26 студзеня 2021, aўторак, 21:30
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецпрадстаўнік ЕЗ: Беларускія сілавікі могуць стаць перад міжнародным трыбуналам

21
Спецпрадстаўнік ЕЗ: Беларускія сілавікі могуць стаць перад міжнародным трыбуналам
СІЛАВІКІ НА АКЦЫІ ПРАТЭСТУ Ў ЖНІЎНІ / «РАДЫЁ СВАБОДА»

Усіх вінаватых у злачынствах супраць народа змусяць да адказнасці.

Паводле словаў спецыяльнага прадстаўніка Еўразвязу ў правах чалавека Эймана Гілмара, ЕЗ па-ранейшаму трымае беларускае пытанне ў полі зроку.

Ён успомніў, што да выбараў прэзідэнта паміж Брусэлем і Менскам ішоў цалкам дыхтоўны дыялог, у тым ліку і ў пытанні захавання правоў чалавека.

«Але ўсё змянілася пасля сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня, – адзначыў Гілмар у інтэрв'ю dw.com. – Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне радыкальна пагоршылася. 30 тысячаў чалавек затрыманыя, абвінавачванні высунутыя супраць 900 удзельнікаў мірных пратэстаў, але няма ні аднаго абвінавачвання супраць тых, хто ўжываў сілу да дэманстрантаў, уключаючы сэксуальны гвалт».

Ён расказаў, што ЕЗ ужо зрабіў. Сярод іншага, унёс праект, на аснове якога Рада ў правах чалавека, якая з'яўляецца органам ААН, прыняла рэзалюцыю. Яна заклікае вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека правесці расследаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Прадстаўнік ЕЗ не выключыў магчымасці стварэння міжнароднага трыбуналу для суда над тымі, хто збіваў людзей, катаваў затрыманых, хто ўжываў гвалт супраць пратэстоўцаў.

Аднак ён звярнуў увагу на тое, што звычайна міжнародныя трыбуналы «працуюць як дадатковы механізм»: «Іх ствараюць толькі ў сітуацыях, калі дзяржава альбо не хоча, альбо не можа змусіць такіх людзей да адказнасці».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».