24 красавiка 2024, Серада, 4:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра перавагі мірнага пратэсту

Пра перавагі мірнага пратэсту
Фотa: Getty Images

Месяцы супрацьстаяння грамадзянаў з уладай – гэта ўнёсак у незваротнасць будучых пераменаў.

Самая масавая ў гісторыі Беларусі акцыя пратэсту адбылася 16 жніўня 2020 года – праз тыдзень пасля абвяшчэння вынікаў так званых прэзідэнцкіх выбараў. Адначасова ў Менску і ва ўсіх астатніх гарадах, пасёлках і нават вёсках на вуліцы выйшлі сотні тысяч, калі не мільён грамадзянаў. Пратэстоўцы трымалі ў руках крэатыўныя плакаты, бел-чырвона-белыя і дзяржаўныя сцягі. Кабеты выйшлі на акцыю ў прыгожых сукенках і з кветкамі ў руках. Нягледзячы на рэкордную колькасць людзей на вуліцах, не фіксаваліся ніякія акты вандалізму, не было выпадкаў нападу на адміністрацыйныя будынкі, не біліся шыбы ў крамах, не падпальваліся прыватныя аўтамабілі. Словам, пратэст беларусаў быў вельмі арганізаваным, дысцыплінаваным і мірным. Ілюстрацыяй высокай культуры пратэстоўцаў сталіся растыражаваныя па ўсім свеце фотаздымкі грамадзянаў, якія здымалі абутак перад тым, як устаць з нагамі на вулічныя лавы.

Незвычайны ўсплёск грамадскай актыўнасці, пік якой прыпаў менавіта на 16 жніўня, абумоўлены некалькімі прычынамі. Па-першае, надзвычайнай палітызацыяй усяго беларускага грамадства, выкліканай стомленасцю ад стылю кіравання Лукашэнкі і памылковай рэакцыяй улады на пандэмію каронавіруснай інфекцыі. Па-другое, перакананасцю грамадзянаў у тым, што рэальныя вынікі выбараў зусім не адпавядаюць лічбам, агучаным ЦВК. Па-трэцяе, удалай кампаніяй альтэрнатыўных кандыдатаў, якія ў сваёй рыторыцы намацалі аргументы, якія здольныя мабілізаваць шырокія масы.

Але самае галоўнае: беларусы жахнуліся метадам задушэння мірных пратэстаў, на якія пайшлі сілавікі. Нематываваная жорсткасць, непрапарцыйны гвалт і садызм абурылі апалітычных людзей, якія ўпершыню ў жыцці выйшлі на вуліцы гарадоў, каб выказаць нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Можна сказаць, улада дапусціла ракавую памылку, калі быў дадзены загад на тое, каб адбіць у беларусаў раз і назаўжды жаданне выходзіць на акцыі пратэсту. У адносна невялікай Беларусі не знайсці ніводнай сям’і, у якой калі не сваякі, то знаёмыя не пацярпелі бы ад гвалту ўладаахоўнікаў.

Адметна, што рэкордныя мітынгі дэмаралізавалі вертыкаль і сілавікоў, якія проста на некалькі дзён зніклі з публічнай прасторы. А байцы АМАП увогуле з’явіліся на вуліцах гарадоў толькі праз месяц, калі трошкі суцішыліся эмоцыі.

Дзясяткі тысяч прыхільнікаў пераменаў у абласных гарадах і сама меней 300 тысяч менчукоў у сталіцы – пра такую колькасць мітынгоўцаў маглі толькі марыць дэмакратычныя палітыкі 1990-х. Аднак выхад грандыёзнай грамады на мітынгі па ўсёй краіне зусім не абрынуў увадначассе аўтарытарны рэжым. Насуперак наіўным меркаванням, распаўсюджаным у ранейшыя часы, дэмакратычная рэвалюцыя ў Беларусі зацягнулася на некалькі месяцаў.

Некаторыя гарачыя галовы раз-пораз агучваюць думку, што, маўляў, рэвалюцыя ў Беларусі прайграла ў той момант, калі грамадзяне зрабілі стаўку на мірныя пратэсты і не скарысталіся колькаснай перавагай менавіта 16 чысла. Сапраўды такую колькасць людзей, каб яны былі настроеныя агрэсіўна, не спынілі б вартыя жалю тысячы байцоў АМАП. Ды й танкі былі б супраць такой грамады нямоглыя. Аднак перспектывы дэмакратызацыі Беларусі былі б ад такога падыходу туманныя. Ды і не адбылося б столькі падзей у наступныя месяцы, якія, з аднаго боку, аб’ядналі беларусаў, а з іншага – поўнасцю дэлегітымізавалі ўладу.

Месяцы драматычнага супрацьстаяння грамадзянаў з рэпрэсіўнай машынай – гэта ўнёсак у незваротнасць будучых пераменаў. Больш за тое, улада нарабіла за апошнія тыдні столькі памылак, што ў яе прыхільнікаў не засталося нават гіпатэтычнай магчымасці рэканструяваць рэжым у будучыні.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках