25 красавiка 2024, Чацвер, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Класкоўскі: Дэ-факта нанесены капітальны ўдар па рэжыму

16
Аляксандр Класкоўскі: Дэ-факта нанесены капітальны ўдар па рэжыму
МІКАЛАЙ ЛАТЫШОНАК І НАТАЛЛЯ ЭЙСМАНТ

Давер да ўладаў і без таго ўпаў ніжэй за плінтус.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў для «Салiдарнасцi» трэці зліты запіс з галасамі, падобнымі на Эйсмант і Латышонка.

- Калі б улады былі ўпэўненыя, што гэта фальшыўка, то ўжо пастараліся б гэта давесці. Нават калі праз час высокае кіраўніцтва паспрабуе нешта аспрэчваць, грамадскасць гэтаму не паверыць, бо паўза недазваляльна доўгая.

Тое, як інтрыгаваў Лукашэнкі, не сказаўшы нічога выразнага, а толькі паабяцаўшы, што, маўляў, праз тыдзень даведаецеся шмат цікавага, пацвярджае, што парыраваць яму няма чым.

На думку суразмоўцы, найбольш імавернай версіяй таго, хто мог ажыццявіць укід запісаў, з'яўляюцца спецслужбы. Пытанне ў тым, якой дзяржавы?

- У сувязі з апублікаваннем запісаў сітуацыя для кіроўных вярхоў склалася, мякка кажучы, пікантная, якая, я думаю, выклікала наверсе разгубленасць. Дагэтуль такія скандалы, звязаныя са злівам інфармацыі, маглі адбывацца ў Расеі ці Украіне, але ў Беларусі, здавалася, сістэма герметычная і ніякіх выцекаў не можа быць.

Калі разважаць пра тое, каму гэта выгадна, сярод варыянтаў - ці беларускія, ці расейскія, ці заходнія спецслужбы. Малаімаверна, што дзейнічаў нейкі прасунуты адзіночка, Шцірліц, які наважыў такім чынам выкрываць норавы вярхоў. Мне здаецца, такога чалавека досыць лёгка можна вылічыць, гэта, фактычна, смяротная рызыка.

Хутчэй, гэта гульня спецслужбаў. Напрыклад, калі ўзяць першыя запісы, звязаныя з гібеллю Рамана Бандарэнкі, то там відавочна, што гэта была спроба адвесці падазрэнне ад пэўных людзей.

У такім выпадку, можна меркаваць, што гэта адна з сілавых структур вядзе сваю гульню.

Ёсць таксама меркаванне, што гэта можа быць гульня расейскіх спецслужбаў. Вядома, што апошнім часам Масква незадаволеная лініяй паводзінаў Лукашэнкі. Гэта можа быць сігналам адтуль, што, маўляў, вы ўсе ў нас пад кантролем і, калі будзе прадаўжацца непажаданая лінія паводзінаў, мы можам зліць яшчэ больш пікантныя рэчы.

Ёсць версія, што гэта заходнія спецслужбы помсцяць за Майка і Ніка, толькі якасна, - іранізуе экспэрт.

У кожным выпадку, адзначае Аляксандр Класкоўскі ўжо без жартаў, змест размоў не ўпрыгожвае кіроўную верхавіну і сілавыя структуры.

- Сістэма ў плане процідзеяння інфармацыйным пагрозам сталася абсалютна непадрыхтаванай, пры тым, што распрацоўвалі нейкія канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, але сутыкнуліся з рэаліямі - і адразу селі ў лужыну.

Сістэма не ўмее змагацца з такімі нечаканымі выклікамі і пацярпела поўнае фіяска. Таму што ўсе гэтыя падрабязнасці гутарак, пра Масандру і гэтак далей, імгненна сталі мэмамі.

І, незалежна ад таго, чыя гэта гульня і якія інтарэсы праследуюцца, дэ-факта нанесены капітальны ўдар па рэжыму.

Трэба ўлічваць, што, хто б гэта не зрабіў, ён добра пралічыў момант, калі давер да ўладаў і без таго ўпаў ніжэй за плінтус.

Таму, як ні парадаксальна, рэальная гэта размова або высокадакладная падробка, паводле законаў інфармацыйнай вайны яна ўжо нанесла магутны ўдар пад дых дзейнаму рэжыму, - падсумаваў Аляксандр Класкоўскі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках