25 красавiка 2024, Чацвер, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, навошта людзі ў размове паўтараюць імёны

2
Навукоўцы высветлілі, навошта людзі ў размове паўтараюць імёны

Падчас размовы людзі паўтараюць імёны ўласныя, каб надаць ім дадатковы сэнс.

Навукоўцы высветлілі, што падчас размовы людзі паўтараюць імёны ўласныя, каб надаць ім дадатковы сэнс. Такім чынам суразмоўца пацвярджае пэўнасць інфармацыі і тлумачыць нейкія факты пра носьбіта імя. Пра гэта піша прэс-служба Расейскага навуковага фонду (РНФ) са спасылкай на артыкул у навуковым часопісе Language&Communication.

У еўрапейскай традыцыі імёны ўласныя, напрыклад, Іваноў, Пятроў, Сідараў, не маюць моўнага значэння. Іх не паказваюць у тлумачальных слоўніках, бо яны паказваюць на свайго ўладальніка наўпрост, але не апісваюць яго ўласцівасці. Лінгвісты з Санкт-Пецярбуржскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мадрыдскага ўніверсітэта Камплутэнсе вызначылі яшчэ адзін клас ужыванняў, калі імёны атрымліваюць новае значэнне. Гэта таўталогія з уласнымі імёнамі, як, напрыклад, «Чэрчыль ёсць Чэрчыль» ці «Эйнштэйн - гэта Эйнштэйн».

«У некаторых мовах, напрыклад, індзейскіх плямёнаў Паўднёвай Амерыкі, у якасці паказчыкаў дакладнасці інфармацыі выкарыстоўваюцца спецыяльныя моўныя элементы, званыя эвідэнцыяльнымі маркерамі. У мовах, дзе іх няма, напрыклад расейскай, ангельскай ці гішпанскай, гэтую ролю могуць выконваць паўторы. Яны таксама выкарыстоўваюцца ў якасці тлумачэнняў, напрыклад, апраўдання пэўных учынкаў носьбіта імені. Акрамя таго, іх часта ўжываюць як самы моцны, вызначальны аргумент на канцы фрагмента тэксту», - пракаментавала Алена Вілінбахава, дацэнтка Санкт-Пецярбуржскага дзяржаўнага ўніверсітэта і кіраўніца даследавання.

Падчас даследавання навукоўцы высветлілі, што, нягледзячы на глыбокую вывучанасць, з аднаго боку, паўтораў, а, з другога боку, імёнаў уласных, скрыжаванне гэтых дзвюх абласцей даследаванае вельмі слаба, хоць людзі актыўна іх выкарыстоўваюць.

Так, у выпадку абмеркавання знакамітасцяў такі прыём выкарыстоўваецца ў размове аб асабістым і творчым жыцці чалавека, калі спачатку паказваецца проста імя, а пры наступным згадванні маюцца на ўвазе ягоныя дасягненні. Напрыклад, Ігнацій Падзярэўскі быў знакамітым піяністам і адначасова дзяржаўным дзеячам. Людзі, якія ведалі яго толькі ў адной прафесійнай вобласці, у спрэчках адзін з адным дзівіліся, калі прыходзілі да высновы, што «Падзярэўскі сапраўды Падзярэўскі», маючы на ўвазе, што «той самы Падзярэўскі, знакаміты піяніст, з'яўляецца таксама і палітыкам», ці наадварот.

«Паводле нашых звестак, найбольш распаўсюджаная роля таўталогіі ў тэкстах - гэта паказчык дакладнасці інфармацыі. Калі тоеслоўе выкарыстоўваецца да або адразу пасля некаторага меркавання, якое гаворыць аб носьбіце імя, то гэта меркаванне атрымлівае статус агульнавядомай праўды, бо тоеслоўе заўсёды праўдзівае па вызначэнні», - сказала Вілінбахава.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках