NASA плануе выправіць на Марс сабаку-робата
3- 20.12.2020, 20:38
- 20,456

Марсіянскія сабакі будуць прыкладна ў 12 разоў лягчэйшыя за сучасныя марсаходы.
У NASA прадставілі чатырохногага робата Au-Spot са штучным інтэлектам – мадыфікаваную версію робата Spot ад Boston Dynamics, навукоўцы абсталёўваюць чатырохногіх робатаў, якія імітуюць жывёлаў, штучным інтэлектам (ШІ) і наборам сэнсарнага абсталявання, каб дапамагчы ім аўтаномна перамяшчацца па Чырвонай планеце, паведамляе korrespondent.net са спасылкай на выданне Live Science.
Мяркуецца, што робаты-сабакі змогуць манеўраваць лепш, чым марсаходы Spirit, Opportunity, Curiosity і Perseverance.
Манеўранасць і ўстойлівасць новых робатаў спалучаюцца з датчыкамі, якія дазваляюць ім абмінаць перашкоды, выбіраць паміж некалькімі шляхамі і будаваць віртуальныя мапы заглыбленых тунэляў і пячораў для аператараў на хатняй базе.
Традыцыйныя марсаходы абмяжоўваюцца ў асноўным плоскімі паверхнямі, але многія цікавыя з навуковага гледзішча раёны Марса размешчаныя на перасечанай мясцовасці або пад зямлёй. Робаты-сабакі добра падыходзяць для такіх задачаў – нават калі яны ўпадуць, яны змогуць зноў падняцца.
Марсіянскія сабакі будуць прыкладна ў 12 разоў лягчэйшыя за сучасныя марсаходы і змогуць падарожнічаць нашмат хутчэй, дасягаючы нармальнай хуткасці хады 5 км/г падчас выпрабаванняў. Даследнікі паведамілі, што марсаход Curiosity рухаецца па паверхні Марса з хуткасцю блізу 0,14 км/г.
Au-Spot скануе сваё асяроддзе з дапамогай мноства датчыкаў, якія апрацоўваюцца бартавым кампутарам, што дазваляе марсіянскаму сабаку адлюстроўваць тое, што вакол яго, у 3D.