24 красавiка 2024, Серада, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы з імі наважаны змагацца да перамогі

1
Мы з імі наважаны змагацца да перамогі
Наталля Бордак

Маналог пра будні грамадскай актывісткі з правінцыі.

Я расказваю сваю гісторыю ў чаканні міліцыянтаў. Трэба паспець, бо гэты аповед можа перапыніцца на сем содняў. Роўна столькі прысудзілі мне нядаўна ў нашым нясвіжскім судзе.

Судзілі па «ўказіўцы» з Мінску, дакладней, па здымках з мітынгу, які адбыўся больш за месяц таму. І яны зусім не сведчаць ні пра якія «масавыя мерапрыемствы». Сказала пра гэта следчаму. Як і пра тое, што не помню падзеі месячнай даўніны.

На жаль, яго хлусню гэта не спыніла. У судзе было агучана зусім не тое, што я казала «пад пратакол». Белае зрабілі чорным, і суддзя вырашыла кінуць мяне на тыдзень за краты.

Дарэчы, гэты суд давялося крыху перанесці па тэрмінах, бо якраз тады я здавала аналіз на каронавірус. Вынікі тэсту трэба было чакаць тры дні, але гэтага рабіць ніхто не стаў. Суд «ccyнyлі» толькі на 24 гадзіны.

Каб ковідны тэст апынуўся станоўчым, усе б моцна рызыкавалі, але, дзякуй Богу, я здаровая.

Шчыра кажучы, думала, што арыштуюць у судзе, але міліцыянты напужаліся слоў пра тэст і замест «казённага дома» павезлі да той дакторкі, якая тэст і прызначыла.

Урач мае словы пацвердзіла і сказала, што зараз я павінна быць дома. Нават прапанавала паразмаўляць з іх начальнікам. Пасля гэтага я яшчэ на некалькі дзён засталася дома.

Цяпер чакаю, калі за мной прыедуць. Сама «здавацца» не пайду.

Дарэчы, гэта будзе ужо другая мая «адсідка». Першая — яшчэ ў жніўні. Дакладней — 9 жніўня. Забралі прама з выбарчага ўчастка.

Справа ў тым, што за тыдзень да гэтага у нас быў мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Я выступала. Усе здымалася на міліцэйскае відэа. Думаю, за мной потым пільна сачылі.

Праз некалькі дзён я паспрачалася з дзяўчатамі з БРСМ, якія агітавалі за Лукашэнку: «Навошта вам гэта трэба?»

Гутарка праходзіла каля гарвыканкама і была запісана на камеры.

9 жніўня мяне затрымалі — па скарзе дзяўчатак у міліцыю... Нібыта прыставала да іх з «палітыкай», размахвала рукамі, перашкаджала рухацца і ледзь не жыць. Словам, стандартны набор.

Тады мяне засудзілі непасрэдна ў міліцэйскім пастарунку, у падвале дома, пабудаванага ў 1927 годзе.

Далі 10 содняў.

Падняўся ціск, сэрца пачало моцна біцца, мне стала так дрэна, што выклікалі хуткую дапамогу. Прыехалі ўрачы і зрабілі кардыяграму. Што там было, я не ведаю, сказалі мяне не чапаць. Ды якое там...

Першыя дні сядзела з жанчынай, якая пасварылася з дачкой і тая яе «здала». Калі яе выпусцілі, шэсць дзён была ў камеры адна.

Без выхаду на вуліцу, з вядром і прыадчыненай форткай.

Заспявала неяк «Магутны Божа», яшчэ — «Муры».

У камеру заляцеў нейкі страшны амапавец і доўгім металічным дротам праз трайныя краты закрыў той маленечкі прасвет волі. Паветра перастала паступаць, і мне зноў стала дрэнна. Я пачала задыхацца, усё трымцела. Падскоквала ад ложку ледзь не на сантыметр.

Прыйшоў ахоўнік начной змены, спалохаўся, выклікаў хуткую дапамогу. Прыехалі, нешта ўкалолі, накрылі двума коўдрамі. І — усё

… Мне 61 год. Па прафесіі я мастачка, але займацца вольным мастацтвам і мець адрозную ад улады думку у нашай краіне афіцыйна нельга. Раней працавала выхавальніцай ліцэйскага інтэрнату (зараз на месцы ліцэя звычайная гімназія), потым крыху ў каледжы.

Зразумела, мае палітычныя погляды не спадабаліся начальству і за паўтары гады да пенсіі мяне «ушли «.

Каб атрымаць хоць нейкую пенсію, займалася рамяством, роспісам пэўных мастацкіх рэчаў, малявала эцюды. Брала ў падатковай інспекцыі адпаведную даведку і неяк выжывала сама.

Яшчэ і малодшага сына Міхаіла вучыла у нашым каледжы. Яго потым затрымалі за Курапаты, і я доўга не магла Мішу знайсці. Ніхто з міліцыянтаў не казаў, дзе ён. Прыехалі з дзяўчатамі ў Жодзіна. Высветлілася, што яго ўжо перавялі ў Нясвіж.

Але ў нашым РУУС на пытанне наконт сына мне нічога не адказалі. Нават вачэй ад нейкіх папер не адарвалі… Наўмысна, каб больш балела матчына сэрца…

У рэгіёнах заўсёды цяжэй, чым у Мінску. Тут усе навідавоку. Але супраціў не спыняецца. Толькі ён стаў іншым. Людзі цёпла апранаюцца, і кожную нядзелю гуляюць па мясцовым парку. Без сцягоў і якіх-небудзь транспарантаў.

Большасць жыхароў горада супраць існай улады, супраць гвалту, але яны вельмі баяцца. Некаторыя мае сяброўкі нават перасталі тэлефанаваць. Затое з’явілася шмат новых сяброў.

Мы з імі наважаны змагацца да перамогі.

Наталля Бордак, мастачка з Нясвіжа, sn-plus.com

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках