29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ніна Багінская - міліцыі: Бегайце самі ад мяне

6
Ніна Багінская - міліцыі: Бегайце самі ад мяне
НІНА БАГІНСКАЯ НА АКЦЫІ Ў МЕНСКУ, 8 ЛІСТАПАДА 2020

Аповед бясстрашнай актывісткі.

Чатыры месяцы ў Беларусі праходзяць масавыя акцыі пратэсту: дзясяткі, а то і сотні тысяч людзей выходзяць на вуліцы, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў. На гэтых мітынгах у цэнтры Менска, як раней, так і цяпер, можна ўбачыць невысокую жанчыну, у руках у якой абавязкова будзе бел-чырвона-белы сцяг. Яна заўсёды абараняе ўдзельнікаў акцый ад затрыманняў і бясстрашна патрабуе вярнуць сцяг, калі сілавікі вырываюць яго з рук. Гэта Ніна Багінская. Для шмат каго ў Беларусі яна стала сімвалам пратэсту. У горадзе з'яўляюцца муралы з яе выявай, фота Багінскай у верасні апублікаваў італійскі часопіс Vogue.

НІНА БАГІНСКАЯ НА АКЦЫІ Ў МЕНСКУ, 8 ЛІСТАПАДА 2020

З актывісткай, якую на вуліцах пазнаюць беларусы, сустрэўся карэспандэнт «Настоящего Времени».

«Фактычна, я спонсар міліцыянтаў, таму я іх не баюся: бегайце самі ад мяне. Я ім так і кажу: заб'яце мяне - хто ж вам заробак заплаціць? Вы ж 50% маёй пенсіі забіраеце, крадзеце».

Ніна Багінская - адна з самых вядомых менскіх актывістак. У свае 73 гады яна не прапускае ніводнай акцыі пратэсту, на якія выходзіць з бел-чырвона-белым сцягам. Амаль заўсёды непажаданы для ўладаў сцяг у пенсіянеркі забіраюць сілавікі. Чарговым разам пасля акцыі яна садзіцца за машынку і шые новы сцяг, з якім пойдзе на акцыю. «Сцягі... Асабліва з 9 жніўня забралі восем сцягоў. Гэта рэкорд», - кажа актывістка.

Ніна Багінская з сям'і менскай інтэлігенцыі: мама - настаўніца, бацька працаваў інжынерам і адбудоўваў пасляваенную беларускую сталіцу. Сама Ніна паводле спецыяльнасці геолаг, да пенсіі працавала ў Інстытуце геалогіі. У Багінскай двое дзяцей, унукі і праўнук. У кватэры шмат фатаграфій продкаў, зробленых яшчэ ў пачатку XX стагоддзя.

«А вось гэта мая бабуля. Яна мяне выхоўвала, бо бацька быў заняты працай, мама таксама. Бабуля займалася гародам, і, як кажуць, свінак карміла, - распавядае пенсіянерка. - Я затое цяпер не ем сала, мяркую, што габрэі правільна робяць, сала есці шкодна, асабліва пасля 50».

На акцыі пратэсту Ніна Багінская выходзіць з канца 80-х гадоў. Яна непакоіцца пра моладзь і хоча для яе годнай будучыні ў сваёй краіне. Затрыманняў і штрафаў 73-гадовая мянчанка ўжо даўно не баіцца і выходзіць нават на адзіночныя пікеты.

«Столькі забіралі. І ў апошні раз забіралі мяне, каб я не ўдзельнічала, і адпускалі, і нават сцягі аддавалі. А тут пасля выбараў Лукашэнкі ўжо пачаўся фашызм - яны пачалі фашысцкія метады [ужываць]. Ну, мяне, старых жанчын усё ж баяцца забіць, прэмію не дадуць, напэўна, а моладзь забіваюць! Як гэта, каб у нашай краіне пры ўладзе забівалі народ?! Што гэта за прэзідэнт, які ходзіць з аўтаматам? Гэта супраць каго аўтамат?» - абураецца Багінская.

За ўдзел у пратэстах у Ніны Багінскай сотні пратаколаў і блізу 20 тысяч даляраў штрафаў. Два лецішчы пенсіянеркі пад Менскам арыштаваныя і выстаўленыя на аўкцыён. Акрамя гэтага, палова пенсіі мянчанкі у прымусовым парадку рэгулярна сыходзіць на карысць дзяржавы. На жыццё Ніне Багінскай застаецца сума, эквівалентная прыкладна 80 далярам.

«Да кастрычніка 2017 года яны [улады] здымалі 20% з пенсіі. Пасля падзей 2017 года, пасля падзей ва Украіне, яны зрабілі больш жорсткім, яны спалохаліся, што ўкраінцы вызваліліся ад маскоўскага прыгнёту, што вызваляцца беларусы. Яны пачалі вось так штрафаваць людзей максімальна, каб людзі перасталі змагацца за сваю свабоду і незалежнасць».

Для беларусаў, якія выходзяць на мірныя акцыі, Ніна Багінская - сімвал пратэсту. На вуліцах з ёй робяць сэлфі, дораць кветкі і падарункі. У фатаграфіі Ніна нікому не адмаўляе, хоць і не ўважае сябе за знакамітасць.

«Папулярнасць прадугледжвае і абавязацельствы. Так што я - з народам. І цяпер ужо я сама зацікаўленая. Народ у такой колькасці, як моладзь яго падняла, - такога не было ў маёй бытнасці».

У кватэры Ніны Багінскай сілавікі некалькі разоў праводзілі ператрусы і забіралі бытавую тэхніку. Пенсіянерка прызнаецца, што ў такія моманты больш за ўсё перажывае за родных: «Яны мужна ставяцца. Напэўна, гэта для мяне неспакой, і то я мяркую, што я абыякава стаўлюся. Але што зробіш! Яны [улады] арыштавалі мае лецішчы, але не забралі, і не атрымаецца! Пенсію забіраюць, але нічога, улада не вечная: скончыцца ўлада - і пенсія вернецца. Я яшчэ і падумаю, можа, напішу заяву, каб вярнулі, што скралі».

Ад дапамогі ў кампенсацыі штрафаў ад праваабарончых арганізацый Ніна Багінская адмаўляецца. Кажа, што гэтымі грашыма лепш падтрымаць моладзьй, разам з якімі пенсіянерка выходзіць на акцыі пратэсту.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках