19 красавiка 2024, Пятніца, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Швэцыі знайшлі ўнікальны скарб эпохі вікінгаў

У Швэцыі знайшлі ўнікальны скарб эпохі вікінгаў

Знаходкі археолагаў перасягнулі ўсе чаканні.

Унікальны скарб са срэбных караляў, бранзалетаў і манет быў знойдзены падчас раскопак у Вігбюгольме ў муніцыпалітэце Табі каля Стакгольма, піша «Новое время».

Археолагам было вядома, што на гэтым месцы была вёска вікінгаў, але знаходкі перасягнулі ўсе чаканні, прызнаюцца навукоўцы.

У 2019 года ў Табі былі выяўленыя сляды дагістарычнай фермы векам больш за тысячу гадоў. Летам і восенню гэтага года археолагі працягнулі даследаванні гэтага раёна і выявілі рэшткі амаль дваццаці дамоў, у тым ліку так званых «доўгіх дамоў», датаваных познім жалезным векам і раннім сярэднявеччам. Мяркуецца, што ў гэтым абшары жылі некалькі сотняў гадоў.

Скарб быў закапаны пад драўлянай падлогай у будынку. Манеты былі змешчаныя ў мяшочак з лёну, які разам з упрыгажэннямі быў змешчаны ў невялікі керамічны гаршчок.

«Агулам было восем высакаякасных шыйных кольцаў, якія незвычайна добра захаваліся, нягледзячы на тое, што яны былі вырабленыя амаль тысячу гадоў таму», - расказала археолаг Марыя Лінгстрэм.

Акрамя шыйных кольцаў, у керамічным гаршку былі выяўленыя два нарукаўныя кольцы, адзін пярсцёнак, дзве перліны і 12 манетных падвесак (манет, якія выкарыстоўваюцца ў якасці упрыгажэнняў). Чаму жыхары наважылі схаваць некаторыя з сваіх самых каштоўных рэчаў і закапаць іх у зямлю, на гэты момант няясна, але існуе некалькі тэорый.

«Распаўсюджанае тлумачэнне, што людзі хавалі свае скарбы ў цяжкія і неспакойныя часы. Нам яшчэ трэба будзе высветліць, ці так гэта ў тым выпадку», - кажа археолаг Джон Гамільтан.

Манеты з'яўляюцца выдатным прыкладам шырокіх сувязяў і росквіту гандлю ў Скандынавіі эпохі вікінгаў. Некаторыя манеты еўрапейскага паходжання прадстаўлялі такія краіны, як Англія, Багемія і Баварыя. Акрамя таго, скарб складаўся з пяці арабскіх манет, так званых дырхамаў.

Адна з еўрапейскіх манет надзвычай рэдкая і выбітая ў горадзе Руане, у Нармандыі, Францыя. Яна датуецца прыкладна 10 стагоддзем нашай эры. Са слоў прафесара Енса Крысціяна Мосгаарда з Стакгольмскага ўніверсітэта, гэты тып манеты раней ідэнтыфікаваўся толькі паводле малюнкаў у кнізе 18-га стагоддзя.

Археолагі таксама знайшлі ў гэтай мясціне іншыя рэчы, такія як стрэлы і прыгожыя кольцы-амулеты. Але адкрыццё срэбнага скарбу было «крыху нечаканым».

«Гэта тое, што вы, напэўна, адчуваеце толькі раз у жыцці», - кажа Марыя Лінгстрэм.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках