25 красавiка 2024, Чацвер, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Гонтмахер: Спыненне падтрымкі рэжыму адпавядае глыбінным інтарэсам Расеі

7
Яўген Гонтмахер: Спыненне падтрымкі рэжыму адпавядае глыбінным інтарэсам Расеі
ЯЎГЕН ГОНТМАХЕР

Расейскі эканаміст упэўнены, што Крэмль толькі губляе ад падтрымкі Лукашэнкі.

Расейскі эканаміст Яўген Гонтмахер разважае ў артыкуле для сайта Vtimes пра тое, колькі каштавацьме Расеі Беларусь з Аляксандрам Лукашэнкам.

- Калі Аляксандр Лукашэнка застанецца ва ўладзе, замежныя крыніцы фінансавання закрыюцца, і Расеі, каб прадухіліць развіццё сітуацыі паводле венесуэльскага сцэнару (эканамічны калапс, масавае збядненне насельніцтва і поўны развал дзяржкіравання) давядзецца ўзяць на сябе ўтрыманне 9,5 млн беларусаў. Колькі гэта каштавацьме? Размова пойдзе пра дзясяткі мільярдаў даляраў на год, каб падтрымліваць хаця б мінімальныя жыццёвыя стандарты, функцыянаванне сацыяльнай і іншай інфраструктуры.

Да гэтага трэба дадаць страты - і ад заходніх санкцый, і ад эканамічнага хаосу - расейскі бізнэс валодае прадпрыемствамі і банкамі ў Беларусі.

Але самае галоўнае: калі Расея прадоўжыць падтрымліваць Лукашэнку, яна страціць дружалюбнае стаўленне беларусаў да сябе. Калі сёння ў грамадстве і сярод дэмакратычных прадстаўнікоў Беларусі няма антырасейскіх настрояў, то неўзабаве яны могуць з'явіцца. Першыя прыкметы ёсць.

Беларусы назаўсёды запомняць, што Расея была адзінай краінай, якая дзейсна спрыяла ўтрыманню ля ўлады дыктатара, які пераследуе ўласны народ. Мабыць, і расейцы, якія бяднеюць, не будуць адчуваць станоўчых пачуццяў да Беларусі, якая ад'ядае ў іх кавалак пірага.

Ёсць і іншы варыянт развіцця падзей, які адпавядае глыбінным інтарэсам нашых дзяржаў. Ён просты і зразумелы: спыненне Расеяй усякай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі. Наступныя за гэтым падзеі - і перш за ўсё вызваленне ўсіх палітвязняў і правядзенне свабодных выбараў - не проста ліквідуюць рызыкі беларускай эканамічнай і сацыяльнай катастрофы, але і нададуць другое дыханне партнёрскім дачыненням паміж нашымі дзвюма краінамі.

Пратэст у Беларусі аб'ядноўвае усё грамадства, і ёсць дастаткова партнёраў, з якімі варта пачынаць дыялог. Некаторыя вымушаныя знаходзіцца ў эміграцыі або ў турме, многія прадстаўляюць бізнэс, але ўжо цяпер трэба выбудоўваць будучыню саюзных дачыненняў. І тады, што самае галоўнае, не будзе згубленае самае каштоўнае - узаемная сімпатыя расейскага і беларускага народаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках