25 красавiка 2024, Чацвер, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы зразумелі: гэта знак, што перамога блізкая»

7
«Мы зразумелі: гэта знак, што перамога блізкая»

Аб салідарнасці беларусаў і людзей, якіх не зламаць.

Прадпрымальнік з Менска Віктар распавёў пра салідарнасць беларусаў, якая праяўляецца ўсюды, у тым ліку і за кратамі.

Суразмоўцу «Салiдарнасцi» затрымалі 8 лістапада на праспекце Пераможцаў каля кінатэатра «Масква».

- Супрацоўнік АМАП сказаў, калі б ім даравалі тое, што яны ўжо ўчынілі, то яны б цяпер перайшлі на наш бок, - успамінае размову ў перапоўненым аўтазаку на этапе ў Жодзіна прадпрымальнік з Менска Віктар.

- У той момант ніякі мітынг там не праходзіў, вакол была процьма сілавікоў, і я спытаў - за што мяне затрымліваюць. Адказалі, што «для праверкі дакументаў». Аднак паглядзець маё пасведчанне кіроўцы яны адмовіліся, адвялі да буса, а потым і ў аўтазак, - апісвае Віктар момант затрымання.

Ніхто з міліцыянтаў не сказаў, што гатовы надзець форму і пайсці з жонкай у кіно

У Заводскім РУУС, куды яго прывезлі, ён у супрацоўніках, нават з улікам масак, пазнаў пяць віжоў.

- Яны, у тым ліку дзве жанчыны, хадзілі сярод нас, а потым карэктавалі дзеянні АМАПа падчас затрыманняў. А я яшчэ гляджу, хлопец у такой яркай куртцы, думаю, дакладна забяруць, прыкметны. А ён нас потым дапытваў, - распавядае Віктар.

Следчаму ён заявіў, што катэгарычна не згодны з фармулёўкамі ў напісаных пад капірку пратаколах аб удзеле ў мітынгу, і запатрабаваў відэа з рэгістратара супрацоўнікаў, якія затрымалі яго.

Потым Віктар прадоўжыў абурацца ў актавай зале, куды ўсіх адпраўлялі пасля падпісання пратаколу.

- Нарэшце, мяне вывелі - і я ўжо падрыхтаваўся да самага найгоршага, але...мяне прывялі, як потым высветлілася, да намесніка начальніка РУУС.

Гэты міліцыянт спрабаваў мяне пераканаць у сваёй праваце. Сярод аргументаў быў такі: усюды медыцына дрэнная, а ў нас не вельмі добрая, але бясплатная. А «ў іх» гэта ж колькі атрымліваць трэба, каб лячыцца?

На што я адказаў, што чалавек пры ягоных пагонах у Нямеччыне атрымлівае мінімум 6 тысяч еўраў і яму дастаткова і на медстрахоўку, і на годнае жыццё.

Суразмоўца прывёў і іншыя вытрымкі з гутарак затрыманых з сілавікамі:

- Яны казалі, што абараняюць не Лукашэнку, а закон. І што ім усё адно, хто будзе кіраваць, і таксама не падабаецца тое, што адбываецца ў краіне, але яны павінны выконваць загады.

У РУУС мы запыталіся ў супрацоўнікаў, ці ганарацца яны сваёй працай? Адказалі, што ганарацца. Мы ім прапанавалі ў такім выпадку надзець форму і схадзіць з жонкай у рэстарацыю або ў кіно, каб убачыць і пачуць рэакцыю людзей. На гэта ніхто не адказаў, што гатовы так зрабіць.

Са слоў Віктара, яшчэ адна цікавая размова адбылася ў «шчыльна ўтрамбаваным аўтазаку» на этапе ў Жодзіна.

- Мы сядзелі даслоўна адзін на адным, на каленях, на падлозе, невядома, навошта нам замацавалі сцяжкамі рукі. Спачатку, як водзіцца, рассаджвалі з крыкамі, але нікога не білі. А хвілін праз дваццаць у шляху амапавец пачаў з намі размаўляць. Ён скардзіўся, што ўсіх іх дэананімізавалі, што ім і родным стала тэлефануюць, прабіваюць колы ў аўто і б'юць шыбы. Нават дзецям у школе выказваюць аднакласнікі ўсё, што думаюць.

Абураўся, што зверствуюць усе падраздзяленні - і САХР, і «Алмаз», але чамусьці дастаецца больш за ўсё амапаўцам, хоць сярод іх ёсць тыя, хто не рабіў нічога дрэннага. Потым сказаў: «Калі б нам даравалі тое, што мы ўжо ўчынілі, мы б цяпер перайшлі на ваш бок».

БЧБ на КПП як знак пра блізкую перамозе

У Жодзіне да Віктара не пусцілі адваката, з якім была ўкладзеная дамова, слалі пад ногі БЧБ-сцягі і прымушалі перасоўвацца па доўгіх тунэлях-калідорах на кукішках. Тых, хто ўставаў, білі берцамі па нагах.

Па дарозе дадому пасля вызвалення. Усе фота з Facebook суразмоўцы

Пасля вызвалення Віктар расказвае пра ўсё гэта спакойна і нават спрабуе жартаваць. Допісы з апісаным ім турэмным бытам разляцеліся па ўсіх сацсетках. Прыводзім некалькі цытат.

«У суботу ўвечары мне і таварышу сказалі «з рэчамі на выхад». Мы думалі, павязуць у Магілёў, але нас перавялі ў іншую камеру N30. «Хата» была багатая, усе атрымалі перадачы. Нам далі зубныя шчоткі, шкарпэткі, майкі, трусы, штаны. І я першы раз за тыдзень пачысціў зубы. Божухна, як мне гэтага не ставала! Напэўна, нячышчаны рот, гэта было для мяне самае страшнае за ўвесь арышт.

У хлопцаў у камеры былі цыгарэты, каўбаса, сала, спецыі, сухафрукты, цукеркі і КНІГІ. Усе свае перадачы яны скінулі ў агульны кацёл і не дзялілі «на маё і тваё». А калі даведаліся, што ў 26 камеры не было перадач, адразу сабралі ім «грэў»: зубныя шчоткі (8 штук), пасту, вяхотку, сурвэткі, печыва...Я выклікаў прахаднога і ён сказаў, што перадасць усе гэта ў 26-ю, не падмануў».

«У камеры на восем месцаў да нас было 8 чалавек, а з намі 10, таму мы з Вадзімам спалі на падлозе, я пад акном, а ён пад сталом.

Вадзім вымыў падлогу, усе памылі абутак, у «хаце» хадзілі або ў тапачках (у каго былі) ці, як я, басанож. Тапілі вельмі добра, не мерзлі.

У нядзелю ўзялі пустыя пластыкавыя бутэлькі, налілі ў іх ваду, нагрэлі на батарэі і памылі галаву. А ў абед нас нават адвялі ў душ. Бліжэй да вечара далі пасцельную бялізну.

З прасціны мы зрабілі шторку і адгарадзілі парашу і рукамыйніцу ад камеры».

«Усе сядзельцы, як і меркавалі, былі высокаадукаваныя, інтэлігентныя людзі: палова - прадпрымальнікі, праграмісты, студэнты і каваль. Мы шмат размаўлялі, гулялі ў мафію, чыталі кнігі. Бо кніг было мала, Сцяпан чытаў нам іх услых. Ніколі я так хораша не засынаў, як пад ягоны голас.

Мы абяцалі 26 камеры на новым месцы ў суботу і ў нядзелю выйсці на мітынг. Мы сваё слова стрымалі, вывесілі чырвоную майку і два белыя ручнікі і ўсёй камерай з крычалкамі хадзілі вакол стала. Народу так спадабалася, што і ў панядзелак, і ў аўторак таксама хадзілі. Карацей, жыццё наладзілася».

«Гадзіне а 9-й раніцы мне і яшчэ двум хлопцам сказалі «з рэчамі на выхад». Потым у калідорах марынавалі паўтары гадзіны - і СВАБОДА. Пакуль стаялі ў калідорах, спытаў у супрацоўніка, што ён у свае 20 гадоў тут робіць, навошта яму гэтая праца? Адказ мяне шакаваў: «Працую тут, каб у войска не забралі».

«Апошняе КПП на выхадзе. На гэтым будынку брыль чырвонага колеру, зверху і знізу на яго наліп снег і атрымаўся БЧБ. Мы зразумелі, што гэта знак, што перамога блізкая.

На выхадзе нас сустрэлі валанцёры, вялікі ім дзякуй. Усіх, каго не сустрэлі, яны адвезлі ў Менск, прапаноўвалі каву, цыгарэты і наогул вельмі пра нас клапаціліся.

Хачу сказаць дзякуй усім, хто сядзеў разам са мной. Вы ўсё малайцы, такіх людзей не зламаць! Пасля зняволення мы сустракаліся, увесь час маем стасункі, многія кажуць, што так душэўна, як у камеры, яны нідзе не адпачывалі».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках