29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Кац: Перамога беларусаў у супрацьстаянні з рэжымам Лукашэнкі непазбежная

9
Максім Кац: Перамога беларусаў у супрацьстаянні з рэжымам Лукашэнкі непазбежная
МАКСІМ КАЦ
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

Ціск на таракана не зніжаецца.

Расейскі палітолаг - пра эфектыўнасць дваровых маршаў, пра тое, чаму не варта параўноўваць Венесуэлу і Беларусь, і чаму перамога беларускага народа непазбежная.

Тэкставую версію разваг Каца апублікавала «Салідарнасць».

На думку Максіма Каца, дваровыя маршы працуюць вельмі добра.

- Па-першае, людзі выходзяць і ідуць разам з суседзямі - гэта прасцей, чым ехаць па адным у цэнтр. Па-другое, сілавікам (іх там называюць карнікамі) нашмат складаней гэта ўсё разганяць, таму што вельмі шмат месцаў па горадзе і незразумела дзе хто збярэцца.

Але галоўнае - людзі нашмат менш падпарадкоўваюцца сілавікам. Ім нашмат складаней браць палонных. Калі раней убачыўшы бус з АМАПам людзі разбягаліся, то цяпер стаяць і не сыходзяць. АМАПу нашмат складаней атакаваць, таму што колькаснай перавагі амаль ніколі няма, а ісці ў натоўп яны баяцца.

Адна справа - злавіць некалькі чалавек з натоўпу, што бязладна разбягацца, і зусім іншае - атакаваць згуртаваных людзей, якія нікуды не збіраюцца ўцякаць.

Наогул, калі людзі разбягаюцца - гэта такая стратэгія індывідуальнага выжывання, а калі паўстаюць і стаяць - гэта калектыўнае выжыванне: «не аддамо нікога». Ці возьмеце ўсіх, ці пойдзеце ні з чым.

І вядома, калі марш складаецца са знаёмых і суседзяў, якія ідуць адзін з адным, імаверна, што пры небяспецы людзі абяруць другую стратэгію. Лічбы паказваюць, што гэта працуе: затрыманняў нашмат менш.

Як адзначае Максім Кац, ціск пры гэтым на Лукашэнку не зніжаецца: «Усім відаць пры гэтым, што ўсё грамадства пратэстуе і спыняцца не збіраецца».

- Перамога грамадства, якое згуртавана пратэстуе супраць дыктатара, што саступіў на выбарах, непазбежная. Такога не бывала ва Усходняй Еўропе і на постсавецкай прасторы ні разу. Мне часта апануюць, вось, маўляў ёсць Венесуэла, там утрымаўся Нікалас Мадура - амаль на чыстым гвалце, але ўтрымаўся.

У беларускім і венесуэльскім рэжыме ёсць шмат паралеляў, мяркуе расейскі палітолаг.

- Гэта персаналістычная і папулісцкая аўтакратыя. На чале іх стаяць лідары, якія ў імя захавання ўлады гатовыя пайсці на ўсё, уключаючы макраэканамічны правал і гвалт.

Вельмі падобная і ступень страты легітымнасці. І Беларусь, і Венесуэла цяпер - гэта праўленне супраць абсалютнай большасці.

Максім Кац звяртае ўвагу на істотныя адрозненні.

- Лацінская Амерыка - гэта не Еўропа. На поўдзень ад ЗША, акрамя звыклых астатняму свету палітычных груп, найважнейшую ролю выконваюць наркакартэлі.

Лацінаамерыканскія наркакартэлі - гэта не звыклыя нам арганізаваныя злачынныя супольнасці. Гэта фактычна дзяржава ў дзяржаве.

Палітолаг адзначае, што на картэлі прама або апасродкавана працуюць цэлыя працэнты працаздольнага насельніцтва. На многіх тэрыторыях яны выконваюць функцыю дзяржаўнай улады.

- У выпадку з Венесуэлай гэта «картэль Сонца» - хаўруснік і дзелавы партнёр найбуйнейшых калумбійскіх і мексіканскіх картэляў. Гэта не нейкая асобная арганізацыя, гэта фактычна і ёсць Венесуэла. Забеспячэннем наркатрафіку займаецца палітычнае кіраўніцтва, паліцэйскія сілы, а галоўнае - войска.

...Калі мы кажам пра настолькі бедныя краіны, як Венесуэла, уплыў картэляў становіцца бязмежным. У іх проста больш грошай, чым ляжыць у спустошаным бюджэце. Больш аўтаматаў, чым ён можа купіць.

...Гэта не адзінае адрозненне беларускага і венесуэльскага рэжымаў. У Венесуэле ўсё значна горш з чалавечым капіталам, там ніжэйшы ўзровень адукацыі. Па сацыяльнай структуры Венесуэла бліжэй да Афрыкі, чым да Еўропы. Там вельмі высокі ўзровень гвалту.

...Сёння ў Беларусі 3,5 забойствы на сто тысяч насельніцтва ў год, у 15 разоў меншая, чым у Венесуэле.

Таму калі вы бачыце кадры крывавых разборак на вуліцах Каракаса паміж пратэстоўцамі, войскам і паліцыяй, карысна разумець, што на мясцовае насельніцтва гэта зусім не робіць такога ж уражання.

...У грамадстве дзе любыя пытанні вырашаюцца гвалтам, дзе кожны год забіваюць аднаго з двух тысяч чалавек, значна прасцей і ўладу ўтрымаць гвалтам.

Галоўнае, што адрознівае Мадура ад Лукашэнкі, гэта тое, што ў яго ёсць адказ на пытанне «каму я патрэбны, акрамя сябе?»

Магутнай і багатай арганізаванай злачыннасці рэгіёну, якая не гатовая адмаўляцца ад дзяржавы-картэля і ў якой ёсць рэсурс для падтрымкі рэжыму.

- Зусім не тая сітуацыя ў Лукашэнкі. Пакуль не відаць нейкай значнай сілы, якая прайграе ад яго звяржэння. З аднаго боку, ёсць сілавікі.

Няма сумненняў, што для тых, хто збіваў, выкрадаў, катаваў пратэстоўцаў, захаванне Лукашэнкі ва ўладзе - адзіная абарона ад турмы. Яны ведаюць, што чынілі цяжкія злачынствы.

Можа быць, неўсвядомлена, але разумеюць, што ні ў якога іншага лідара не будзе шанцаў проста забыцца на кроў на вуліцах Менска летам і восенню 2020 года.

Калі новы ўрад будзе радыкальным, сядуць многія. Калі кампрамісным - асудзяць стрэлачнікаў, канчатковых выканаўцаў. Але рэальнасці, у якой не садзіцца ніхто, не існуе.

Нельга праводзіць апрычныя рэйды ў еўрапейскай сталіцы 21-га стагоддзя. Гэтыя людзі - злачынцы. На іх руках - калецтвы і трупы. Яны баяцца сесці і будуць падтрымліваць Лукашэнку да апошняга.

Кац падкрэслівае, што людзей, якім пагражае не толькі звальненне, але і пераслед, некалькі сотняў.

- Усім астатнім - міліцыянтам, вайскоўцам, чыноўнікам - усім, хто не замешаны ў прамых злачынствах - якая ім, на добры лад, розніца, якое там прозвішча ў Палацы рэспублікі? Яны працуюць за заробак і паводле інструкцыі.

У Аляксандра Лукашэнкі два хаўруснікі: нешматлікія сілавікі і расейскае кіраўніцтва. Абодва хаўруснікі не за сумленне, абодва - за страх.

Абодва не чакаюць ад Лукашэнкі набыткаў, абодва баяцца страціць: першыя - свабоду, другія - уладу на дрэнным прыкладзе.

Не трэба параўноўваць Венесуэлу з Беларуссю, уважае аналітык.

- Кожны дэструктыўны аўтакратычны рэжым няшчасны па-свойму. Беларускае грамадства ўжо дамаглося вялікіх поспехаў, а беларускі аўтакрат знаходзіцца ў непараўнальна горшым становішчы, чым яго заакіянскі калега.

Перамога ў такім супрацьстаянні непазбежная і не адбыцца можа толькі ў адным выпадку: калі грамадства прыме парадыгму прапаганды і вырашыць само, што яно занадта слабое, яшчэ не гатовае (ці яшчэ штосьці ў гэтым духу) і само вырашыць дазволіць Лукашэнку правіць далей, але гэтым зусім не пахне з таго, што цяпер відаць, - робіць высновы палітолаг.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках