23 красавiка 2024, aўторак, 21:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Адбываецца барацьба паміж дабром і злом

7
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Адбываецца барацьба паміж дабром і злом
Фото: tut.by

Старшыня Каталіцкага касцёла прысвяціў Беларусь Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Зварот Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча апублікаваў сайт catholic.by:

- Глыбокапаважаныя Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры.

У сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама з працягам вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, я звяртаюся да вас з просьбай 8 снежня 2020 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ва ўсіх касцёлах і капліцах пасля кожнай святой Імшы прачытаць Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

З даўніх часоў вядомы пабожны выраз: Ad Іesum per Mariam — «Да Езуса праз Марыю». З верай у дапамогу Марыі звернемся да Яе, каб Яна выпрасіла ў свайго Сына, Міласэрнага Езуса, для ўсіх нас і для нашай Бацькаўшчыны ласку спынення пандэміі каранавірусу і мірнага жыцця.

З благаслаўленнем,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск – Сакулка, 5 снежня 2020 г.

Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі перад абліччам пандэміі каранавірусу і складанай грамадска-палітычнай сітуацыі

8 снежня 2020 г.

О Найсвяцейшая Тройца: Бог Айцец, які даў Марыі гонар быць найбольш годнай сярод сваіх дачок; Бог Сын, які даў Ёй ласку быць Ягонай Маці; Бог Дух Святы, які абраў Яе сваёю Нявестай, мы верым у Цябе, пакланяемся Табе, давяраем Табе, любім Цябе і спадзяемся на Тваю дапамогу!

О Марыя, падчас пандэміі каранавірусу і вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу, молячы Цябе аб заступніцтве, мы прысвячаем і даручаем саміх сябе і нашу Айчыну Твайму Беззаганнаму Сэрцу.

Будзь нам клапатліваю Маці і нястомнаю Заступніцай у гэты час вялікіх і небяспечных выклікаў: пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі і неаслабнай напружанасці ў нашым грамдстве. Натхні нас, каб мы верна і ахвярна служылі Табе, Твайму Сыну, Ягонаму Касцёлу і бліжнім, любячы адзін аднаго і ўзаемна прабачаючы. Наша наймілейшая і чулая Маці, Ты разумееш усе складанасці і надзеі нашага жыцця, асабліва ў барацьбе паміж дабром і злом: пачуй жа нашыя пакорныя просьбы аб дапамозе падчас гэтых новых выпрабаванняў і сваёю Матчынаю любоўю атулі нас, занепакоеных сваім прамінальным і вечным лёсам.

Праз Цябе, о Беззаганная Багародзіца, да падножжа алтара Міласэрнага і Усемагутнага Бога ўзносім нашую ўдзячнасць за шчодрасць ласкаў, якімі Ён адорвае нас, нашае пакаянне за грахі народа і нашую ахвяру, а таксама просьбу аб вызваленні ад эпідэміі каранавірусу і хутчэйшым ды мірным завяршэнні грамадска-палітычнага крызісу.

Апякунка Беларусі, Тваёй абароне аддаемся…

Прымі нашае Табе прысвячэнне. Будзь з намі на шляхах веры, надзеі і любові. Не пакідай нас у гэты час новых выпрабаванняў. Няхай Усемагутны і Міласэрны Бог праз Тваё заступніцтва дапамагае нам і нашай шматпакутнай Бацькаўшчыне. Няхай благаславіць усіх, хто мужна і ахвярна клапоціцца аб шчаслівай яе будучыні. Няхай адорыць фізічным і духоўным здароўем усіх нас і пакажа шлях да мірнага і цывілізаванага завяршэння грамадска-палітычнага крызісу.

Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках