28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі пачаліся пратэсты, у «Валадаркі» трэсьліся сьцены»

12
«Калі пачаліся пратэсты, у «Валадаркі» трэсьліся сьцены»
Андрэй Новікаў

Падпалкоўнік Андрэй Новікаў распавёў пра свой удзел у рэвалюцыі і нечаканае вызваленьне.

За кратамі былы палітвязень правёў паўгода. У размове з «Радыё Свабода» ён апавядае пра арышт, нечаканае вызваленьне і пра тое, што адбывалася зь ім усе гэтыя месяцы.

Андрэй Новікаў зь мінулай вясны быў валянтэрам штабу Сьвятланы Ціханоўскай. Зь яе мужам Сяргеем ён пазнаёміўся ў сакавіку падчас стрыму, у траўні адседзеў «суткі». Новікаў нарадзіўся ў Варапаеве Пастаўскага раёну, але большую частку жыцьця правёў у Расеі, на Далёкім Усходзе. Даслужыўся там да званьня падпалкоўніка, працаваў у паліцыі, удзельнічаў у чачэнскіх кампаніях. Пасьля вяртаньня ў Беларусь пасяліўся ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну, заняўся фэрмэрствам. Міліцыянты прыехалі за ім проста на бульбяное поле.

Андрэй Новікаў, архіўнае фота

«Пакуль не памыюся, з вамі не паеду»

«6 чэрвеня я з раніцы быў дома, на гаспадарцы, — расказвае Андрэй пра сваё затрыманьне. — З сабакам прагуляўся, выцягнуў шчупака на 7 з паловай кіляграмаў на сьпінінг. Нічога бяды не прадказвала. Увечары паехаў на ўчастак свой ля закінутых вёсак. Мы там хацелі пад кармы яго ўладкаваць. Бульбу апрацоўваў. Да мяне туды спачатку дачка прыбегла старэйшая, сказала, што зноў па мяне прыехала міліцыя. Пасьля адразу міліцэйская машына. Начальнік Пастаўскага РУУС з двума хлопцамі. Дома яны яшчэ аднаго пакінулі на ўсякі выпадак, чакаў мяне. Я яшчэ разьвярнуўся, прагнаў апошні раз баразну і паехаў дадому. Яны мяне спрабавалі заломваць, цягнуць у машыну. Я кажу: „Не. Пакуль не памыюся, з вамі не паеду“. Я ў той дзень яшчэ хімікатамі пасадкі апрацоўваў. Пайшлі са мной у лазьню, начальнік РУУС глядзеў, як я мыюся. Забралі мяне пасьля, закрылі ў Паставах у ІЧУ».

Пасьля гэтага супрацоўнікі міліцыі склалі на Андрэя пастанову аб затрыманьні. Абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу і ў агітацыі не хадзіць на выбары. А затым павезьлі ў Менск.

«Адразу на Акрэсьціна мяне даставілі, — расказвае ён. — Да 8 чэрвеня трымалі там, пасьля павезьлі ў суд Цэнтральнага раёну. Маладыя хлопцы, лейтэнант усё бегаў у суд даведвацца нешта. Гэта працягвалася прыкладна з 14 гадзінаў да 20. Суд так і не адбыўся, мяне павезьлі ў Сьледчы камітэт, цэнтральны апарат. Там паўтарылася тое самае. Лейтэнант бегаў, прыводзіў нейкіх людзей, тыя ківалі галавой і сыходзілі. Ён зноў бег у будынак. У выніку мяне адвялі да такога Іванова Аляксандра, ён кіраўнік нейкага аддзяленьня ў СК. Палохаў тым, што будзе асабіста мной займацца. Пасьля вярнулі ў ІЧУ. Прайшло 10 дзён, перавялі на Валадарку. Там ужо прад’явілі абвінавачаньне. Спрабавалі дапытаць, але я адмовіўся даваць паказаньні. Сказаў, што ўжо ўсё расказаў падчас допыту ў ІЧУ, а дадаць мне няма чаго».

Андрэя Новікава абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Пасьля гэтага ніхто не турбаваў ажно да лістапада. Пэрыядычна прыяжджаў сьледчы, паказваў пастановы ў справах іншых фігурантаў, большасьць зь якіх Новікаў нават не ведаў. Сытуацыя зьмянілася толькі 6 лістапада, калі адбыўся вельмі дзіўны допыт.

«Ён быў на такія агульныя тэмы, — расказвае Андрэй. — Нават не на агульныя, а на спэцыфічныя. Раздалі пытаньні. Хто яго складаў, навошта? Там такія пытаньні былі глябальнага маштабу. Пытаньне стварэньня буфэрнай зоны паміж Расеяй і Эўропай, напрыклад. З удзелам Беларусі, Украіны, краін Прыбалтыкі. Якое я маю да гэтага дачыненьне, зь якімі спэцслужбамі супрацоўнічаю, ад каго мог атрымліваць фінансаваньне. Я асабіста альбо Ціханоўскі. Такога кшталту пытаньні. Адно пытаньне аб’ёмам магло даходзіць да траціны старонкі фармату А4, агулам яны займалі каля трох лістоў».

«Выканаўцы гэтага ўсяго не задумваюцца аб наступствах»

Па словах былога палітвязьня, пастаяннага сьледчага ў яго не было. Быў чалавек з прозьвішчам Белашэенка, які прыносіў пастановы ў СІЗА. Але ён сказаў, што не вядзе справу Новікава. Апэратыўнікі прыходзілі таксама, але невядома, якой службы. Быў чалавек у масцы, які спрабаваў разгаварыць, але нічога ў яго не выйшла.

«Ужо ў лістападзе зьявіўся кіраўнік сьледчай групы, Аляксандар Агафонаў, — расказвае Андрэй Новікаў. — Спрабаваў за руку са мной вітацца. На „ты“ хацеў гаварыць. Абяцаў, што я неўзабаве сям’ю пабачу, што мы зь ім сустрэнемся ў іншых умовах, больш цывілізаваных. Такая размова ні аб чым. Я напярэдадні падаў хадайніцтва аб зьмене меры ўтрыманьня. Чарговы раз, шосты, напэўна. Падставаў дастаткова было. Ніякіх доказаў маёй супрацьпраўнай дзейнасьці не было і не магло быць. Я ўсё абдумана рабіў».

Але праз 10 дзён, нягледзячы на абяцаньні Агафонава, Андрэя так і ня выпусьцілі з-пад варты. Сваё затрыманьне ён ня зьвязвае з датычнасьцю да расейскіх сілавых структур у мінулым.

«Маё затрыманьне — гэта тупое выкананьне загаду зьверху, — мяркуе Андрэй. — Выканаўцы не задумваюцца аб наступствах. Яны звычайна маюць справу зь людзьмі некампэтэнтнымі, якія ня могуць за сябе пастаяць, ня ведаюць заканадаўства. Была каманда загасіць рух Ціханоўскага, яны пачалі выконваць. А я актыўна сябе паводзіў. Мог прыперціся на паседжаньне райвыканкаму. Гэта не забаронена, гэта нават павінна ўхваляцца згодна з законам „Аб мясцовым самакіраваньні“ ад 2010 году. Пра гэты закон ніхто не ведае. Мая неабыякавасьць адыграла сваю ролю. Год таму ў маёй жонкі былі цяжкія роды, я сутыкнуўся з сыстэмай мэдыцыны. У Паставах, у Наваполацку. Як гэта ўсё выглядае насамрэч. Моцна на мяне тады гэта паўплывала ўсё».

Былы палітвязень гаворыць, што ў сям’і даўно вызначылі для сябе мяжу — дзень выбараў 9 жніўня.

«Мая грамадзянская пазыцыя не давала маўкліва глядзець на тое, што робіць улада, — расказвае Андрэй. — І жонка мяне падтрымлівае. Яна таксама ў шоку была ад таго, як улада паводзіць сябе ў дачыненьні да народу. Мы для сябе вызначылі такую мяжу — выбары. Пасьля чаго будзем вызначаць, зьяжджаць на Далёкі Ўсход альбо заставацца. Не хацелася зьяжджаць: сялянскае жыцьцё, прырода. Мы так былі настроеныя. А калі ўбачылі, як людзі абудзіліся ад страху, нават у нас там на пэрыфэрыі, то самі ўключыліся. Я калі ў сакавіку Ціханоўскаму даў інтэрвію, мяне сталі пазнаваць. Пасьля першага адміністрацыйнага арышту ў траўні артыкулаў шмат выйшла. Незнаёмыя людзі спыняліся, размаўлялі».

«Сказалі, што павязуць мяне зараз у лес, у адзін канец»

Вызвалілі з-пад варты Андрэя Новікава гэтак сама нечакана, як затрымалі. Усё адбылося 26 лістапада.

«Пад’ём, пасьнедалі, праверка адбылася, — расказвае ён пра той дзень. — Мяне пасьля праверкі, недзе ў 9 гадзінаў, выцягнулі да сьледчага з паперамі. Уся камэра зьдзівілася. У сьледчага мне зачыталі пастанову аб адмене меры ўтрыманьня. Юрыдычна гэта няправільна. Калі я абвінавачаны і знаходжуся пад вартай працяглы тэрмін, то мне можна было зьмяніць меру ўтрыманьня. На хатні арышт, напрыклад. А мне яе проста адмянілі. Пытаюся, мне можна ісьці? „Ідзіце“. — „А па справе што?“ Сьледчы адказаў, што ня ведае. Што трэба пытацца ў Агафонава. Выдалі мне пастанову аб адмене меры ўтрыманьня пасьля спрэчкі, мае рэчы. І тут жа тры здаравякі завялі ў кабінэт, у грубай форме. Думаю, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Адзін сказаў, што я даскакаўся. Што зараз павязуць мяне ў лес, дарога ў адзін канец. І што я магу выбраць, дзе больш падабаецца. Мяне такімі штукамі не падманеш. Разьдзелі дагала, абгледзелі. Забралі ўсе дакумэнты па сьледзтве. Усе скаргі, усе копіі. Без пратаколу, безь нічога. Забралі асабістую перапіску. Лісты жонкі, родных, лісты падтрымкі ад неабыякавых людзей. Мой сшытак забралі, дзе я вёў храналёгію сьледзтва, запісваў, хто вёў допыты. Кайданкі надзелі, торбу ў рукі далі, пасадзілі ў легкавік і павезьлі ў кірунку Барысава».

Па словах Андрэя, ля Барысава аўтамабіль спыніўся, да яго пад’ехаў кіраўнік міграцыйнай службы з Паставаў і перадаў Новікаву ягоны расейскі пашпарт, які раней захоўваўся ў жонкі. А таксама забраў пакет з дакумэнтамі і запісамі Новікава. Пасьля гэтага яго павезьлі да мяжы з Расеяй.

«На мяжы вывелі ў кайданках з сумкай, — расказвае ён. — У пашпарт паставілі пячатку аб забароне на ўезд у Беларусь цягам 10 гадоў, узялі подпіс аб тым, што мне аддалі пашпарт. Ніякіх дакумэнтаў аб выдварэньні не далі. Паставілі ля памежнага знака „Россия“, папрасілі трымаць пашпарт ля твару, сфатаграфавалі, зьнялі кайданкі і зьехалі. Я застаўся з пашпартам, крыху беларускіх грошай выдалі ў касе. Адзеты быў так, як падчас затрыманьня летам. І ўсё».

«У сілавікоў вар’яцкія вочы, калі ў іх пра нешта пытаеш»

Пасьля гэтага былы вязень дабраўся да Пскова. Там жа знаходзіцца і цяпер, жыве ў гатэлі. Пакуль займаецца пытаньнямі з жыльлём, працай, зьбіраецца вывезьці сям’ю ў будучыні зь Беларусі. Цяпер гэта зрабіць немагчыма — жонцы неабходна назірацца ў лекараў пасьля складаных родаў.

«Я абяцаў сьледчаму Агафонаву не расказваць нікому падрабязнасьцяў, даваў слова афіцэра, — кажа Андрэй. — Ён абяцаў мне зьмяніць меру ўтрыманьня. Меркавалася, што ўсё будзе зроблена законна. Што я буду зьяўляцца на сьледчыя дзеяньні на патрабаваньне. А тое, што мяне могуць выдварыць так бязграматна, незаконна... Парушана ўсё, што можна. І нават тое, што нельга парушаць. Вывезьлі, выкінулі па-летняму адзетага чалавека на дарозе. Цямнела ўжо. Таму я сваіх абавязаньняў, дадзеных яму, не выконваю. Учора пазваніў яму. Даведаўся, што застаюся абвінавачаным. Што будзе далей — маўчаньне. Хто ініцыяваў выдварэньне, не гаворыць. Пераводзіць стрэлкі на міграцыйную службу Пастаўскага раёну. Хоць я ўжо прапісаны ў Лужасьне (Віцебскі раён — РС)».

Па словах былога палітвязьня, беларускія міліцыянты і сьледчыя добра разумеюць, чым займаюцца пасьля выбараў.

«У супрацоўнікаў сілавых органаў вар’яцкія вочы, калі зь імі размаўляеш, — кажа Андрэй. — Я ж сам сілавік. Усе яны разумеюць, што парушаюць закон. Але нічога зрабіць ня могуць. На ўсе пытаньні адказваюць: „Ну вы ж разумееце“. А я кажу, што не разумею».

Пра магчымую сувязь свайго нечаканага вызваленьня зь візытам міністра замежных спраў Расеі Лаўрова Андрэй Новікаў нічога ня ведае. Кажа, што былы саслужывец, які цяпер працуе адвакатам у Маскве, спрабаваў уздымаць тэму там. Пісаў звароты ў СМІ і ў МЗС. Аднак прадстаўнікі амбасады Расеі прыехалі да яго толькі на 4-ы месяц зьняволеньня. Па словах расейскіх дыпляматаў, раней гэта зрабіць забараняў беларускі бок.

«Калі пачаліся пратэсты, у „Валадаркі“ трэсьліся сьцены»

«Калі хто чытаў Салжаніцына, то нічога не памянялася, — расказвае Андрэй Новікаў пра свой побыт на Валадарскага. — У пляне разьмяшчэньня ў камэры, абсталяваньня камэр, умоваў. Хоць Беларусь падпісала канвэнцыю аб правах зьняволеных. Усё парушаецца. Вокны, акрамя кратаў, закрытыя мэталічнымі жалюзі, сонечнае сьвятло не даходзіць. Гэта на зрок уплывае. Удалечыню паглядзець няма куды, перад табой заўсёды сьцяна. Памяшканьне 6 на 5 мэтраў. Утрымліваецца там 15-20 чалавек. Першая мая камэра была 4 на 4 мэтры, там 12 чалавек трымалі. Унітаз агароджаны мэтар на мэтар. Калі хто мае вялікую вагу, то ўявіце сабе там такога чалавека».

Андрэй расказвае, што нармальна харчавацца дапамагалі перадачы ад родных, іх усе раскідвалі на ўсіх заўсёды. А вось лісты даходзілі з праблемамі. Асабліва да выбараў і пасьля іх. Перапіскі магло ня быць паўтара месяца. На ўсе скаргі давалі адпіскі. Пазьней лісты пачалі прыходзіць дзясяткамі, па 25-38 у дзень. Па штампах было відаць, што лісты ляжалі нават месяц у СІЗА. Шмат якія лісты ўвогуле не дайшлі нікуды.

«Сядзеў з рознымі людзьмі, — расказвае Андрэй. — І „эканамічнымі“, і за рабаваньне, па іншых артыкулах былі. Быў у адной камэры з хлопцам Вадзімам, якога абвінавацілі ў справе аб выбуху салютнай устаноўкі на 3 ліпеня 2019 году. Нармальны хлопец, падставілі яго вайскоўцы. З крымінальнікамі сядзеў. Усё нармальна было. Я ня ўтойваў, што я былы супрацоўнік сілавых структур. Займаўся спортам, чытаў, ангельскую мову вучыў».

Па словах Андрэя, падзеі ў ноч з 9 на 10 жніўня і пазьнейшыя пратэсты добра адчуваліся за сьценамі СІЗА. Хоць адміністрацыя рабіла ўсё, каб інфармацыя пра падзеі на вуліцах Менску да вязьняў не дайшла.

«Калі праходзілі выбары і асабліва калі пачаліся пратэсты пасьля выбараў, то тэлевізары з камэр забралі, — расказвае ён. — Асабліва там, дзе ў камэрах былі „палітычныя“. Навіны па-рознаму даведваліся. Нехта на суд езьдзіў, да некага адвакат прыяжджаў. Хтосьці меў сустрэчу з роднымі, калі ўжо асудзілі. Расказвалі нам. Ноч з 9 на 10 — гэта, вядома, мы чулі. Страляніна, выбухі ля СІЗА. Я ваенныя дзеяньні на Каўказе прыгадаў, удалую маладосьць. Канкрэтна грымела, мы ўсе апрануліся ў камэры. Чакалі вызваленьня. Пасьля таксама чулі пратэсты, як людзі хадзілі. Як скандавалі „Трыбунал“, „Сыходзь“. У „Валадаркі“ сьцены трэсьліся. Гэта як на стадыёне падчас матчу. Адчувалася моц. Усе спадзяваліся. Той жа Сівадзедаў (былы кіраўнік „Белтэлекаму“, асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі. — РС) спадзяваўся. У пратэстоўцаў жа быў пункт перагляду „эканамічных“ справаў. Шмат хто чакаў гэтага».

Былы палітвязень расказвае, што нават зладзіў на тэрыторыі СІЗА невялікую акцыю пратэсту зь нечаканым і прыемным для яго вынікам.

«16 жніўня я сабе слабасьць дазволіў, — расказвае Андрэй Новікаў. — Абмяркоўвалі з сукамэрнікамі, што б мы цяпер на волі рабілі, каб не былі ў турме. Я прапанаваў у дворыку хаця б паскандаваць які-небудзь лозунг. Паглядзім, колькі ў турме людзей Ціханоўскую падтрымліваюць, колькі Лукашэнку. Прыціхлі ўсе. Ну мяне размовы гэтыя раззлавалі, я падчас прагулкі ў дворыку крыкнуў: „Лукашэнка — не! Ціханоўская — так!“ Потым: „Беларусь без Лукашэнкі, краіна для жыцьця!“ Гучна так крыкнуў, ва ўвесь голас. Мае сукамэрнікі пабялелі, прыціхлі. Чакалі, што нешта будзе. Але што мяне ўразіла, спачатку цішыня была. А потым усе іншыя дворыкі пачалі крычаць — сьвіст, аплядысмэнты. Адміністрацыя забегала, там нейкі правяральнік быў. Наглядчык сказаў, што я падставіў яго. Але потым палец угору паказаў».

За кратамі Новікаў сустрэў свой 50-гадовы юбілей. Яго нават атрымалася адзначыць, стрыечная сястра перадала пірог. А ліст з паштоўкай і віншаваньнямі ад жонкі дайшоў праз два тыдні.

«Запарылі з сукамэрнікамі гарбату памацней, — расказвае Андрэй пра сьвяткаваньне юбілею за кратамі. — Я не прыхільнік такога, але тады ў „блатной хаце“ быў. Адзначылі. Нармальна пасядзелі».

Зараз для былога палітвязьня галоўнае пытаньне — вырашыць свае побытавыя справы і перавезьці ў Расею жонку зь дзецьмі. Пра тое, што стаў удзельнікам выбарчай кампаніі, ён не шкадуе, нягледзячы на праведзеныя за кратамі 6 месяцаў.

«Зразумела, пачуцьці дваістыя, — кажа Андрэй. — Нібы і сям’ю падставіў. Але жонка на маім баку адназначна. Мне з жонкай пашанцавала. Плюс вялікая падтрымка са свабоды. Жонку падтрымлівалі і фінансава, і маральна. Дапамагалі бульбу ўбраць, я шмат насадзіў. Яна нават не прасіла, але людзі звоняць, пытаюцца, што трэба. У гэтым пляне яна сама была зьдзіўленая салідарнасьцю. Я таксама. Калі ёсьць магчымасьць, то хачу ўсім падзякаваць. Перапіску захоўваў, таму што хацеў пасьля кожнаму асабіста выказаць падзяку. Я адпісваўся, калі была магчымасьць. Шмат студэнтаў, пэнсіянэраў, з-за мяжы пісалі, дзіцячыя лісты даходзілі. Вельмі ўдзячны ім усім».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках