16 красавiка 2024, aўторак, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я думала, што памру»

190
«Я думала, што памру»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Беларуска распавяла аб жорсткім згвалтаванні лукашэнкаўскімі сілавікамі, каб яе пачуў свет.

Са жніўня сілавікі прадаўжаюць катаваць беларусаў, а ўлады гэта адмаўляць. Ужо вядома некалькі сотняў гісторый жорсткага збіцця і іншых здзекаў, якія зазналі беларусы з боку сілавікоў за апошнія 4 месяцы. Швэдскае выданне ETC апублікавала гісторыю беларускі, якую жорстка згвалтавалі дубінкай у ізалятары - гераіня падала рэдакцыі медыцынскія дакументы, якія спраўджваюць яе гісторыю. Выданне не называе рэальнага імя дзяўчыны, даты таго, што здарылася і канкрэтнага месца, але з аповеду зразумела, што гэта адбылося ўжо пасля 9-11 жніўня, у перыяд нядзельных маршаў. Гераіня падкрэслівае, што расказвае сваю гісторыю, каб яе пачуў увесь свет. The Village Беларусь публікуе яе пераклад.

Крысціна папрасіла мяне напісаць гэты тэкст. Гэта яе паказанні, аповед пра тое, што яна зазнала ў турме ў Менску, у Беларусі, пасля таго, як яе адвялі ў камеру трое байцоў АМАПу дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Яна расказала мне пра тое, як яе згвалтавалі. Дэталі яе гісторыі настолькі суровыя, настолькі сюррэалістычныя, настолькі заблытаныя, што я быў вымушаны папрасіць яе паказаць медычную карту. Няўжо гэта праўда? Яна даслала, я пераклаў дакументы, і выявіў, што ў яе гісторыі няма ніякіх перабольшванняў і прыдумак.

Напраўду ўсё гэта праўда.

Гінеколаг, які спецыялізуецца на аднаўленні пашкоджаных геніталій, кажа мне, што такія траўмы, якія атрымала Крысціна, звычайна назіраюцца ў жанчын з зон канфлікту, дзе сэксуальны гвалт выкарыстоўваецца для тэрору грамадзянскіх асоб, напрыклад, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Крысціне спатрэбіцца тэрміновая аперацыя, за якой рушыць услед працяглы перыяд рэабілітацыі. Яна не можа кантраляваць свой кішэчнік, усё проста выцякае з яе. Яна не ведае, ці зможа калі-небудзь мець дзяцей. У яе засталося ўсяго пяць зубоў.

Вось што зрабілі з ёй амапаўцы Лукашэнкі.

Крысціна хоча расказаць усяму свету, што адбылося, кажа яна. Яна спадзяецца, што гэта шанец разварушыць грамадскасць, якая супакоілася і стала досыць пасіўнай пасля выказанага асуджэння міжнароднай супольнасцю і ўведзеных санкцый.

Яна хоча расказаць сваю гісторыю, нават калі гэта азначае, што ёй давядзецца перажыць усё спачатку, бо яна ўсё адно гэта робіць і калі не спіць, і калі спрабуе заснуць. Перад яе вачыма ўвесь час стаіць пацёрты стол, на які яе паклалі. Спачатку на жывот, потым на спіну. Яна таксама бачыць іх пустыя вочы скрозь чорныя балаклавы.

«Яны выглядалі так, быццам проста чакалі аўтобуса», - кажа яна.

Крысціна - адна з многіх, хто падняў свой голас супраць спробы Лукашэнкі скрасці нядаўнія прэзідэнцкія выбары ў краіне. Яна не раздумваючы далучылася да пратэстаў і не спынілася, калі стала зразумела, што і амапаўцам, і сілавікам было загадана здушыць мірнае паўстанне ўсімі магчымымі спосабамі. Яна ведала, што гэта можа наклікаць на яе непрыемнасці, але не вагалася.

«Я думала, што ёсць рызыка, што на мяне могуць напасці, - кажа Крысціна, якая вымушана гаварыць павольна, каб суразмоўца мог разабраць яе словы. Нарэшце, голас чалавека змяняецца пасля таго, як яму дручком раздушылі 25 зубоў, некалькі разоў забіўшы яго ў рот з усёй сілы.

Яе затрымалі і зачынілі разам з дзвюма сяброўкамі ў адным з аўтазакаў АМАПу. Іншыя да таго моманту ўжо сядзелі ў гэтых клетках. Яе некалькі разоў ударылі рукамі, а іншых - нагамі. Што для яе было цалкам чакана. Крысціне было страшна, але яна адчувала сябе спакайней, ведаючы, што яна не адна, што вакол ёсць іншыя дэманстранты, якія бачаць і чуюць, што адбываецца.

Яна кажа, што гэта было падобна на рытуал. Спосаб падаць ім урок. Яна чакала, што трэба будзе ператрываць усяго некалькі гадзін жорсткага абыходжання, а потым, калі раны і сінякі зажывуць, у выхадны яны зноў выйдуць на вуліцы. Але ўсё адбылося не так.

Яе сяброўкі лёгка адкараскаліся ў параўнанні з Крысцінай, у тым сэнсе, што змаглі выйсці адтуль цэлымі і непашкоджанымі. Крысціна ж выйшла з турмы з унутраным крывацёкам і такім моцным болем, якога, з яе слоў, не адчувала раней ніколі.

Чаму абралі яе?

Крысціна не ведае. Яна не арганізатарка, яна не актыўная ў аніводнай палітычнай групе, яна проста хтосьці, ніхто. Магчыма, таму, кажа яна. Таму што, калі гэта можа здарыцца з кім заўгодна, гэта азначае, што кожны павінен прымаць пад увагу такую рызыку.

Крысціна перакананая, што сілавікі вынікалі плану.

«Яны былі зусім спакойныя, калі прыйшлі па мяне ў калідор, яны дазволілі мне сказаць некалькі слоў маім сябрам. Яны толькі злёгку трымалі мяне за руку, калі вялі ў камеру. Яны былі ціхімі, але не агрэсіўнымі. Я думала, яны вязуць мяне туды, каб проста задаць некалькі пытанняў».

Яна памятае, што камера або пакой для допытаў быў прыкладна пяць на пяць метраў, на столі гарэлі люмінесцэнтныя лямпы. Вокнаў не было.

Як толькі дзверы зачыніліся, яны пачалі метадычнае згвалтаванне.

Анус, похва, рот. Яны пусцілі ў ход дручкі. Спачатку яна падумала, што яны збіраюцца біць яе па спіне, а можа быць, і па нагах. Але замест гэтага яны сцягнулі з яе штаны.

Яна крычала і ўмольвала. Распавяла, дзе нарадзілася, што вучылася ва ўніверсітэце і за якую футбольную каманду заўзее - усё, што магла прыдумаць, каб знайсці агульную мову з адным з мужчын.

Але яны прадаўжалі, не кажучы ні слова, нават адзін аднаму.

«Я думала, што памру. Я адчувала, што тое, што яны робяць са мной, заб'е мяне, ніхто не можа перажыць нешта такое. Яны былі падобныя на машыны, а не на людзей».

Яна то губляла прытомнасць, то прыходзіла ў сябе, але прыйшла да цямы, калі сілавікі зламалі ёй зубы, запіхнуўшы дубінку ў рот. Яна ўбачыла іх на падлозе - белыя плямы ў чырвонай лужыне крыві.

Крысціну выцягнулі з турмы. Яна паспрабавала ісці, але ўпала. Грамадзянскія адвезлі яе ў шпіталь, дзе ёй зрабілі тэрміновую аперацыю і пераліванне крыві. Нарэшце яе забралі сваякі. Яна і цяпер з імі, у асноўным прыкаваная да ложка, абяссіленая ад моцных болесуцішальных.

Сапраўднае імя Крысціны - не Крысціна.

«Яны не змогуць мяне апазнаць. Наўрад ці я адзіная жанчына, якую згвалціў АМАП ці нават звычайная міліцыя. Людзі, якія здзекаваліся з мяне, рабілі тое ж самае і раней».

Відавочна, гэта сапраўды так. Human Rights Watch задакументавала сістэматычныя злоўжыванні і катаванні, а таксама згвалтаванні, якім, са слоў як мужчын, так і жанчын, пагражалі і - прынамсі ў адным выпадку – гэта зрабілі сілавікі.

«Я магу з усёй адказнасцю заявіць, што не было ўстаноўлена ніводнага факта згвалтавання супрацоўнікамі міліцыі», - заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі.

Крысціна ведае праўду.

Жыццё, якое ў яе было, цяпер зруйнаванае.

Яна кажа, што хоча зрабіць усё, што ў яе сілах, каб спрыяць падзенню рэжыму Лукашэнкі. Яна любіць сваю краіну, любіць Беларусь і называе сябе патрыёткай. Але яна хоча бегчы, як мага далей. Далей ад Лукашэнкі, далей ад Менску, далей ад гэтай камеры.

«Мне трэба з'ехаць з краіны. Я не магу атрымаць тут неабходную мне медыцынскую дапамогу і баюся, што яны вернуцца па мяне».

Я пытаюся яе, як яна хоча скончыць сваё пасланне свету.

- Дапамажыце нам пазбавіцца ад таго, хто гвалтуе свой уласны народ.

Напісаць каментар 190

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках