28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Байдэн будзе больш рашучым у дачыненнях ЗША з Паўночнай Карэяй

5
FT: Байдэн будзе больш рашучым у дачыненнях ЗША з Паўночнай Карэяй
ДЖО БАЙДЭН

Адміністрацыя абранага прэзідэнта ЗША будзе спрабаваць узяць пад кантроль ядзерную праграму КНДР.

Экспэрты ў замежнай палітыцы пераможцы выбараў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна заклікаюць новага амерыканскага лідара дасягнуць пагаднення аб кантролі над узбраеннямі з лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам. Гэтая ўгода можа стаць патэнцыйна радыкальным прарывам пасля дзясяцігоддзяў няўдалай дыпламатыі ЗША, піша «Зеркало недели. Украина» са спасылкай на Financial Times.

Адміністрацыі прэзідэнтаў ЗША, пачынаючы ад Біла Клінтана, заканчваючы Дональдам Трампам, не змаглі спыніць Паўночную Карэю ў развіцці ядзерных і ракетных тэхналогій. Вашынгтон паспрабаваў звярнуцца да «метадаў заахвочвання», такіх як амерыканская дапамога, пачаўшы эканамічнае ўзаемадзеянне з Паўночнай Карэяй і пазбягаючы ўвядзення эканамічных санкцый, але гэтыя стратэгіі не змаглі пераканаць рэжым Кім Чэн Ына адмовіцца ад сваіх ядзерных праграм.

Цяпер Паўночная Карэя можа пахваліцца наяўнасцю ад 20 да 40 ядзерных боегаловак, і гэта павінна заахвоціць ЗША звярнуць сваю ўвагу на кантроль над узбраеннямі. Калі ЗША ніяк на не будуць рэагаваць на рост ядзернага патэнцыялу КНДР, гэта азначала б моўчкі прыняць статус Пхеньяна як ядзерна ўзброенай дзяржавы і не патрабаваць дэнуклеарызацыі.

Былы чыноўнік Пентагона Ван Джэксан заявіў, што імкненне Вашынгтона да абсалютнай бяспекі становіцца «ўсё больш амбіцыйнай мэтай», бо вайсковая моц Паўночнай Карэі хутка прагрэсуе.

«Паўночная Карэя не збіраецца адмаўляцца ад ядзернай зброі. Як доўга ЗША могуць моўчкі спадзявацца на добрасумленнасць КНДР?», - кажа Ван Джэксан.

Экспэрт у пытаннях Паўночнай Карэі, які працаваў у Радзе нацыянальнай бяспекі пры Адміністрацыі прэзідэнта Джорджа Буша-старэйшага Віктар Ча заявіў, што перамовы аб кантролі над узбраеннямі павінны пачацца найбліжэйшым часам, і гэтыя перамовы павінны паспрабаваць «угаварыць» КНДР адмовіцца ад небяспечных элементаў Узброеных праграм.

Але, каб пазбегнуць абвінавачванняў у занадта мяккім стаўленні ЗША да рэжыму Кім Чэн Ына, новаабранаму прэзідэнту давялося б прадумаць механізм, які падштурхне Паўночную Карэю да дэнуклеарызацыі.

Навуковая супрацоўніца амерыканскага аналітычнага цэнтра Інстытута Квінсі Джэсіка Лі адзначыла, што некалькі палітычных прызначэнняў Байдэна на пасады ў органах нацыянальнай бяспекі ўжо «намякалі на больш стратэгічны падыход» да Пхеньяна, у тым ліку магчымае прызначэнне былой чыноўніцы Пентагона Мішэль Флурной на пасаду першай жанчыны-міністра абароны.

«Цяжка ўявіць сабе тое, што Кім Чэн Ын можа лёгка пагадзіцца на праграму раззбраення, бо для Паўночнай Карэі ядзерная зброя - гэта як карта выжывання», - сказала Флурной у інтэрв'ю.

Энтані Блінкен, якога на мінулым тыдні прызначылі дзяржаўным сакратаром Байдэна, таксама рэкламаваў працэс, падобны ядзернай угодзе прэзідэнта Барака Абамы з Іранам, пры гэтым адзначыўшы, што сумняваецца ў тым, што Кім Чэн Ын лёгка «перадасць ключы ад свайго ядзернага каралеўства».

«Адміністрацыя можа знайсці карысць у прамежкавай угодзе, якая патрабуе ад Паўночнай Карэі празрыстасці сваіх праграм узбраенняў і знішчэння некаторых боегаловак і ракет у абмен на абмежаваную эканамічную дапамогу», - сказаў Блінкен у 2018 годзе.

Аднак экспэрты прызналі, што існуюць недахопы ў падыходзе, які прадугледжвае серыю саступак Паўночнай Карэі. Усякая такая палітыка сутыкнецца з незадаволенасцю ў Кангрэсе ЗША, які доўгі час займаў жорсткую пазіцыю супраць зброі масавага знішчэння ў КНДР.

Былы аналітык ЦРУ ў Паўночнай Карэі Су Кім кажа, што стымулы, прапанаваныя КНДР, павінны грунтавацца «на наборы рэальных, рацыянальных чаканняў», адзначыўшы, што Пхеньян адмовіўся супрацоўнічаць з міжнароднымі інспектарамі ў пытаннях узбраенняў.

«Улічваючы мінулы прэцэдэнт Паўночнай Карэі ў перамовах, яе гістарычны досвед у стасунках з ЗША і, вядома, яе доўгатэрміновую стратэгію, я сумняваюся, што гэтыя кароткатэрміновыя захады будуць мець нейкую карысць», - сказала Су Кім.

Байдэн ужо даў зразумець, што «тэатральных сустрэч на вышэйшым узроўні», якія актыўна падтрымліваў Трамп падчас трох сустрэч цягам апошніх двух гадоў з паўночнакарэйскім лідарам, больш не будзе. Новы амерыканскі прэзідэнт заявіў аб тым, што сустрэнецца з Кім Чэн Ынам толькі ў тым выпадку, калі Паўночная Карэя пагодзіцца паменшыць свой ядзерны патэнцыял.

Экспэрт з Універсітэта Ёнс у Сеуле Джон Дэлуры мяркуе, што адміністрацыя Байдэна не павінна вяртацца да палітыкі «стратэгічнага цярпення» эпохі Абамы, падчас якой паміж Вашынгтонам і Пхеньянам было мала ўзаемадзеяння.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках