28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Думаю, гэта апошнія ўздыхі дыктатуры

19
Станіслаў Багданкевіч: Думаю, гэта апошнія ўздыхі дыктатуры
МІКАЛАЙ ЛАТЫШОНАК І НАТАЛЛЯ ЭЙСМАНТ

Перахоп тэлефонных размоваў паказаў, што ва ўзурпатара не засталося кадравага рэзерву.

Апошнім часам у сеціве публікуюцца злівы тэлефонных размоваў, у якіх пазнаюцца галасы прадстаўнікоў найбліжэйшага атачэння ўзурпатара. Яны выстаўляюць кіраўнікоў і памочнікаў Лукашэнкі не ў найлепшым святле: тыя баяцца нават незадаволенага погляду «шэфа».

Нядаўна спартовы дырэктар Федэрацыі хакею Уладзімір Беражкоў заявіў: «Як на 27-м годзе кіравання ён мог дапусціць такую сітуацыю? Як можна рабіць усю стаўку на сілавікоў? Як можна было атачыць сябе такой слабай інтэлектуальнай элітай? Такога слабага атачэння я не памятаю ў Лукашэнкі».

«Падбіраюцца на кіроўныя пасады, вядома, далёка не найлепшыя»

Былы старшыня Федэрацыі прафзвязаў Беларусі Уладзімер Ганчарык, які стасункаў на працы з Лукашэнкам у 90-я, у каментары udf.by адзначыў, што прычыны слабых кадраў на высокапастаўленых пасадах відавочныя.

«Падбіраюцца на кіроўныя пасады, вядома, далёка не найлепшыя. Галоўнае цяпер – адданасць Лукашэнку, а кваліфікацыя, досвед, веды – гэта ўжо другаснае. Я памятаю наша знаёмства з Лукашэнкам у першыя дні ягонага прэзідэнцтва. У нас была гутарка, і я спытаў яго: чаму вакол вас такія людзі? Ён адказаў: я гэта разумею, знаходжуся ў пошуку. І Лукашэнка назваў кандыдатуру на адзін з пастоў. Гэта характарызавала яго не найлепшым чынам. З тых часоў тэндэнцыя прадоўжылася», – сказаў Ганчарык.

Станавілася толькі горш.

«Мне не падабаліся некаторыя вылучэнцы Магілёўскай вобласці (не буду называць прозвішчы), якія ўвогуле не выяўлялі сябе на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, але станавіліся прэм'ерамі», – адзначыў Ганчарык.

Але першым этапе прэзідэнцтва Лукашэнкі сустракаліся высокапастаўленыя чыноўнікі, здольныя публічна выказваць свой пункт гледжання.

«Успамінаю выпадак, калі пасля рэзкай крытыкі Лукашэнкі адзін з віцэ-прэм'ераў устаў і сказаў: калі мая праца вас не задавальняе, я магу сысці ў адстаўку. Тады Лукашэнка зрабіў перапынак, пайшоў падумаць, а калі вярнуўся, сказаў: працуйце», – расказаў Ганчарык.

Чаму цяпер такіх чыноўнікаў няма?

«Таму што такіх на кіроўныя пасады больш і не вылучаюць. Сістэма патрабуе: не выказвай ініцыятыву, слухай каманду – і ты будзеш запатрабаваным. А тое, што няма развіцця ў краіне, для рэжыму гэта справа другасная. Вось да чаго мы прыйшлі», – адзначыў Ганчарык.

«Ва ўладзе ўжо не асобы, а манекены»

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, які таксама меў зносіны на працы з Лукашэнкам у 90-я, адзначыў, што не бачыць вялікай розніцы паміж узроўнем атачэння дыктатара раней і сёння.

«Ну можа быць, цяпер яго атачаюць падхалімы ў троху большай ступені. Хіба што на самым раннім этапе, калі я яшчэ працаваў кіраўніком Нацбанка, калі рэжым Лукашэнкі яшчэ не выстаяўся, чыноўнікі на нарадах маглі выказваць свой пункт гледжання. Цяпер, вядома, такога няма: усе глядзяць яму ў рот і падтакваюць», – сказаў Багданкевіч.

Ён расказаў пра выпадак, які яго нядаўна здзівіў.

«Паглядзеў фрагменты сустрэчы Лаўрова з кіраўніком Беларусі і міністрам замежных справаў. Лукашэнка кажа: трэба актывізаваць нашы стасункі з Расейскай Федэрацыяй. І Макей гэта запісвае! Там ва ўладзе ўжо не асобы, а манекены», – мяркуе Багданкевіч.

Былы старшыня Нацбанка такія паводзіны чыноўнікаў ніяк не можа ўспрыняць за норму, хоць да гэтага можна было ўжо даўно прывыкнуць.

«Лукашэнка не бярэ ў каманду нікога з самастойных асобаў. Гэта падданыя, якія адстойваюць не інтарэсы краіны, а свайго феадала. Цяпер дайшло да таго, што ў краіне звальняюць і караюць людзей, якія не тое што супраць Лукашэнкі, а проста выступаюць за захаванне законаў. Але думаю, гэта апошнія ўздыхі дыктатуры», – сказаў Багданкевіч.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, старшыня верхняй палаты парламента Наталля Качанава – ці ўважае іх былы кіраўнік Нацбанка моцнымі кіраванцамі?

«Пра Галоўчанку сказаць пакуль нічога не магу: ён яшчэ не выявіў сябе. А вось іншыя – вельмі слабыя кіраўнікі. Так, яны адданыя, але сваёй адданасцю яны, магчыма, шкодзяць свайму феадалу. Павінна ж быць крытычнае асэнсаванне працэсаў, якія адбываюцца, а не проста падтакванне», – мяркуе Багданкевіч.

Зрэшты, на ягоную думку, адданасць чыноўнікаў Лукашэнку «да вядомых межаў».

«Калі б нашы чыноўнікі адчулі, што Пуцін Лукашэнку не падтрымлівае – яны б хутка ад яго адвярнуліся», – мяркуе Багданкевіч.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках