгулярна з'яўляюцца і на тэлеграм-каналах, і ў сродках масавай інфармацыі персанальныя звесткі амапаўцаў, прадстаўнікоў сілавога апарату?

– Дэананімізацыя – гэта добра ў нашай сітуацыі, народ павінен ведаць імёны ўсіх злачынцаў. І яны павінны разумець, што не здолеюць застацца ананімнымі, мы даведаемся кожнага, нават нягледзячы на ​​тое, што яны ўсе ходзяць сёння ў масках. Яны самі баяцца. Яны ў такім вельмі нервовым, паўістэрычным стане, у іх жах у вачах, яны самі баяцца. І я разумею чаму. Ім даводзіцца сёння выступаць супраць сваіх блізкіх сваякоў, супраць сваіх суседзяў, аднакласнікаў. Іх ненавідзяць. Так, ён сёння на акцыях у балаклаве, але ягоныя суседзі ведаюць, дзе ён працуе. Ягоныя блізкія сваякі ведаюць, дзе ён працуе. Ягоная жонка ведае, дзе ён працуе. Усё роўна не схаваешся.

Нянавісць, пагарда людзей іх будзе пераследаваць да канца жыцця. Што іх чакае наперадзе? Ім або давядзецца ўцякаць з краіны, або іх будуць судзіць.

– А вось, уласна, Наталля, што з імі рабіць пасля перамогі?

– Безумоўна, іх трэба будзе судзіць, і я выступаю за люстрацыю, люстраваныя павінны быць усе супрацоўнікі АМАПу, якія засталіся на сваёй працы пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тое самае тычыцца і супрацоўнікаў міліцыі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях. І, безумоўна, супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія сёння вельмі актыўна ўдзельнічаюць ва ўціску дэманстрацый. Усе карныя органы, усе людзі, якія былі задзейнічаныя ў гэты перыяд для ўціску мірных пратэстаў, павінны панесці пакаранне.

– Наталля, не ведаю, ці пагодзішся ты са мной, але мне здаецца, што вось на нашай журналісцкай браціі ёсць адзін такі грэх, што часта мы зашумліваем, калі гаворым пра сітуацыю, пра беларускую рэвалюцыю, сапраўды важныя тэмы, нейкімі вар'яцкімі бясконцымі цытатамі Лукашэнкі, што ўвесь час усе тыражуюць. «Лукашэнка сказаў тое, Лукашэнка сказаў гэта». Якая розніца, што ён сказаў, чалавек хворы. І таму зашумліваюцца нейкія сапраўды важныя тэмы, напрыклад палітвязні. Што цяпер са Статкевічам? А што цяпер з Бабарыкам, Ціханоўскім, Севярынцам і гэтак далей? Што з імі цяпер, што вядома?

– Вядома, на жаль, вельмі мала. Мы ведаем, што калі іх арыштавалі, да іх ужываліся катаванні. Яны знаходзіліся ў першыя месяцы нехта ў СІЗА на Валадарскага, нехта ў турме на Акрэсціна, і ўмовы ўтрымання былі проста жахлівыя. Мы гэта ведаем, таму што нават Павал Севярынец, вернік, спрабаваў ускрыць сабе вены на знак пратэсту супраць таго, што яго трымалі ў карцары без вады, у холадзе, умовы былі вельмі цяжкія.

Цяпер, я перакананая, гэтым людзям вельмі нялёгка, таму што практычна нічога невядома пра тое, у якіх яны знаходзяцца умовах, які ў іх стан здароўя. Раней, у ранейшыя гады, хоць нейкая інфармацыя прасочвалася. Цяпер зрэдку прыходзяць нейкія лісты, якія відавочна прайшлі цэнзуру, і там практычна нічога няма пра тое, што на самай справе адбываецца з гэтымі людзьмі.

Вось Мікола Статкевіч спрабуе перадаць нейкія словы, нягледзячы на ​​тое, што сам знаходзіцца ў цяжкім становішчы, падбадзёрыць беларускі народ, выказаць сваё захапленне беларусамі, якія сёння так гераічна змагаюцца. Ад яго мы атрымліваем такія лісты, але вельмі рэдка. І мы ведаем, што прадоўжылі тэрміны ўтрымання для Віктара Бабарыкі, Міколы Статкевіча і іншых палітвязняў яшчэ на некалькі месяцаў.

Адвакаты сёння ў Беларусі ў вельмі цяжкім становішчы, усе яны падпісваюць пагадненне пра невыдаванне інфармацыі. Напрыклад, вось зусім нядаўна, мне даводзілася правіць адзін матэрыял, таму што адвакат вельмі прасіў прыбраць інфармацыю, што ўмовы ў ягонага падабароннага досыць прымальныя. Здавалася б, абсалютна бяскрыўдная праўда, але яго могуць пазбавіць ліцэнзіі праз гэта. Многія адвакаты кажуць сваякам палітвязняў, што лепш вы таксама маўчыце, інакш будзе горш. Гэта значыць, ідзе яшчэ працэс запалохвання сваякоў. Я тут заклікаю прынамсі родных не маўчаць. Так, у мяне, вядома, таксама ёсць пытанні да адвакатаў. Які сэнс тады ў вашай дзейнасці, калі вы маўчыце. Сваякі павінны крычаць і патрабаваць інфармацыі пра сваіх блізкіх, якія сёння знаходзяцца ў турме.

– Тое, што ты расказваеш, нагадвае сітуацыю з тэрарыстамі, якія проста захапілі людзей і шантажуюць блізкіх. Якое выйсце з усяго гэтага?

– Выйсце – перамагаць. Таму што толькі калі беларусы прадоўжаць барацьбу, калі будуць прадаўжацца масавыя акцыі пратэсту, улада здасца і вызваліць лідараў. Вось цяпер Лукашэнка спрабуе казаць пра нейкі дыялог. Ніякі дыялог немагчымы, пакуль людзі знаходзяцца ў турмах. Павінны быць вызваленыя ўсе людзі, а гэта ўжо сотні чалавек.

– Уласна, якая статыстыка, колькі цяпер? Я чытаў, папраў мяне, калі памыляюся, што недзе пятнаццаць тысячаў чалавек увогуле прайшлі ўжо за апошнія тры месяцы.

– Ужо 16 тысячаў чалавек за месяцы да выбараў і пасля выбараў прайшлі праз турмы. Сотні людзей знаходзяцца сёння ў турмах паводле сфабрыкаваных палітычных крымінальных справаў. Сярод іх і кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, і вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель. У нас яшчэ і многія блогеры сядзяць. Гэта і Андрэй Кабанаў, і Сяргей Пятрухін, і Зміцер Казлоў, і Ігар Лосік. Парадку дзесяці блогераў праходзяць сёння паводле крымінальных справаў. Пра іх чамусьці маўчаць. Журналісцкія міжнародныя арганізацыі павінны патрабаваць іх вызвалення ў шэрагу тых патрабаванням, якія гучаць сёння датычна журналістаў у Беларусі. Таму што журналістаў, вядома, рэпрэсуюць сёння ў краіне як ніколі.

Я захапляюся гераізмам сваіх калегаў, таму што ў гэты цяжкі час яны выявілі свае найлепшыя якасці. Зразумела, што было вельмі цяжка працаваць, я сама крытыкавала журналістаў за самацэнзуру, за замоўчванне пэўных тэмаў, але цяпер я імі захапляюся, таму што іх арыштоўваюць, іх збіваюць, ім ламаюць рукі, ламаюць насы, б'юць, б'юць іх апаратуру, але яны ўсё роўна прадаўжаюць выходзіць. Выходзяць з Акрэсціна – дзень, прыйшоў у сябе і зноў на акцыю, зноў на вуліцу. І гэта проста неверагодна, мужнасць беларускіх журналістаў уражвае, і нізкі ім паклон за іх працу.

– З дыктатарам размаўляў Дзяржсакратар ЗША Пампэа. Ці пачнецца ў найбліжэйшы час, як ты думаеш, гандаль палітвязнямі, як мы ўжо бачылі гэта шмат-шмат разоў?

– Верагодна. Лукашэнка сапраўды ўспрымае палітычных зняволеных як закладнікаў і спрабуе іх прадаваць потым, як тавар. Але я не думаю, што ў гэты раз гэта яму дапаможа. Нагадаю, што тыя ж ЗША не прызналі яго легітымным прэзідэнтам. Весці перамовы з тэрарыстам магчыма, калі ён вызваліць людзей. Але гэта не скасоўвае ягонай неадкладнай адстаўкі. Неадкладнай адстаўкі Лукашэнкі. Таму ў любым выпадку лёс дыктатара прадвызначаны. Ён не здолее падоўжыць сваё кіраванне за кошт жыццяў і лёсаў палітычных зняволеных.

– Як ты можаш пракаментаваць ультыматум Святланы Ціханоўскай, забастоўкі, якія потым пачаліся. Таму што ў некаторых заходніх СМІ з'явілася інфармацыя, што ўсё ж такі, на думку экспертаў, гэта быў фальстарт, таму што не ўся краіна пачала страйкаваць, не ўсе прадпрыемствы. Вось у такім духу каментары таксама былі.

– Я згодная з табой, але магу сказаць, што гэта надало імпульс. Самае важнае, што прагучала – гэта патрабаванне неадкладнай адстаўкі Лукашэнкі, паколькі напярэдадні і Каардынацыйная рада, і Святлана Ціханоўская неяк вельмі няпэўна сталі выказвацца на гэтую тэму. І калі яна заявіла пра Народны ўльтыматум – мы гэта віталі, таму што яна выявіла волю. Ультыматум – гэта ўсё ж такі палітычнае дзеянне. Тое, што не падтрымалі ўсе і не адбылося ўсеагульнай забастоўкі, для гэтага ёсць аб'ектыўныя прычыны.

Вядома ж, улады да гэтага рыхтаваліся. У іх ёсць досвед уціску забастовак у жніўні. Людзям аднавіцца пасля таго, што адбывалася тады, было досыць складана. Вядома ж, трынаццаць дзён на падрыхтоўку да ўсеагульнага страйку было недастаткова. Але тым не менш тое, што я бачу, вось гэтае закісанне, забастоўкі адбываюцца ўсё роўна, пратэст прадаўжаецца. Прадаўжаюць пратэставаць студэнты. Гэта ўвогуле абсалютна неверагодная з'ява – студэнцкія хваляванні ў Беларусі. Такога ніколі не было раней у нашай краіне. І яны прадаўжаюць гераічна стаяць на сваім, каля кожнага ВНУ практычна кожны дзень праходзяць дэманстрацыі, акцыі салідарнасці, маршы як унутры універсітэтаў, так і на галоўных вуліцах гарадоў. Прадаўжаюцца пратэсты ў тэатрах. Мы ўсе ведаем, што сышлі асноўныя акторы Купалаўскага тэатра, цяпер пратэстуе Новы тэатр, акцыі праходзяць і ў філармоніі, і ў Оперным тэатры спяваюць «Магутны Божа».

Людзі пратэстуюць. Да тых жа студэнтаў далучаюцца выкладнікі. Прарэктары адмаўляюцца выключаць студэнтаў. Дацэнты ідуць у турмы за сваіх студэнтаў. Гэта цудоўна, ніколі такога не было. Таму не спяшайцеся ставіць крыж, усё прадаўжаецца.

І тыя ж працоўныя сёння не здаюцца. Так, на прадпрыемствах, якія забаставалі, паспрабавалі звальняць працоўных, але людзі пратэстуюць. У працэс пачынае ўключацца ўсё больш людзей, таму што яны бачаць несправядлівасць, пачынаюць патрабаваць аднаўляць на працы сваіх калег, ну, і вызваляць, таму што некаторых саджаюць. І пратэст шырыцца.

– Увесь свет захапляецца мудрым, мірным беларускім народам. Ты нават на днях публікавала ў Фэйсбуку відэа, дзе сілавікі страляюць, а беларусы пляскаюць і крычаць: «Ганьба!», калі я не памыляюся. На твой погляд, ці ёсць рызыка таго, што ўсё ж такі пратэставы рух стане больш радыкальным? Стане, бо ўлада так нахабна сябе паводзіць.

– Я спадзяюся, што пратэст застанецца мірным, паколькі радыкалізму, напэўна, чакаюць улады, яны сёння спрабуюць арганізоўваць правакацыі на акцыях пратэсту, у тым ліку гэта было на нядзельным маршы, калі на месцы правакацыі тут жа аказваліся камеры беларускай тэлевізіі. Беларусы – мірныя людзі, яны будуць прадаўжаць, я думаю, выходзіць на маштабныя акцыі. Будуць адбывацца страйкі на прадпрыемствах.

Але я не магу адказваць за ўсіх, паколькі трэба разумець, што гэтае беззаконне, якое сёння здзяйсняюць сілавікі... Каса можа пайсці на камень, людзі на раёнах, мужыкі на раёнах могуць не вытрымаць. А колькі можна трываць? Таму можа прыляцець і адказ. Могуць быць розныя выпадкі. І тыя ж сілавікі павінны разумець гэта. Яны самі правакуюць людзей на дзеянні ў адказ.

– А скажы шчыра, як ты рэагуеш на бясконцыя публікацыі ў сацсетках розных экспертаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў з Украіны або з той жа расейскай апазіцыйнай тусоўкі, у якіх яны раяць, што беларусы павінны зрабіць. Цябе гэта раздражняе?

– Украінцы, напэўна, могуць нам нешта раіць. Паколькі ў іх ужо ёсць досвед паспяховых рэвалюцый. Іншая рэч, можа быць, яны не вельмі разумеюць, што ў Беларусі ніколі не было парамілітарных арганізацый, у адрозненне ад Украіны. І таму казаць тут пра нейкую радыкалізацыю пратэсту – немагчыма. А што да расейцаў, то, вядома ж, мы ўдзячныя за салідарнасць, але я вельмі спадзяюся, што ў іх саміх у краіне неўзабаве адбудзецца рэвалюцыя. Мне здаецца, што ім трэба сканцэнтраваць увагу на ўласнай краіне, на ўласнай стратэгіі і дзеяннях.

– Учора, да нашага інтэрв'ю, перачытваў беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Там нейкія бясконцыя фэсты, фігурнае катанне, марафоны. Абсалютна нейкая паралельная рэчаіснасць, якая не перасякаецца з тым, што на самай справе хвалюе беларусаў. Ці праўда, што вось гэты вось дэсант расейскіх прапагандыстаў узмацняецца ўсё больш і больш?

– Так, вядома, ён узмацняецца. Спачатку на беларускую тэлевізію заслалі дэсант з Russia Today. Да жахлівай беларускай прапаганды была дададзеная не менш жахлівая, можа, нават больш, расейская прапаганда. А ў выніку нават тыя людзі, якія неяк давяралі беларускай тэлевізіі, перасталі ёй давяраць абсалютна. Той маленькі адсотак, калі ўбачыў вось гэтае расейскае вар’яцтва, вельмі агрэсіўную, тупую прапаганду, проста адвярнуўся.

Ну, і ў астатнім гэта прадаўжаецца. Новым галоўным рэдактарам «Комсомольской правды в Беларусі» быў прызначаны грамадзянін Расеі, прапагандыст, які працаваў у тым ліку ў «ДНР», Аляксандр Коц. Гэта парушэнне закона аб СМІ, паколькі паводле гэтага закону галоўным рэдактарам беларускага медыя можа быць толькі грамадзянін Беларусі. На знак пратэсту з «Камсамолкі» сталі сыходзіць журналісты, звальняцца рэдактары, якія там працавалі 20 гадоў. «Камсамолка», дарэчы, у гэты перыяд працавала вельмі годна, яны пісалі і друкавалі выдатныя матэрыялы. Таму і адбываецца цяпер гэтая зачыстка і даслалі гэтага прапагандыста.

Вось гэта яшчэ адна небяспека. Расейская прапаганда пачынае ўзмацняцца ў Беларусі. Нам вельмі важна не здавацца і дамагацца свабоды. І супрацьстаяць даводзіцца, у тым ліку, і расейскаму ўмяшанню.

– Кожны дзень, пачынаючы са жніўня, нешта адбываецца. Прыгожыя акцыі пратэсту. Скажы мне, калі ласка, цябе, вось так вось па-чалавечы, якая сітуацыя, якой пратэст, што больш за ўсё кранула? Па-чалавечы.

– Вельмі цяжкі выбар, таму што я гляджу ўсе акцыі, пратэсты ў Беларусі ў анлайне. Для мяне нядзеля – гэта дзень, калі я ні з кім не сустракаюся і нічога не раблю, акрамя таго, што канцэнтруюся на акцыі. І сэрцам, і думкамі – я там, у Менску. І я шмат плачу, калі гляджу гэтыя акцыі. Гэта і слёзы радасці, дзесьці слёзы адчаю, калі бачу, што ў дачыненні да людзей ужываюць гвалт, але кожная акцыя, нават самая маленькая, якая адбываецца, яна напаўняе мяне гонарам. Я неверагодна радуюся.

– Апошняе што кранула?

– Ну гэта, вядома, і студэнцкія акцыі. Калі была студэнткай у 1990-я гады, здавалася б, рэжым не быў яшчэ настолькі жорсткім. Тым не менш у нас не было такіх пратэстаў. Мне б хацелася, каб яны праходзілі, але студэнцкая маса была досыць аморфнай і апалітычнай. Цяпер, вядома, гэта проста захапленне, што ў нас такая ўзрушвальная моладзь. Захапляюць, вядома, і нашы бабулі, якія выходзяць на маршы пратэсту, і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія выходзяць, ведаючы, што іх могуць арыштаваць і нават забіць на гэтай акцыі, але яны ідуць і рызыкуюць. Я іх называюць супергероямі.

Нізкі паклон абсалютна ўсім. А жанчыны з філармоніі, якія спяваюць на Камароўскім рынку, у гандлёвых цэнтрах, на вакзалах – гэта неверагодна. Флэшмобы, якія арганізоўваюць нашы дзеячы культуры – гэта ўсё цудоўна. Вельмі складана выбраць.

– Ты свята верыш і ўвесь час гэта паўтараеш, што Лукашэнкі ўжо хутка не будзе на даляглядзе. Скажы мне, адкуль вось у цябе такая ўпэўненасць, што народ змяце ўладу? Гэта вера, гэта логіка пэўных гістарычных працэсаў, што дазваляе табе сцвярджаць гэта?

– І логіка пэўных гістарычных працэсаў, і безумоўная вера. Мая вера ў беларусаў была заўсёды. Мяне называлі ідэалісткай, мне казалі, што гэтага не адбудзецца пры маім жыцці, што гэта немагчыма. А гэта адбылося. Разумееце, гэта адбылося, і адбылося так, што быў узрушаны ўвесь свет. Таму паверце мне: усё ў нас будзе добра.

Глядзіце праграму таксама на Vimeo.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках