«Цяпер бюджэту нідзе не стае»
8- 5.12.2020, 19:56
- 32,509

За конкурс калядных вырабаў бацькам прапанавалі заплаціць.
Бацькі з Магілёва расказалі rebenok.by пра сітуацыю, якая іх абурыла. У дзіцячым садку абвясцілі конкурс вырабаў, але за ўдзел у ім трэба заплаціць.
З кожнага дзіцяці - па 5 рублёў, а калі выраб рабілі калектыўна, то 2-3 рублі. «Цікава, куды пойдуць грошы?» - здзіўляюцца бацькі.
Высветлілася, што гаворка ідзе пра конкурс «Навагодняя майстэрня», які праводзіцца ў розных установах адукацыі Магілёўскай вобласці з 9 лістапада да 13 снежня. Арганізатарам выступае дзяржаўная ўстанова «Палац культуры вобласці».
У правілах конкурсу адзначана, што аплату трэба зрабіць перад падаваннем заяўкі. Фінансаванне ажыццяўляецца за кошт сродкаў, атрыманых ад удзельнікаў - і гэта адказ на галоўнае бацькоўскае пытанне. Конкурс мае акупіць сам сябе, гэта значыць, дзяржава на такую дзейнасць грошы не дае.

Журналісты наважылі даведацца ў арганізатараў, ці заўсёды за конкурсы калядных вырабаў трэба было плаціць або гэта штосьці новае?
- Не, гэта не навіна: практычна ўсе конкурсы цяпер праводзяцца ў палацы за плату.
- Няўжо бюджэтныя сродкі на конкурс вырабаў не прадугледжаныя? - пытаем.
- Цяпер наогул бюджэту нідзе не стае ні на што. Гэты конкурс ідзе ў нас платна. Тут такія ўмовы. Удзел у некаторых конкурсах наогул 15-25 рублёў. Усё пастаўленае, скажам так, на самазабеспячэнне. Але гэта ахвотна: хочаце - удзельнічайце, хочаце - не.
Аб нястачы бюджэтных сродкаў апошнім часам часта гавораць у школах і садках. Бацькі паведамляюць, што іх просяць паўдзельнічаць у зборы на бескантактавыя тэрмомэтры. Нягледзячы на эпідэмію, грошы на гэтыя мэты дзяржава не выдае. Па-ранейшаму актуальная праблема браку мыйных сродкаў, туалетнай паперы, мыла ды іншых рэчаў першай неабходнасці ў дзіцячых садках.