19 красавiка 2024, Пятніца, 6:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Намаганні Нацбанка для захавання курсу рубля пайшлі прахам

16
Барыс Жаліба: Намаганні Нацбанка для захавання курсу рубля пайшлі прахам
Барыс Жаліба

У Беларусі набірае абароты дэвальвацыя.

Гісторыя з'яўлення і станаўлення беларускага рубля як нацыянальнай грашовай адзінкі суверэннай Беларусі характарызавалася ў асноўным двухзначнай інфляцыяй. За рэдкім выключэннем у асобныя гады Беларусь займала першае месца паводле ўзроўню інфляцыі сярод краін СНД. Паралельна наш рубель адчуваў і дэвальвацыйныя шокі: у пачатку 2009 года афіцыйная дэвальвацыя да даляра на 20,5 адсотка і на 30 адсоткаў за год, у 2011-м катастрафічная дэвальвацыя ў 2,8 разы і двухразовая інфляцыя, у 2015-м «зайчык» абясцэніўся да даляра на 56%. Ніводная краіна СНД так не «правальвала» сваю нацыянальную грашовую адзінку, як гэта здолелі зрабіць грашовыя ўлады Беларусі, піша ў артыкуле для «Народнай волі» доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

І толькі з прыходам у Нацбанк каманды старшыні Паўла Калавура ў канцы 2014 года пачалося аздараўленне беларускага рубля. Узровень яго інфляцыі зніжаўся да гістарычнага мінімуму менш за 5% у гадавым вылічэнні, ажыццяўлялася дэдалярызацыя эканомікі. Валютныя ўкладчыкі сярод насельніцтва, дзель укладаў якіх у банкаўскай сістэме дасягала трох чвэрцяў усіх дэпазітаў, «пайшлі ў рубель». У выніку дзель валюты ў грашовым абарачэнні краіны, дасягала 60%, стала зніжацца. Аднак з надыходам жніўня 2020 года ўсе гэтыя намаганні Нацбанка пайшлі прахам.

Дэвальвацыя на фоне «каранакрызіса» беларускага рубля да даляра на 25,2% у сакавіку гэтага года, затым зноў на 26,3% у жніўні на фоне палітычнага крызісу, справакаванага фальсіфікацыяй вынікаў выбараў, выклікала ажыятажны попыт на замежную валюту і адток рублёвых ды і валютных укладаў з банкаўскай сістэмы. На 1 лістапада ў параўнанні з пачаткам года аб'ём рублёвых дэпазітаў скараціўся на 589 млн рублёў, а аб'ём валютных укладаў і таго больш - упаў на 1 мільярд 476 млн даляраў. Самыя інтэнсіўная ўцёкі ўкладчыкаў з банкаўскай сістэмы акурат былі адзначаныя ў жніўні пасля выбараў. Абясцэненне рубля да даляра больш чым на 25% перакрэсліла самыя высокія даходы рублёвых укладчыкаў на так званых безадклікальных укладах, на якія людзі ўзяліся чарговым разам. Дастаткова было проста захоўваць валюту пад падушкай.

Акрамя тэрміновых укладаў працягвалі скарачацца і так званыя пераводныя дэпазіты. Гэта рэшткі грашовых сродкаў на разліковых рахунках прадпрыемстваў, на карт-рахунках насельніцтва, што кажа пра агульнае пагаршэнне стану беларускай эканомікі. Так, з пачатку года пераводныя рублёвыя дэпазіты зменшыліся на 299 млн рублёў, валютныя - на 155 млн даляраў.

Калі б не ўвядзенне ў банкаўскую практыку безадклікальных дэпазітаў, што шмат у чым дазволіла захаваць у банкаўскай сістэме 4,5 млрд рублёў і 4,7 млрд замежнай валюты ў даляравым эквіваленце, банкі засталіся б зусім без рэсурсаў для крэдытавання эканомікі.

Каб неяк выправіць становішча і не застацца зусім без крэдытных рэсурсаў, банкі сталі рэзка падвышаць дэпазітныя стаўкі на тэрміновыя ўклады. Сярэдняя стаўка на новых валютных дэпазітах на тэрмін да года ўзрасла з 2 да 3 раз і дасягнула 1,02% гадавых, а на тэрмін звыш года павялічылася прыкладна ў 1,5 разы да 1,81%. Можна знайсці валютныя стаўкі і пад 2,5%. Аднак яны застаюцца надзвычай нізкімі для беларускай эканомікі, каб вярнуць у банкі валютных укладчыкаў. Такія стаўкі характэрныя для банкаў развітых эканомік, дзе нізкая інфляцыя. Інтэнсіўна падвышаюцца і стаўкі рублёвых укладаў - да 18-20% гадавых і больш. Гэта ў 2-2,5 разы вышэй, чым год таму. Прычым найбольшымі стаўкамі банкі завабліваюць насельніцтва на кароткатэрміновыя ўклады на тры месяцы, разумеючы, што сёння стымуляваць ўкладчыка аддаць грошы на больш працяглыя тэрміны мала рэальна.

І чаго толькі не прыдумляюць мэнэджары банкаў, каб прывабіць, вярнуць ўкладчыкаў! «Беларусбанк» да канца года прапануе фізічным асобам размясціць дэпазіт і атрымаць зніжаныя стаўкі за крэдыты, «Белінвестбанк» проста раздае мабільныя тэлефоны тым укладчыкам, якія перааформяць на іншы тэрмін буйны ўклад. Аднак давер да банкаўскай сістэмы ў прыватнасці і да дзяржаўных інстытутаў наогул у грамадства падарваны, мабыць, надоўга, калі - пры гэтай уладзе - не да канца.

Хоць аднаўляць гэты давер улады і не спрабуюць. Ідзе паказальнае напампоўванне дзяржаўных прадпрыемстваў дырэктыўнымі крэдытамі, чым больш такіх крэдытаў, якія афармляюцца ўказамі пад грыфам «Для службовага карыстання», тым горш для прыватнага бізнесу. Чым больш бюджэтных грошай ідзе сілавым ведамствам, тым іх менш на інвестыцыі і сацыяльныя патрэбы.

Ужо прыпыненае супрацоўніцтва Беларусі з МВФ, Сусветным банкам, ЕБРР, іншымі заходнімі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. На ўсё напляваць. Зараз ва ўлады адна задача - выратаваць сябе. Якая там эканоміка! Няма ў прыватнай кампаніі прафсаюзнай суполкі ФПБ - ліквідаваць, страйкуе - звольніць, адлічыць. І не мае значэння ўклад гэтага бізнэсу ў эканоміку і тое, на колькі пратэстоўцы - высокакваліфікаваныя, а часам і ўнікальныя спацыялісты. З усімі можа быць, што хочаце. У наяўнасці стратэгія ўлады выратаваць саму сябе ўсялякім коштам.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках