24 красавiка 2024, Серада, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўніца «Нафтана» ў страйку: Людзі даведзеныя да крайняй мяжы

7
Працаўніца «Нафтана» ў страйку: Людзі даведзеныя да крайняй мяжы

Найлепшае выйсце – гэта менавіта страйк.

У чацвер, 3 снежня, у кіраўніцы аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў ААТ «Нафтан» і актывісткі Вольгі Брыцікавай быў апошні працоўны дзень. Напярэдадні яе звольнілі, папярэдне пазбавіўшы доступу да дзяржаўнай таямніцы. Пасля гэтага на прадпрыемстве некалькі супрацоўнікаў сышлі ў страйк. На думку Вольгі Брыцікавай, гэта збольшага можа быць звязанае з яе звальненнем, але асноўная прычына – узмацненне ціску з боку кіраўніцтва. «Чалавек, які мае грамадзянскую пазіцыю і быў прафесіяналам да жніўня, і цяпер застаецца прафесіяналам, проста да яго змянілася стаўленне. Думаю, што гэта і правакуе сыход у страйк», – мяркуе яна.

Сама пра сябе Вольга кажа, што «нейкіх яркіх зменаў у жыцці за адзін дзень пакуль не адбылося», піша tut.by.

– У першую чаргу трэба ўсвядоміць, што можна зрабіць са звальненнем, якое, як мы мяркуем, не было аформленае належным чынам. Я думаю, нейкі час мы на гэта выдаткуем, – кажа Вольга. – Разбірацца з гэтым пытаннем я буду пры дапамозе незалежнага прафзвязу, таму што гэта той прафзвяз, які абараняе. І яшчэ планую, як і раней, заставацца на сувязі і дапамагаць працаўнікам, якія цяпер сутыкаюцца з ціскам з боку кіраўніцтва. Думаю, усё гэта пакуль будзе займаць увесь мой час і сілы.

Пра пошук новай працы Вольга пакуль не думала, як і пра тое, каб з'ехаць за мяжу.

– Адназначна хачу сказаць, што я не збіралася і не збіраюся з'язджаць. Гэта можа стаць толькі нейкім вымушаным захадам, і сёння я гэты захад не разглядаю. Беларусь – мая радзіма, і я хачу жыць і працаваць тут. І я веру, што гэта магчыма, – тлумачыць Вольга.

Звальненне Вольгі Брыцікавай – не адзіная падзея на прадпрыемстве за апошнія дні. Так, паводле звестак тэлеграм-канала «Страйк Нафтана», 3 і 4 снежня пра сыход у страйк абвясцілі некалькі дасведчаных працаўнікоў прадпрыемства: слесар аварыйных аднаўленчых працаў Мікалай Зелянкевіч (7 гадоў стажу), юрысконсульт Аляксандр Капшуль (20 гадоў стажу), аператар тэхналагічных установак Сяргей Скіба (17 гадоў стажу), аператар тэхналагічных установак Алег Кунцэвіч (17 гадоў стажу). Таксама ў страйк сышлі апаратчык завода «Палімір» Андрэй Шкірэнка (30 гадоў стажу) і супрацоўніца ААТ «Полацк Шкловалакно» Людміла Каляда (10 гадоў стажу).

Вольга мяркуе, што яе звальненне таксама магло ўзмацніць страйкавую актыўнасць, але ў першую чаргу, на яе думку, гэта было выклікана тым, што «выйсця няма, а ціск узмацняецца, таму ўзмацняюцца і такія настроі».

– Сёння сапраўды быў усплёск сыходаў у страйк спецыялістаў рознага ўзроўню. Выдатны юрысконсульт, аператары – гэта людзі з вялізным досведам і стажам працы, з высокай кваліфікацыяй, – кажа Вольга. – Наваполацк – невялікі горад, «Нафтан» – горадаўтваральнае прадпрыемства, у многіх сем'ях некалькі пакаленняў працавалі на «Нафтане». Так і ў маёй сям'і, і ў маіх калегаў. Тое, што з намі адбываецца цяпер, як з намі размаўляюць непасрэдныя кіраўнікі і кіраўнікі больш высокага рангу, – гэты ціск зыходзіць ад людзей, з якімі ты працаваў і знаходзіўся побач доўгі час. Да жніўня 2020 года не было праблемаў, а цяпер за грамадзянскую пазіцыю пачынаюцца нейкія разборкі на прафесійным узроўні. Трэба нейкім чынам падзяляць гэтыя рэчы.

Чалавек, які мае грамадзянскую пазіцыю і быў прафесіяналам да жніўня, і цяпер застаецца прафесіяналам, проста да яго змянілася стаўленне. Думаю, што гэта і правакуе сыход у страйк. Страйк – гэта акт грамадзянскага непадпарадкавання. Людзі даведзеныя да нейкай крайняй мяжы, і адно з выйсцяў, а часам і адзінае выйсце – гэта менавіта страйк. Так што мы ўсе будзем прадаўжаць рух наперад.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках