25 красавiка 2024, Чацвер, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

1
Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Змаганне наша супраць гэтай улады — партызанскае, штодзённае, штохвіліннае.

Амаль чатыры месяцы доўжацца пратэсты ў Беларусі. А навакольны свет тым часам жыве сваім жыццём, час ідзе сваёй хадой, раз-пораз даючы нам, беларусам, прыклады пратэстаў іншых краін — ці то для натхнення, ці то для самааналізу.

За гэты час мы спачатку назіралі рэвалюцыю ў Кыргызстане, потым разважалі над пратэстамі ў Польшчы. Але вось і канец восені ды пачатак зімы — і гэта нагода глянуць у бок паўднёвых суседзяў. Не, ва Украіне зараз ціха, але сем год таму было зусім не так. У Майдана 2013-2014 гадоў было столькі важных і лёсавызначальных момантаў, што наступныя тры месяцы ўспаміны будуць часта ўзнікаць у яго ўдзельнікаў. Каб узгадаць, параўнаць і натхніцца. А кім — украінцамі ці намі?

Майдан — гэта, бадай, першае, што прыходзіць у галаву, калі патрабуецца нейкая кропка апоры для аналізаў і прагнозаў датычна сёлетніх беларускіх пратэстаў. Насамрэч, прыйшло ў галаву ўсім задоўга да пачатку пратэстаў, а менавіта яшчэ падчас самога Майдану. Процьма людзей разважала пра яго ў катэгорыях, ці можа быць нешта падобнае ў Беларусі, ці трэба нам увогуле нешта падобнае, як гэта на нас адаб’ецца — бо Беларусь відавочна трапляла пад найбольшую паслямайданную “ўдарную хвалю”. А калі занурыцца ў мінулае яшчэ глыбей, Майдан параўноўвалі і з нашай Плошчай-2010: што было так, што не так, і чаму ў іх не як у нас, і чаму яны — гэта ўжо пад самы канец — змаглі і перамаглі. Зараз пытанні люстэркавыя: чаму ў нас не як у іх і ці мы пераможам, калі ў нас не так? Ці сапраўды не так? Давайце ўзгадаем разам тую неверагодную зіму, якая змяніла жыццё ўкраінцаў і багата каго з беларусаў.

Атмасфера

Майдан ва ўкраінцаў — гэта лад жыцця. У шырокім сэнсе гэтага слова. Культура народных пратэстаў, актыўнага адстойвання сваіх інтарэсаў у іх, здаецца, у крыві. Бо як інакш патлумачыць тое, што людзі заўжды ведаюць, куды ісці і што рабіць, калі чыніцца несправядлівасць? І гэта тычыцца не толькі гучных прамоваў ды будавання сцэны ў цэнтры сталіцы. Мы, беларусы, прыехаўшыя падтрымаць Майдан, былі ў захапленні і проста не верылі сваім вачам, наколькі адзінадушна жыў горад у тыя дні. Кавярні працавалі без закрыцця, прадпрымальнікі прывозілі ежу і гарачыя напоі, звычайныя грамадзяне мяхамі неслі цёплыя рэчы, не кажучы ўжо пра неабходны для намётавага мястэчка рыштунак, усе спявалі гімн, на кожным кроку ўтвараліся валанцёрскія пункты.

Мы вярталіся дахаты як з іншай чароўнай планеты, не маючы веры ў тое, што такое магчыма ў беларускім грамадстве. Але беларусы сёлета зрабілі значна больш, чым самая высокаарганізаваная грамадзянская супольнасць. Беларусы выканалі такія функцыі дзяржавы, да якіх яна даўно няздольная: далі рады з дапамогай медыкам у пандэмію, арганізавалі незалежнае назіранне і падлік галасоў з выкарыстаннем некалькіх механізмаў — і белыя стужкі, і фота бюлетэняў, стварылі безліч ініцыятываў па дапамозе ахвярам гвалту.

Маштаб валанцёрскага лагера пад сценамі мінскіх ізалятараў на Акрэсціна ўразіў увесь свет. А спробы воднай блакады Новай Баравой паказалі, што чужых дамоў у Мінску няма, усе дамы агульныя і гаспадары заўжды дапамогуць тым, хто пацярпеў. Што на тле гэтага гарбата і цукеркі, якімі мы дзелімся на нашых маршах ды дваровых сустрэчах? І ўсё ж мы не забываем на гарбату.

Госці, госці, госці, хтосьці ёсць, няма кагосьці

А, дарэчы, пра прыехаўшых. Як бы там ні выкручваліся аналітыкі, Майдан насіў выразна антырасійскі характар з самага пачатку. Гэтага могуць не напісаць у вікіпедыі, але гэта лунала ў паветры, было разліта па кіеўскіх вуліцах, спрэс прысутнічала ў размовах ды жартах. Гэта мы адчулі за сотні кіламетраў, яшчэ толькі выпраўляючыся ў дарогу, як адчулі і грузіны, малдаване, літоўцы, чэхі, палякі — адным словам, усе, у каго ладныя рахункі да “імперыі зла”. Увесь свет, здавалася, стаяў там. Якіх толькі сцягоў ні бачылі мы на Майдане! Нават расійскія, праўда, гэтым сцяганошам даводзілася праводзіць доўгую тлумачальную размову. Майдан быў як глыток свежага паветра — свабоды і справядлівасці — для ўсіх, хто так ссумаваўся па гэтых базавых патрэбах homo civilis. У першую чаргу для беларусаў.

Тут нам сапраўды складана. Наш урад не пускае ў Беларусь нават некаторых сваіх, не тое што замежнікаў. Нашы лідары ў выгнанні, а не на сцэне, а нашы лепшыя людзі вымушаны бегчы з краіны партызанскімі сцежкамі. Тут сітуацыя хіба такая ж, як і тады, а менавіта: беларусы масава едуць у Кіеў (але не толькі туды). Іранічна? Але менавіта так сёння і адбываецца дапамога. І хоць унутры сваёй хаты мы са сваім ворагам сам-насам, увесь свет стаіць за намі сцяной, і гэтая падтрымка адчуваецца.

Мільён на вуліцы

Мне пашчасціла быць у тым мільёне. Такія ацэнкі сапраўды былі, хаця і троху меншыя. Але я дакладна памятаю першую нядзелю снежня, калі ля сцэны і на ўсім Хрэшчаціку, і на ўсіх навакольных вуліцах, завулках, схілах, газонах было немагчыма прайсці і пары крокаў — так шчыльна стаялі людзі. Менавіта тады пачалі ўзнікаць першыя барыкады, цэнтр горада паступова заставаўся за людзьмі і ператвараўся ў намётавае мястэчка, якое ўжо не разганялі. Майдан стаяў ужо паўтара тыдня.

У нашым Мінску ў самую пікавую акцыю, праз тыдзень пасля выбараў, налічылі каля паўмільёна. Насельніцтва Кіева — 3 мільёны чалавек, Украіны — 45,5. Насельніцтва Мінска — 2 мільёны чалавек, Беларусі — 9,5 мільёны. Прапорцыі параўнайце самі, гэта бачна і без доўгіх вылічэнняў.

Геаграфія

Майдан, Хрэшчацік, Банкавая, Лютэранская, Інстытуцкая, Бесарабскі рынак… Здаецца, сёння з заплюшчанымі вачыма прайшла б гэтымі да болю знаёмымі маршрутамі, настолькі шмат было імі пройдзена сем год таму. І ўсё ж… Астатні горад жыў сваім звычайным жыццём, хоць, натуральна, і жыў Майданам штодня ў сэнсе навінаў і дапамогі. Гэты кантраст вельмі ўражваў, калі прыязджалі на ўскрайкі ночыць да сяброў ці родных.

Мінск у гэтым плане не толькі займеў своеасаблівае сэрца пратэстаў — Чырвоны касцёл, адкуль часта пачыналіся шэсці — але і шмат маленькіх сардэчак, што б’юцца нястомным пульсам. Плошча Пераменаў, Каскад, цмок Змагарыч, Мегаполіс, малінаўскі Зубр, плошчы Багінскай і Калеснікавай, універсітэты, ланцугі салідарнасці… Не, наш горад не жыве спакойным жыццём, далекім ад пратэснага цэнтра — бо пратэсны цэнтр у нас амаль у кожным двары.

Вайна і мір

Беларуская апазіцыянерка ў маёй асобе, прайшоўшы Плошчу-2010 з брутальным разгонам ды процьму іншых мітынгаў, у Кіеве спачатку насцярожвалася ад кожнага цёмнага куточка, а потым проста вар’яцела ад адчування бяспекі і спакою. Так, цітушкі і антымайданаўцы рабілі свае налёты, і ўсё ж іх было відавочна менш, чым пратэстоўцаў. Так, нават “Беркут” часам намагаўся рабіць нейкія зачысткі, але яго пастаянна заганялі да звычайнай пазіцыі на вуліцы Банкавай. “Умеюць жа ўкраінцы махаць кулакамі”, — падумала я, стаўшы сведкай адной такой бойкі. Так, людзі захапілі некаторыя адмінбудынкі і патрапілі пад святлашумавыя гранаты пры спробах заняць астатнія. І ўсё ж гэта быў горад людзей, у ім было ўтульна і свабодна. Насамрэч — не ведаю, ці ва ўсіх дыскусіях пра тое, што беларусам патрэбны толькі мірны пратэст, маюцца на ўвазе гэтыя ўкраінскія падзеі як супрацьпастаўленне — Майдан быў вельмі мірнай з’явай, з часовымі з’яўленнямі небяспекі, якім проста трэба было ўчасна супрацьстаяць.

Вайна насамрэч адбываецца ў нас, бо краіна, на жаль, яшчэ не наша. Наш супраціў — гэта не мабілізацыя для адбіцця атакаў ворага, гэта паўстанне ў канцлагеры. Вайна ўлады супраць нас — таму што той зашкальваючы ўзровень гвалту, які чыняць сілавікі на маршах, працягваецца ў ізалятарах, дварах, кватэрах. Вайна наша супраць гэтай улады — партызанская, штодзённая, штохвілінная. Вы ведаеце, што самаробныя замыканні чыгуначных рэйкаў настолькі частыя, што Кітай разрывае кантракты з рэжымам праз немагчымасць транспарціроўкі цягнікамі? Вы ведаеце, што некоторыя мінчукі, як сцямнее, ідуць, захапіўшы бел-чырвона-белы сцяг, некуды на сваім раёне і вяртаюцца пад ранак?.. Задаволеныя. Куды, не кажуць самым блізкім людзям. Мне таксама невядома. Проста давайце думаць, што мы не ведаем яшчэ шмат усяго, бо партызанская вайна — яна такая, партызанская.

Смерць

Слёзы бываюць рознымі: салодкімі — ад шчасця, салёнымі — ад дробнай ці вялікай журбы. Горкімі — ад цяжкай незваротнай страты. Горкія слёзы за апошнія сем год у мяне былі двойчы. На майдане Незалежнасці, калі побач праплылі труны з героямі Нябеснай Сотні. На плошчы Перамен, калі я паклала кветку на зямлю ў месцы, дзе апошні раз бачылі жывым Рамана Бандарэнку. Смерць — гэта адзінае, у чым немагчыма параўноваць падзеі і краіны, бо за голай статыстыкай абсалютных і адносных лічбаў знаходзіцца жыццё кожнага асобнага чалавека, і гэтае жыццё бясцэннае безадносна таго, колькі будзе ахвяраў. Нехта напісаў, што беларусы не перамогуць, пакуль у іх не будзе сваёй Нябеснай Сотні, нехта запярэчыў, што пры іншых дзеяннях улады створаць беларусам “нябесную тысячу”... Гэта не тое, у чым варта спрачацца ці раўнацца. Наша зямля ўжо паліта крывёй, і гэта дакладана не дазволіць нам спыніцца. Дзеля таго, каб больш ніхто не аддаў жыццё.

Жыццё,

У самыя чорныя і сумныя дні ўкраінцаў выратоўваў гумар і крэатыў. Я сачыла за іх жартоўнымі паблікамі ў фэйсбуку яшчэ пару год і не магла й падумаць, што беларускіх гумарных тг-каналаў у маей навіннай стужцы будзе нават больш. Памятаеце йолку з палітычнымі плакатамі, візітоўку Яраша, бабусю, што перапісвае хату на ката? І вось Майк і Нік распавядаюць нам пра “крэпкага арэшка”, Натулю ўсе двары запрашаюць на масандру, Ургант робіць прабежку з аўтаматам сюжэтам свайго шоў, а канал “Савецкая Беларуссія” дык увогуле ўлады часта прымаюць за свой грамадзянам на пацеху. Жарты ў час супрацьстаяння часта крытыкуюць, але гэта тое, што дапамагае выжыць і захаваць здаровы глузд, як і іншыя нашы звычайныя і скіраваныя на пазітыў дзеянні.

У Кіеве і ў Мінску падчас пратэстаў ствараліся пары, ладзіліся вяселлі, нараджаліся цікавыя ініцыятывы. Беларусы ўжо называюць сваіх нованароджаных дзяцей у гонар апошніх падзеяў, а украінскія дзеці, названыя такім чынам, ужо ідуць у школы. Жыццё працягваецца. І як любое жыццё немагчыма пражыць за кагосьці іншага, а толькі за сябе, так і жыццё грамадскага пратэсту для кожнай краіны будзе сваё і непаўторнае. Не ведаю, ці натхняюцца Майданам беларусы, якія пратэстуюць сёння маршамі ды іншымі дзеяннямі. Але дакладна ведаю: нам ужо ёсць багата чым натхняцца ў саміх сабе. Давайце часцей узгадваць пра гэта дзеля сілаў на далейшую барацьбу.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Кацярына Шуст, «Новы час»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках