23 красавiка 2024, aўторак, 20:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ўручаная альтэрнатыўная «Нобелеўская прэмія»

2
Праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ўручаная альтэрнатыўная «Нобелеўская прэмія»
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ

Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» і яго кіраўнік удастоены шведскай прэміі «За правільны лад жыцця».

Беларускаму праваабарончаму цэнтру «Вясна» і яго кіраўніку Алесю Бяляцкаму ў чацвер, 3 снежня, уручаная прэмія «За правільны лад жыцця», якую таксама называюць альтэрнатыўнай нобелеўскай. Сёлета праз пандэмію каранавіруса ўручэнне ўзнагарод шведскага фонду Right Livelihood Award Foundation адбылося віртуальна, а не традыцыйна ў Стакгольме. Аднак Алесю Бяляцкаму прэмія была ўручаная асабіста ў шведскай сталіцы, паведамляе «Немецкая волна».

«У Беларусі ідзе мірная рэвалюцыя»

Выступаючы на цырымоніі, кіраўнік «Вясны» адзначыў, што сёлета ўзнагарода ўручаецца ў той час, калі ў Беларусі адбываецца мірная рэвалюцыя. «Вось ужо паўгода беларускае грамадства вядзе захапляльную барацьбу за правы чалавека, за дэмакратыю і справядлівасць, барацьбу за права называцца народам, барацьбу з апошнім дыктатарам Еўропы і яго рэжымам, які ён будаваў больш за 26 гадоў, - сказаў Бяляцкі. - Гэтая барацьба не праходзіць без ахвяр: чацвёра дэманстрантаў забітыя, больш за 30 тысяч арыштаваныя, больш за тысячу параненых, тысячы збітых беларусаў і тых, што прайшлі праз катаванні. Забойствы, згвалтаванні і катаванні - гэта ўсё цяпер адбываецца ў Беларусі». Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары і страціў легітымнасць у вачах беларускага народа, яго ўлада трымаецца толькі на міліцыі і ўзброеных сілах, заявіў Бяляцкі.

«Гэта вялікі гонар і прызнанне працы, якую рабіла мая праваабарончая арганізацыя, я, а таксама іншыя праваабаронцы ў няпростыя часы, якія наступілі для Беларусі», - сказаў Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю DW у пачатку кастрычніка, калі былі абвешчаныя імёны лаўрэатаў прэміі. Са слоў Бяляцкага, гэтая прэмія з'яўляецца не персанальнай узнагародай за яго «добрую працу», а, хутчэй, жэстам падтрымкі ўсіх праваабаронцаў, якія цяпер імкнуцца дапамагаць ахвярам рэпрэсій у Беларусі.

Праваабарончая дзейнасць Бяляцкага

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў барацьбе за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі. Праваабарончай дзейнасцю ён заняўся яшчэ ў эпоху Перабудовы, а ў 1996 годзе стварыў праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэтая арганізацыя ўжо больш за 20 гадоў дапамагае беларусам бараніць свае правы, займаецца назіраннем за выбарамі і аказвае дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій.

Актывісты арганізацыі неаднаразова зазнавалі пераслед з боку ўладаў. У 2011 годзе Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці на абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Краіны Еўразвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі прысуд палітычна матываваным, а Бяляцкага - палітвязням. Пад ціскам міжнароднай супольнасці ён быў датэрмінова вызвалены летам 2014 года.

Хто яшчэ атрымаў прэмію

Акрамя Алеся Бяляцкага, лаўрэатамі прэміі сталі таксама актывістка з Нікарагуа Лоці Канінгем Врэн, амерыканскі юрыст Браян Стывенсан і іранская абаронца правоў жанчын Насрын Сатудэх. Кожны з іх атрымае па 95 тысяч еўраў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках