29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Для мяне жыццё проста падзялілася на да і пасля выбараў»

1
«Для мяне жыццё проста падзялілася на да і пасля выбараў»
Фото: «Наша Ніва»

Гісторыя дызайнеркі Ксеніі Раманавай, якая выпусцілі калекцыю «Перамен».

«Не думала, што буду ў турме», — прызнаецца nina.nn.by дызайнерка Ксенія Раманава. Вясной яна вярнулася з Лондана, дзе павышала кваліфікацыю ў каледжы мастацтва і дызайну Сэнт-Марцінс (адтуль выйшлі такія зоркі як Аляксандр Макуін і Джон Гальяна). У жніўні шыла дабрачынныя футболкі, каб сабраць грошы пацярпелым на пратэстах. А ў кастрычніку сама на 20 сутак аказалася за кратамі. Спачатку сядзела на Акрэсціна, пасля ў Баранавічах. Ніжэй яе расповед — пра затрыманне, як у кіно, зубрэнне італьянскай мовы на нарах і шчырае неразуменне гэтай сістэмы.

«Для мяне жыццё проста падзялілася на да і пасля выбараў»

Ці застаецца мода па-за палітыкай, залежыць ад людзей, якія ствараюць гэту моду. У гісторыі ёсць шмат розных прэцэдэнтаў. Напрыклад, Hugo Boss дагэтуль многія прыгадваюць, што брэнд распрацоўваў ваенную форму для фашысцкай Германіі. Таму рашэнне за дызайнерамі — ці быць убаку, ці прымаць актыўны ўдзел.

Для мяне жыццё проста падзялілася на да і пасля выбараў. У студыі мы ўсе былі ў шоку ад зверстваў сілавікоў. Як людзі адчувальныя, творчыя, мы ўбіраем кантэкст. Мы зразумелі, што было б крута неяк дапамагчы пацярпелым, і вырашылі запусціць дабрачынныя футболкі «Вrave hearts».

Вельмі хутка іх зрабілі, з вышыўкай дапамаглі партнёры. Наша праца была абсалютна бясплатнай, усё ішло ў фонды. Быў такі попыт, што мы проста не давалі рады, працавалі на знос, прыцягвалі валанцёраў.

У верасні выпусцілі калекцыю «Перамен». Яна прысвечана яркім момантам ці героям, гэта наша перасэнсаванне сітуацыі. Але мы рабілі ўпор на пазітыў — вы не знойдзеце там мадэляў з негатыўнай афарбоўкай. Вакол і так шмат болю, пакут, нянавісці, таму мы ад гэтага сыходзілі.

«Брыдка, што табе ў твар усміхаюцца, а пасля пратакольчыкі штампуюць»

Мяне затрымалі ў нядзелю 25 кастрычніка на Арлоўскай. Гэта выглядала як у кіно. Я села ў таксі — і насустрач выязджае калона аўтазакаў, бусаў, бягуць амапаўцы, «аліўкі» з аўтаматамі, агібаюць машыну. Рэальна мацнейшы блакбастэр! Усіх, хто быў у таксі, папрасілі выйсці і правялі ў аўтазак.

У мяне няма знаёмых сілавікоў. Мне здавалася, што людзі, якія чыняць гэта пекла, зусім неадэкватныя. Але калі мяне прывялі ў РУУС, я пачала гутарыць з супрацоўнікамі — яны маладыя хлопцы, сімпатычныя. Хіхікалі, жартавалі. Пасля гэтага ў мяне было поўнае неразуменне сітуацыі. Чым яны кіруюцца — яны ж быццам нармальныя людзі?

І гэта максімальна брыдка, што табе ў твар усміхаюцца, а пасля пратакольчыкі штампуюць.

Фото: «Наша Ніва»

У РУУС шмат збітых хлопцаў было. Адзін на падлозе ляжаў — чаравікі ў розныя бакі разляцеліся, міліцыянты пераступалі праз яго. А ты ніяк дапамагчы не можаш.

Калі я ў турме сядзела, чытала Рэмарка, і там у яго была падобная думка пра фашыстаў: здавалася, яны павінны быць псіхамі, а насамрэч гэта тыя ж людзі, якія ўчора былі бухгалтарамі і старанна выконвалі свае працоўныя абавязкі, пераправяралі паперы, а на заўтра з гэткай жа дакладнасцю сталі забіваць людзей.

Самым цяжкім выпрабаваннем для мяне быў суд. Разуменне таго, што ты невінаваты, а табе могуць прыпаяць усё, што захочуць. Адчуванне поўнай немагчымасці паўплываць на сітуацыю, апраўдаць сябе, даказаць відавочнае. Гэта з аднаго боку. А з другога — абурэнне: як гэтыя людзі маюць смеласць так судзіць, яны ж бралі на сябе абавязкі сумленна расследаваць справы?

Фото: «Наша Ніва»

Мне прад’явілі непадпарадкаванне, хаця мяне нават не вялі пад ручку. У пратаколе напісалі, што я ўпіралася нагамі-рукамі, хапалася за міліцэйскую форму. За гэта на судзе далі 10 сутак. Яшчэ 15 — за сам удзел у акцыі. У выніку 25, але па нейкіх іх падліках 5 сутак скасавалі. Пакуль сядзела, я не ведала ніводнай дзяўчыны, якой далі б столькі ж за першы раз.

«Перад выхадам намалявала стрэлкі шарыкавай асадкай»

У самім ізалятары не было цяжка. Ты разумееш: окей, ёсць пэўны тэрмін, трэба адседзець, — і арганізм ужо працуе на тое, каб зрабіць час знаходжання ў турме максімальна лайтовым і карысным. Гэтаму вельмі спрыяюць людзі, якія побач. Як правіла, гэта самыя лепшыя людзі краіны. Добрае месца для нэтворкінгу, калі ўлічваць што аднаму з дырэктароў Epam далі тэрмін. Я б вось вельмі хацела правесці ў закрытым памяшканні 15 сутак з дырэктарам Epam.

Думаю, супрацоўнікі турмы ў захапленні ад таго, што сядзіць столькі дзяўчат. Яны ж прывыклі працаваць са спецкантынгетам, а тут усе жанчыны прыгожыя, дагледжаныя. Не ў захапленні яны толькі, што працы прываліла.

Я люблю адукацыю, сама выкладаю курсы па дызайне. У камеры ў нас былі ўрокі спеву (дзяўчына, якая ў філармоніі працуе, вучыла правільна пець «Пагоню»), ангельскай мовы, мы займаліся фэйсфітнэсам, спортам, чыталі шмат кніг, гулялі ў мафію.

Самы круты вопыт — тое, што я сядзела з Наталляй Дулінай, найлепшай выкладчыцай італьянскай мовы ў краіне. Я з нуля вучыла мову. Зубрыла на нарах канспект, бо разумела: са мной дацэнт займаецца, я ж не магу несур’ёзна паставіцца да пытання! Ты выціскаеш усё, што можаш, з гэтай сітуацыі.

На трэці дзень не сніліся вустрыцы з шампанскім (усміхаецца). Калі сур'ёзна, то мне пашанцавала, што я ем мяса і рыбу. Я люблю, каб стравы выглядалі эстэтычна прыгожа, але я ж разумела, што я ў турме. Калі прыходжу ў рэстаран, у мяне ёсць нейкія чаканні, калі гатую дома — таксама. Тое ж самае тут — для турмы было супер, ніякіх прэтэнзій (смяецца). Асабліва ў дзень передач. Дзяўчына, калі вызвалялася, жартавала: блін, не хачу сыходзіць, у мяне галяк у халадзільніку, а тут кілбасы, арэхі.

Умовы вельмі моцна залежаць ад камеры. Я ў Баранавічах была ў трох, і ў кожнай сваё стаўленне, свая атмасфера. Такое адчуванне, што ў трох розных турмах пасядзела. У першых двух камерах вадзілі гуляць штодзень, у апошняй — ні разу. Душ быў раз на тыдзень, але нам часам давалі кіпяцільнік і можна было памыць галаву.

Туалет без унітаза, атмасфера жабрацтва… Але ў Баранавічах прыгожая турма, дзверы ў камеры з аркай — там можна здымаць фільмы. Такое адчуванне, што мне спадабалася (смяецца). Мне не спадабалася! Вяртацца я не хачу. Проста гэта ўласцівасць чалавека абстрагавацца ад негатыву і канцэнтравацца на пазітыўных момантах.

Фото: «Наша Ніва»

На выхад я збіралася ў настроі. Спачатку бровы падвяла алоўкам, потым шарыкавай асадкай стала маляваць стрэлкі. Тут заходзіць супрацоўнік: усё, пара. А ў мяне другая стрэлка недамаляваная. Кажу: пачакайце, я яшчэ не нафарбавалася! Гэта была субота.

Я думала: так, надзяваю самыя высокія абцасы, міні-спадніцу — і на тэхна-паці. Мяне сустракаюць сябры, бацькі, мы едзем дадому. І тут яны расказваюць, што забілі Рамана Бандарэнку. Мяне гэта выбіла з каляіны, увесь настрой сышоў на нішто.

«Шмат хто казаў, што сядаў у дэпрэсіі, а выходзіў без»

На гэтым мая гісторыя не скончылася. Пасля да мяне па крымінальнай справе прыйшлі з вобшукам. Гэта псіхалагічна падрывае, бо дома ты звычайна адчуваеш сябе ў бяспецы — гэта на вуліцу баішся выйсці. А калі пачынаюць прыходзіць у кватэру, гэта вельмі моцна цісне.

Не ведаю, як мяне змянілі гэтыя 20 сутак, патрэбны час, каб усё усвядоміць. Але калі я выйшла, расказвала, што сядзець не страшна — страшна жыць у гэтай краіне. У турме ў цябе інфармацыйны дэтокс. І там шмат хто казаў, што сядаў у дэпрэсіі, а выходзіў без. А як ты можаш быць не ў дэпрэсіі, калі кожны дзень чытаеш навіны і там сапраўднае пекла?

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках